ЦЯСА́К,

сякучая і колючая халодная зброя з кароткім (64—72 см) шырокім (прамым або скрыўленым) двухбаковавострым або адналязовым клінком і эфесам (рукаяткай з крыжавінай або дужкай). Насілі яго ў ножнах на плечавым рамяні. У войску ВКЛ быў на ўзбраенні ў жаўнераў пяхоты і артылерыі да канца 18 ст. У рас. арміі з 2-й пал. 18 ст. да сярэдзіны 19 ст. быў на ўзбраенні пяхоты, артылерыі і інж. войск. У некат. сучасных арміях ёсць штыкі ў выглядзе Ц.

Цесакі: а — сапёрны ўзору 1824; б — артылерыйскі ўзору 1834.

т. 17, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧЭ́РСКАЯ РА́ТУША,

помнік архітэктуры класіцызму з элементамі псеўдаготыкі ў г. Чачэрск Гомельскай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст. ў цэнтры горада. Мураваны 2-павярховы квадратны ў плане цэнтрычны будынак, завершаны 5 драўлянымі чацверыковымі вежамі; 4 з іх размешчаны па вуглах асн. аб’ёму і ўвянчаны шпілямі, 5-я (больш высокая і звужаная ўверсе) — пасярэдзіне на масіўным чацверыковым барабане. Аконныя праёмы прамавугольныя, стральчатыя і з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Карніз з фігурнымі кранштэйнамі. Да 2 уваходаў па баках гал. фасада вядуць манум. каменныя лесвіцы. Будынак рэстаўрыруецца (2003).

У.​А.​Чантурыя.

Чачэрская ратуша.

т. 17, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦЯКО́Ў Міхайла Барысавіч (13.1.1809, Жыздрынскі р-н Калужскай вобл., Расія — 6.10.1885),

рускі педагог, пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1828—32); адзін з заснавальнікаў тайнага студэнцкага т-ва. Супрацоўнічаў у час. «Телескоп» і газ. «Молва». Працаваў настаўнікам славеснасці ў пав. вучылішчах Оршы і Полацка, старшым настаўнікам у 2-й Віленскай (1833—34), Магілёўскай (1834), Віцебскай (1835—37) гімназіях. Прыцягваўся да следства па справе Т.Г.Лады-Заблоцкага (1834). Актыўны збіральнік бел. вершаванага і муз. фальклору, карэспандэнт П.​В.​Кірэеўскага. Пісаў для дзяцей («Рускія гістарычныя апавяданні», 1867; «З рускага побыту», 1868, і інш.).

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРХУНЫ́,

самагучальны муз. інструмент. Наз. таксама шаргунцы, шалестуны, шумёлы, бомы, бразготкі. Складаюцца з некалькіх (да 11) бронзавых (у мінулым медных) шарыкаў розных памераў са шротам унутры, з проразямі па баках і крапежным вушкам у верхняй частцы. Пры патрэсванні ўзнікае меладычнае і звонкае гучанне, у старажытнасці выкарыстоўвалі як элемент жан. ўпрыгожання. У вясельным поездзе Ш. на скураным паску чаплялі на шыю коней. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўвалі як састаўны канстр. элемент бубна. Ш. выраблялі звычайна мясц. кавалі. Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Шархуны.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЦЭР (ад ням. Stutzen літар. — абрэз),

1) укарочаная дульназарадная наразная агнястрэльная зброя. Меў павышаную кучнасць і далёкасць стральбы, а з-за цяжкасці зараджання — нізкую скарастрэльнасць. З’явіліся ў 16 ст. ў Германіі, з 1721 на ўзбраенні ў Расіі. У 2-й пал. 19 ст. заменены вінтоўкамі. Ш. наз. таксама некаторыя паляўнічыя наразныя казназарадныя ружжы (гл. таксама Паляўнічая зброя).

2) Кароткі патрубак (адрэзак трубы) з разьбовымі канцамі для злучэння труб паміж сабою, далучэння іх да трубаправодаў, рэзервуараў, апаратаў і інш.

Рускія штуцэры: 1 — кавалерыйскі (узору 1839); 2 — стралковых батальёнаў (узору 1843).

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМЕ́РЫ,

старажытны народ, які насяляў Паўд. Месапатамію ў 4—2-м тыс. Да н.э. (гл. Шумер). Мелі самастойную мову, роднаснасць якой з мовамі інш. груп не ўстаноўлена. У антрапал. адносінах належалі да міжземнаморскай і балкана-каўказскай рас. вял. еўрапеоіднай расы. З сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. пачаўся паступовы працэс выцяснення шумерскай мовы і асіміляцыі Ш. акадцамі, які завяршыўся ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Ш. — стваральнікі клінапісу; шумерская культура паслужыла асновай для развіцця культур пазнейшых цывілізацый Месапатаміі.

Я.​У.​Новікаў.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСДЫВІ́ЗАРСКА-ТАКСА́ТАРСКІ СУД,

часовы суд у Беларусі і Літве ў канцы 16—1-й пал. 19 ст. па падзеле землеўладання неплацежаздольнага даўжніка паміж крэдыторамі прапарцыянальна іх прэтэнзіям. Уведзены Статутам ВКЛ 1588. Выконваўся падкаморым паводле пастановы земскага суда або Трыбунала Вялікага княства Літоўскага адпаведна чарговасці іскаў. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі Э.-т.с. прызначаліся гал. судамі губерняў звычайна ў складзе 3 членаў земскага суда, рэгента і каморніка, а калі справа датычыла значных маёнткаў, то і да 12 членаў. Скасаваны разам са Статутам ВКЛ у 1840.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮШНЕ́ЎСКІ Аляксей Пятровіч (23.3.1786, Падольская губ., Украіна — 22.1.1844),

дзекабрыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1805 служыў у Калегіі замежных спраў. З 1819 ген.-інтэндант 2-й арміі, з 1823 стацкі саветнік. Чл. «Саюза працвітання», адзін з заснавальнікаў «Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў» і член яго дырэкторыі (1822), прадстаўнік радыкальнага крыла дзекабрыстаў, рэспубліканец. Удзельнічаў у напісанні «Рускай праўды» П.​І.​Песцеля. З 1839 на пасяленні, займаўся пед. дзейнасцю.

Літ.:

Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

т. 18, кн. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́РАЎ Міхаіл Аляксеевіч (5.5.1923, в. Бардзіна Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.6.1975),

бел. партызан, Герой Сав. Саюза (1946). У Вял. Айч. вайну з 1941 разведчык і падрыўнік Смаленскага партыз. палка У.​Ф.​Садчыкава, які дзейнічаў у Аршанскім, Багушэўскім, Ветрынскім, Сенненскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Беларусі. У маі — жн. 1943 нач. штаба партыз. атрада 13-й Касцюковіцкай брыгады. З 1944 на 2-м Бел. фронце. У ноч на 1.5.1945 сяржант Я. разам з М.​В.​Кантарыя ўзняў Сцяг Перамогі над рэйхстагам у Берліне. Пасля вайны на гасп. рабоце.

М.А.Ягораў.

т. 18, кн. 1, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СЫ (lasi),

горад на ПнУ Румыніі, на р. Бахлуй. Адм. ц. жудзеца Ясы. Упамінаецца як Яскі торг з 1387, назва Я. з 1408. У 2-й пал. 16 ст. — 1859 сталіца Малдаўскага княства. 333,9 тыс. ж. (1994). Буйны трансп. вузел. Эканам. і культ. цэнтр усх. ч. Румыніі. Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне (цяжкае, радыёэлектроннае, станкабудаванне), хім. (вытв-сць пластмас, сінт. валокнаў, антыбіётыкаў), мэблевая, тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харчовая. Ун-т. Філіял АН. Музеі: маст., этнаграфічны. Тэатры. Цэрквы і манастыры 15—17 ст.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)