КЛІМКО́ВІЧ (Святлана Міхайлаўна) (н. 26.8.1935, Мінск),

бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.​Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.

Тв.:

Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;

Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦЫ,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля Клясціцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог г. Полацк—в. Юхавічы і г.п. Расоны — в. Каханавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г.п. Расоны, 150 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Боркавічы 987 ж., 400 двароў (1998). Аб’яднанне «Райсельгасхімія», ГЭС, дрэваапр. ўчастак, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік у гонар перамогі рас. войск у Клясціцкіх баях 1812.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНА́КФУС (Knakfusas, Knackfuss) Марцін (каля 1740, г. Вулька Мазавецкага ваяв., Польшча — каля 1821), літоўскі архітэктар. Выкладаў у Віленскім ун-це (1773—75). З 1777 праф. архітэктуры Віленскай акадэміі (з 1781 Гал. школа ВКЛ). Удзельнік паўстання 1794. Паводле яго праектаў пабудаваны ўсх. і зах. ч. Вяркяйскага палаца (цяпер у межах Вільнюса; пачаты ў 1780), паўд. прыбудова абсерваторыі Віленскага ун-та (1782—88), касцёл у Куртувенай (Шаўляйскі р-н; 1783—92). У Вільні рэканструяваў палацы Лапацінскіх, Тызенгаўзаў і інш. (усе канца 18 ст.), Зялёны мост цераз р. Нярыс (1791). У сааўтарстве будаваў палац у Паэжараі (Вілкавішкскі р-н; 1796—99).

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР ((Cramer) Іаган Баптыст) (24.2. 1771, г. Мангейм, Германія — 16.4. 1858),

нямецкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.), К.​Ф.​Абеля (кампазіцыя). Жыў пераважна ў Лондане. З 1788 выступаў як піяніст у краінах Еўропы. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага філарманічнага т-ва (1813), выд-ва «Крамер і К°» (1824, разам з Р.​Адысанам і Т.​Білам). Яго выканальніцкая манера паўплывала на фарміраванне фп. стылю пач. 19 ст. Аўтар 9 канцэртаў для фп. з аркестрам, камерна-інстр. ансамбляў; фп. п’ес, у т. л. больш за 100 санат, эцюдаў, якія маюць пед. каштоўнасць («Вялікая практычная фартэпіянная школа», 1815).

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОХУА́ (кіт.нац. жывапіс),

традыцыйная школа кіт. жывапісу вадзянымі фарбамі на шаўковых і каляровых скрутках. Тэрмін «гохуа» адрадзіўся ў пач. 20 ст. з аднаўленнем традыцый нац. жывапісу (існаваў з 3—2 ст. да н.э.), які меў тэхн. і жанравыя своеасаблівасці, спецыфічны метад адлюстравання прадмета пры дапамозе ліній і плям на нейтральным фоне, што надавала адчуванне бязмежнай прасторы. Спосабам гохуа малявалі кветкі, расліны, жывёл; у 1940—50-я г. яго сюжэты сталі больш разнастайныя, з’явіліся лірычныя і жанравыя кампазіцыі на сучасныя тэмы. Найб. вядомыя мастакі Цы Байшы і Сюй Бэйхун.

Да арт. Гохуа. Лі Кэжань. Хлопчык на буйвале.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАКІ́НІ (Васіль Ігнатавіч) (1805, Масква — 30.1.1874),

расійскі акцёр. Сын італьянца і прыгоннай бел. балерыны П.​Азарэвіч (гл. ў арт. Азарэвічы). Родапачынальнік сям’і рус. акцёраў Жывакіні. З 1825 у Малым т-ры (Масква). Вызначыўся як комік-буф у вадэвілях. Спалучаў прастату, натуральнасць выканання з яркай гратэскавасцю. буфанадай, імправізацыяй (часта сатырычнай). Лепшыя ролі: Жавіяль, Сінічкін («Страпчы пад сталом», «Леў Гурыч Сінічкін» Дз.​Ленскага), Мардашоў («Аз і Ферт» П.​Фёдарава). Выкарыстоўваў вадэвільныя прыёмы ў класічнай камедыі: Арган («Школа жонак» Мальера), Груміо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Падкалесін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на зах. беразе вадасх. Пагост. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Пінск, 210 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Парахонск. 1063 ж., 412 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Свята-Успенская царква, капліца, малітоўныя дамы хрысціян веры евангельскай і абшчыны адвентыстаў сёмага дня. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту (9—5-е тыс. да н.э.) і неаліту (3-е тыс. да н.э.).

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ПЕ́СКІ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўн.-зах. беразе воз. Чорнае. Цэнтр Пескаўскага с/с і саўгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Бяроза, 120 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Белаазерск. 1028 ж., 335 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і сав. актывістаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар Бярозаўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ і партызан. Помнікі архітэктуры: Троіцкая царква (1827), сядзіба (2-я пал. 18—1 пал. 19 ст.).

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЧА́НЫ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Валожын; чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Ліда. Цэнтр сельсавета і калект. гаспадаркі добраахвотнага аб’яднання сялян «Палачаны». За 15 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 88 км ад Мінска. 1047 ж., 424 двары (2000). Асфальтабетонны з-д, акц. т-ва Маладзечна-лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік камсамольцам. Помнікі архітэктуры — царква Раства Прасвятой Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.), касцёл Роха (канец 18 ст.). За 1,5 км на Пн ад вёскі гіст. помнік — каменны крыж.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ЖАНО́ЧЫЯ ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы. 1-е і 2-е пераўтвораны ў 1906 з 3-класных, 3-е — у 1909 з 2-класнага прыходскага вучылішча з рукадзельным аддзяленнем. Утрымліваліся за кошт казны і дапамогі земства. Вучэбная праграма была набліжана да курса мужчынскіх настаўніцкіх семінарый. Пры 1-м вучылішчы дзейнічалі нядзельныя жаночыя курсы пад наглядам Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета; пры 3-м вучылішчы ў 1914 працавала жаночая нядзельная школа Мінскага аддз. Рас. т-ва аховы жанчын. 1-е і 2-е вучылішчы закрыты ў 1916. 3-е — у 1918.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)