А́НДЭРСАН ((Anderson) Філіп Варэн) (н. 13.12.1923, г. Індыянапаліс, штат Індыяна, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН (1967). Скончыў Гарвардскі ун-т (1943). З 1967 — праф. Кембрыджскага, з 1975 Прынстанскага ун-таў. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, магнетызме, звышправоднасці, квантавай хіміі, ядз. фізіцы. Стварыў тэорыі ферамагнетызму (1950), звышправоднасці (1958), выявіў стацыянарны эфект Джозефсана (1963). Нобелеўская прэмія 1977.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́ХІНА (Таццяна Аляксандраўна) (н. 25.4.1947, С.-Пецярбург),

бел. генетык-селекцыянер. Д-р с.-г. н. (1990). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1970). З 1973 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па генетыцы, селекцыі, насенняводстве і тэхналогіі вырошчвання грэчкі. Аўтар асн. раянаваных на Беларусі сартоў грэчкі: Чарнаплодная, Аніта, Беларуская, Жалейка, Жняярка, Зарэчная, Ілія і інш.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕЛЬ ((Appell) Карл Юльянавіч) (16.12.1857, Парыж — 1930),

польскі і рускі мовазнавец. Выкладаў у гімназіях Варшавы. Працы па вывучэнні слав. моў: «Да славянскага народнага словаўтварэння» (1880), «Нататкі пра старажытнапольскую мову» (1880) і інш. У нарысе «Аб беларускай мове» (1880) разглядаў асн. фанетыка-граматычныя рысы бел. мовы. Паводле агульнамовазнаўчых поглядаў належаў да псіхал. кірунку ў лінгвістыцы.

М.​Г.​Булахаў.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКА́РЫЯ ((Beccaria) Чэзарэ) (15.3.1738, Мілан — 28.11.1794),

італьянскі асветнік, юрыст і публіцыст. Навучаўся ў езуіцкай калегіі. Д-р права. У галіне крымін. права праводзіў ідэі франц. асветнікаў. У працы «Пра злачынствы і пакаранні» (1764) упершыню даў крытычны аналіз сучаснага яму крымін. заканадаўства і яго выкарыстання на практыцы. Вял. значэнне мелі яго ідэі пра адпаведнасць пакарання ўчыненаму злачынству.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЗБО́РНІК»,

навуковы часопіс. Выдаваўся ў 1955—60 у Мюнхене (Германія) Ін-там вывучэння СССР. Друкаваўся на рататары. Выходзіў на бел., з № 2 (1955) паралельна на англ. («Belorussian Review») мовах. Друкаваў працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, агляды час. «Камуніст Беларусі» і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЫХО́ЎСКІ (Уладзімір Мартынавіч) (8.7.1876, Жытомір, Украіна — 13.6.1931),

батанік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). Праф. Данскога політэхн. ін-та (1907—22). З 1922 у Лясным НДІ драўніны ў Маскве. Навук. працы па стэрылізоўным дзеянні ядаў на насенне, экалогіі пустынных раслін, марфалогіі і біялогіі ніжэйшых арганізмаў, пігментах, пошуку хларафілу на інш. планетах, заснавальнік фізіялогіі драўнінных парод. Распрацаваў метад аэрапонікі (1910).

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖКО́ (Аляксандра Паўлаўна) (н. 10.6.1934, г. Грозны),

бел. фізіёлаг. Д-р біял. н. (1980), праф. (1983). Скончыла Ленінградскі ун-т (1957). З 1957 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы прысвечаны механізмам адаптацыі сэрца на працяглую нагрузку і пры экстрэмальных уздзеяннях, ролі тырэоідных гармонаў у павелічэнні ўстойлівасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і арганізма на экстрэмальныя ўздзеянні.

А.Бажко.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКУ́Н (Міхаіл Аляксеевіч) (н. 20.3.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне электрасувязі. Канд. тэхн. н. (1982). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1972), дзе і працаваў. З 1993 рэктар Вышэйшага каледжа сувязі. Навук. працы па тэорыі кіравання ў тэхніцы звышвысокіх ваганняў, сістэмах і сетках электрасувязі, лічбавых сістэмах камутацыі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Цифровые автоматические телефонные станции. Мн., 1990.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСМА́НАЎ (Іван Антонавіч) (26.10.1917, пас. Амутнінск Удмурцкай Рэспублікі — 5.7.1974),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957). З 1946 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1963 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Асн. працы па пытаннях бухгалтарскага ўліку, калькулявання і сабекошту прамысл. прадукцыі, эканомікі машынабудавання, эканам. аналізу.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Леанід Іванавіч) (н. 18.2.1923, Мінск),

бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н., праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1949), працуе ў ім. Навук. працы па ультрагукавой тэрапіі хвароб скуры.

Тв.:

Ультразвук при лечении кожных болезней. Мн., 1967;

Ультразвук и реактивность организма. Мн., 1977 (разам з А.​А.​Чыркіным, У.​С.​Улашчыкам).

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)