механізм перадачы вярчальнага руху ад аднаго вала другому з дапамогай зубчастых колаў (або зубчастага кола і рэйкі, чарвяка). Выкарыстоўваюцца як асобныя агрэгаты (рэдуктары, каробкі перадач, дыферэнцыялы і інш.) і як часткі машын і механізмаў.
Адрозніваюць З.п.: з паралельнымі восямі (цыліндрычныя прамазубыя, касазубыя і шаўронныя), з перасякальнымі восямі (канічныя з прамымі, касымі і кругавымі зубамі), з перакрыжаванымі восямі (вінтавыя і гіпоідныя перадачы). З.п. з гнуткім зубчастым колам наз.хвалевай перадачай. З.п. бываюць унутранага і вонкавага счаплення; планетарныя перадачы і радавыя; адкрытыя, паўадкрытыя і закрытыя; адна- і шматступеньчатыя. Вызначаюцца высокім ккдз (0,97—0,99 у аднаступеньчатых), даўгавечнасцю і надзейнасцю. Перадатачны лік звычайна 2—4, часам 8—10 і больш. Гл. таксама Чарвячная перадача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДЫШ,
адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл.Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводле фанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб.стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.
Літ.:
Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Н (Citrullus),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.
К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ХСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчакская група). Дзярж. мова Казахстана. Пашырана таксама на сумежных тэрыторыях Кітая, Манголіі, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Дыялектнае чляненне невыразнае. У фанетыцы — сінгарманізм слова; 9 галосных. У граматыцы побач з агульнацюркскай асновай прадстаўлены спецыфічны дзеяслоўны афікс -атын(-етін-), шырока выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікавыя канструкцыі. У лексіцы нешматлікія араба-іранскія і манг. запазычанні, рус. запазычанні, 19—20 ст. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 19 ст.Літ. мова сфарміравалася на аснове агульнанар. у 19 ст. Пісьменства спачатку на аснове араб. графікі, з 1930 — на лац., з 1940 — на рускай.
Літ.:
Современный казахский язык. Ч. 1. Лексика. Алма-Ата, 1959;
Современный казахский язык: Фонетика и морфология. Алма-Ата, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЯМЯ́ТКА (Nepeta),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. каціная, або каціная мята (N. cataria, нар. назвы лясная крапіва, меліса). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на пустках. 6 відаў інтрадукаваныя ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі: К. Мусіна (N. mussinii), буйнакветная (N. grandiflora), ножкакалосая (N. podostachys), сібірская (N. sibirica), венгерская (N. pannonica), маньчжурская (N. manchuriensis).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з галінастым, апушаным сцяблом выш. да 100 см, з моцным своеасаблівым пахам, які прываблівае кошак (адсюль назва). Лісце суцэльнае, зубчастае. Кветкі ў коласа-, гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Вяночак двухгубы. Плод — 4-арэшак. Эфіраалейныя, прыпраўныя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРГІ́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў. Мова кіргізаў, дзярж. мова Кыргызстана. Пашырана таксама на сумежных тэр. Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана, Кітая, у Манголіі, Афганістане, Пакістане. У Кыргызстане вылучаюць паўн. і паўд. групы дыялектаў. У фанетыцы 8 пар кароткіх і доўгіх галосных, сярод іх пярэднія губныя «ö» і «ü»; 21 зычная фанема, у т. л. «дж», «нг»; паслядоўны сінгарманізм складу і слова. Марфалогія паслядоўна аглюцінатыўная. У лексіцы на агульнацюрк. аснове з 15—18 ст.араб. і іранскія, з 19 ст.рус. запазычанні. Літ. мова склалася ў пач. 20 ст.; пісьменства спачатку на аснове араб. алфавіта, з 1928 — лац., з 1940 — рус. графікі.
Літ.:
Грамматика киргизского литературного языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Фрунзе, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭНА́ІКА,
гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс.км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн.грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕШЧАВІ́НА (Ricinus),
род кветкавых раслін сям. малачайных. 1 від — К. звычайная (R. communis). Пашырана ў тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. На Беларусі інтрадукавана.
На радзіме К. — кусты або дрэвы выш. да 10 м, у культуры — адна- ці двухгадовыя расліны выш. да 4 м. Сцябло прамое, галінастае, пустое ў сярэдзіне. Лісце буйное, пальчатараздзельнае. Кветкі аднаполыя, у гронкападобных суквеццях, сядзяць групамі па восі суквецця: у верхняй ч. жаночыя, у ніжняй — мужчынскія. Плод 3-гнездавая каробачка. Насенне — цвёрдае, бліскучае, стракатае, мае ў сабе ядавітыя рэчывы (глікапратэін рыцын і алкалоід рыцынін) і да 60% алею, які выкарыстоўваецца ў прам-сці і медыцыне (т.зв. касторавы). Інсектыцыдныя, дэкар., кармавыя і тэхн. расліны.