1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый у духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш.Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.
2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПРА, праказа,
хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв.сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́НЧА СУД»,
у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал.ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г.Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.Бэрча і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПА (франц. loupe),
сістэма з адной або некалькіх лінзаў з невял. фокуснай адлегласцю (f=0,01÷0,1 м) для разглядвання дробных аб’ектаў, размешчаных на канечнай адлегласці.
Аб’ект размяшчаюць паблізу пярэдняга фокуса Л. (паміж фокусам і Л.) так, каб яго прамы ўяўны відарыс знаходзіўся на адлегласці найлепшага бачання d (для нармальнага вока d = 0,25 м). Пры гэтым павелічэнне Л. вызначаецца формулай Γ = d/x і прымае значэнні ад 2,5 да 25. Вымяральная Л. з размешчанай перад факальнай плоскасцю шкалой выкарыстоўваецца для вызначэння лінейных памераў (адлегласцей паміж блізкімі пунктамі, шырыні і вышыні літар, таўшчыні асобных ліній і інш.). Гл. таксама Відарыс аптычны.
Утварэнне аптычнага відарыса ў лупе: F і F′ — фокусы лупы; A — аб’ект; B — уяўны відарыс аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЦЭ́РНА (Medicago),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. У культуры каля 8 тыс. гадоў. На Беларусі 3 дзікарослыя віды. Найб. вядомая Л. хмелепадобная (M. lupulina), расце ў пасевах, на схілах, засмечаных мясцінах. У культуры 2 віды Л.: пасяўная, або сіняя (M. sativa), і жоўтая, або серпападобная (M. falcata).
Адна- і шматгадовыя травы, радзей паўкусты і кусты. Сцёблы галінастыя. Каранёвая сістэма стрыжнёвая. даўж. да 5 м і болей. На каранях знаходзяцца клубеньчыкавыя бактэрыі. Лісце трайчастае з прылісткамі. Кветкі ў гронкападобных або галоўчатых суквеццях. Вяночак матыльковы. Плод — струк. Лек., алейныя, сідэральныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́НЕРГЕЙМА ЛІ́НІЯ»,
сістэмафінл. доўгатэрміновых фартыфікацыйных збудаванняў і загарод на Карэльскім перашыйку ўздоўж граніцы з СССР. Пабудавана ў 1927—39 пры ўдзеле ням., англ., франц. і бельг. спецыялістаў, завершана пад кіраўніцтвам бельг.ген. Баду — удзельніка стварэння «Мажыно лініі». Названа імем К.Г.Э.Манергейма. Агульная працягласць «М.л.» 135 км (ад Фінскага заліва да Ладажскага воз.), глыбіня да 90 км; уключала паласу забеспячэння, гал. паласу абароны, 2-ю і тылавую палосы. Мела больш за 2 тыс. доўгатэрміновых і гранітна-дрэваземляных агнявых збудаванняў. Чырв. Арміі двойчы давялося з баямі і пры значных стратах у жывой сіле і тэхніцы пераадольваць «М.л.» ў час савецка-фінляндскай вайны 1939—40 і ў ходзе Выбаргскай аперацыі 1944. Пасля вайны ўсе збудаванні «Мл.» разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс.км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз.М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКАНТЫЛІ́ЗМ (франц. mercantilisme ад італьян. mercante гандляр, купец),
першая школа паліт. эканоміі; эканам. палітыка т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Выяўлялася ў актыўным умешванні дзяржавы ў гасп. жыццё і праводзілася ў інтарэсах купецтва. Прадстаўнікі ранняга М. (апошняя трэць 15 — сярэдзіна 16 ст.) У.Стафард (Англія), Г.Скаруфі (Італія) прапанавалі тэорыю грашовага балансу, якая абгрунтоўвала палітыку, накіраваную на павелічэнне грашовага багацця заканад. шляхам. Гал. элементам пазней шага М., які дасягнуў росквіту ў 17 ст., была сістэма актыўнага гандл. балансу. Асн. прынцып яго прадстаўнікоў Т.Мена (Англія), А.Сера (Італія), А.Манкрэцьена (Францыя) — купляць танней, прадаваць даражэй. Палітыка М. заключалася ў актыўным пратэкцыянізме, у падтрымцы экспансіі гандл. капіталу, заахвочванні развіцця айч. прам-сці, асабліва мануфактурнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.
Пабудаваны ў 1966 на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. С.Філімонаў, В.Малышаў). Самае вял. ў Беларусі крытае спарт. збудаванне шматмэтавага прызначэння. Амаль квадратны ў плане будынак (82 × 78 м); яго аб’ём 100,5 тыс.м³. Кампазіцыя гал. фасада, арыентаванага на праспект, заснавана на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66 × 64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (макс. пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30 × 61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны макс. 6 тыс. месцаў), 2 спарт. залы (12 × 18 м), адм. і дапаможныя памяшканні. У 1999 каля палаца ўзведзены будынак лядовай пляцоўкі.