ПРО́СТЫ СКАЗ,
сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,
паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. Вадкае Р.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). Цвёрдае Р.п. падзяляюць на балістычнае (гл. Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл. Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.
т. 13, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФМАЎ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім у алфавітным парадку зафіксаваны словы-рыфмы, ужытыя ў творчасці пэўнага паэта або ў нац. паэзіі канкрэтнага перыяду. Да 1917 ў Расіі выйшла некалькі Р.с., якія адлюстроўвалі характар рыфмаў асобных рус. паэтаў, выяўлялі рыфматворныя магчымасці рус. мовы. Аднак гэтыя слоўнікі мелі нарматыўную скіраванасць і скоўвалі развіццё паэзіі. Першы Р.с. ва ўсх. славян пасля 1917 — «Слоўнік украінскіх рыфмаў» А.А.Бурачка і І.І.Гурына (1979). У пэўнай ступені Р.с. нагадваюць адваротныя слоўнікі, дзе лексіка размяшчаецца ў парадку алфавіта з канца слова. Р.с. не можа замяніць наватарскай працы паэта ў падборы неабходных сугучных слоў. Характар і якасць усіх элементаў формы, у т. л. і рыфмы, залежыць ад канкрэтнага зместу паэт. выказвання.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНЫЯ ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
абагульняльны эканам, паказчык узроўню жыцця насельніцтва; састаўная частка нацыянальнага даходу. Вызначае аб’ём тавараў і паслуг, які можа набыць працоўны за кошт сваіх даходаў: заработнай платы, пенсіі, стыпендыі і інш. трансфертных плацяжоў, паступленняў ад продажу прадуктаў сельскай гаспадаркі, даходаў ад уласнасці ў выглядзе працэнтаў па ўкладах, каштоўных паперах, дывідэндаў, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, крэдытаў і інш. Велічыня Р.д.н. залежыць ад грашовых даходаў насельніцтва, бясплатных і льготных паслуг, ад цэн на тавары і паслугі, памеру падаткаў і інш. Вылічваюцца Р.д.н. як каэфіцыент ці ў працэнтах: вызначаюць суадносіны паміж сумай усіх грашовых і натуральных даходаў насельніцтва за вылікам падаткаў, збораў, інш. абавязковых плацяжоў у дзярж. бюджэт, узносаў у розныя арг-цыі і індэксам цэн на тавары і паслугі.
т. 13, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́С у жывой прыродзе,
спрашчэнне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Паводле А.М.Северцава (1925), адрозніваюць Р. біял. і морфафізіялагічны. Біялагічны Р. — эвалюц. заняпад пэўнай групы арганізмаў, якая не здолела прыстасавацца да змен умоў знешняга асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца памяншэннем колькасці асобін у пэўнай сістэм. групе, звужэннем яе арэала і памяншэннем колькасці падначаленых сістэм. груп; можа прывесці да вымірання дадзенай групы. Морфафізіялагічны Р. — агульная дэгенерацыя, або катамарфоз — спрашчэнне арганізацыі ў ходзе эвалюцыі пэўнай групы арганізмаў, якое суправаджаецца стратай шэрагу функцый і органаў, што выконвалі гэтыя функцыі; адзін са шляхоў дасягнення біял. прагрэсу, асабліва калі ён звязаны з развіццём прыстасаванняў да нерухомага, прымацаванага спосабу жыцця (напр., абалоннікі) або да эндапаразітызму (напр., рачок сакуліна). Гл. таксама Катагенез.
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАЭЛА́СТЫК, фераэластык,
дыэлектрычны монакрышталь, асобныя вобласці якога (сегнетаэластычныя дамены), адрозніваюцца спантаннай (самаадвольнай) дэфармацыяй крышталічнай рашоткі. Такая дэфармацыя ўзнікае пры зніжэнні т-ры ў выніку фазавага пераходу з зыходнай (параэластычнай) фазы ў менш сіметрычную сегнетаэластычную фазу.
С. у сегнетаэластычнай фазе з’яўляецца мех. аналагам сегнетаэлектрыкаў і ферамагнетыкаў. крышталь разбіваецца на дамены з аднолькавай арыентацыяй спантаннай дэфармацыі; знешняе мех. напружанне можа зрушаць межы даменаў, пераводзіць крышталь з полідаменнага стану ў монадаменны, пераключаць крышталь з аднаго монадаменнага стану ў другі. Пры гэтым залежнасць дэфармацыі ад знешняга напружання мае выгляд пятлі гістэрззісу. Некат. С. адначасова з’яўляюцца сегнетаэлектрыкамі (напр., сегнетава соль, дыгідрафасфат калію). С. выкарыстоўваюцца пры стварэнні кіроўных ліній затрымкі, акустаэл. і акустааптычных прылад апрацоўкі, мадуляцыі і фільтрацыі сігналаў, а таксама ў розных пераўтваральніках і прыводах.
т. 14, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ ў механіцы,
сукупнасць сістэмы каардынат і сінхранізаваных гадзіннікаў, звязаных з выбраным целам адліку, у адносінах да якога вызначаецца рух або раўнавага матэрыяльнага пункта ці механічнай сістэмы.
Целам адліку можа быць пэўны матэрыяльны аб’ект (напр., пункт зямной паверхні, самалёт, Зямля, Сонца ці цэнтр Галактыкі), характар руху якога вызначае ступень неінерцыяльнасці сістэмы. У якасці гадзінніка (спосабу адліку часу) выбіраюць пэўны перыядычны працэс (ваганні маятніка, рух Зямлі вакол сваёй восі і інш). Спосабы апісання руху цела адносна выбранай С.а. вывучаюцца ў кінематыцы, дзе ўсе С.а. лічацца раўнапраўнымі. Пры рашэнні задач дынамікі перавага аддаецца інерцыяльнай сістэме адліку, адносна якой ураўненні руху маюць больш просты выгляд. Пры неабходнасці ўліку сіл інерцыі (рух цяжкавагавых паяздоў, балістычных ракет і інш.) выкарыстоўваецца неінерцыяльная сістэма адліку.
А.І.Болсун.
т. 14, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ФІЛІС, люэс,
хранічная венерычная хвароба, якая выклікаецца бледнай трэпанемай. Пашкоджвае ўсе органы і тканкі арганізма чалавека, мае шматгадовы хвалепадобны характар цячэння з перыядамі затухання і абвастрэння. Перадаецца пераважна палавым шляхам, бывае бытавы С. і ўнутрывантробны (прыроджаны, які можа развівацца ў любым узросце). Крыніца інфекцыі — хворы на С.
Адрозніваюць інкубацыйны, першасны, другасны і трацічны перыяды хваробы. У першасны перыяд на месцы пранікнення ўзбуджальніка развіваецца першасная язва (цвёрды шанкер), павялічваюцца бліжэйшыя лімфатычныя вузлы. Другасны перыяд найб. кантагіёзны, на скуры і слізістых абалонках хворага пашыраецца разнастайная высыпка (плямістая, вузельчыкавая, гнайнічковая), бывае пляшывасць. Трацічны ўзнікае, калі С. не лечаць. Утвараюцца гумы (спецыфічныя бугаркі і вузлы) у скуры, касцях, унутр. органах, нерв. сістэме. Лячэнне тэрапеўтычнае Гл. таксама Венерычныя хваробы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 14, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вузяльні́ца ’хвароба пшаніцы і ячменю, калі ў каласах з’яўляецца чорны парашок’ (Мат. Гродз.). Магчыма, ад ву́зел, бо колас, заражаны гэтай хваробай, выдаецца вузлаватым ці на падставе веравання, што завязаны вузел з жытніх сцяблоў можа прыносіць гаспадару поля няшчасце; параўн. за́вітка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Падпі́нак ’церассядзёлак’ (Шат., Сл. ПЗБ, Нар. лекс., мядз.), падпі́нак, падпі́нка ’падсядзёлак’ (Сцяшк. Сл.). Суфіксальны дэрыват ад падпінаць ’прымацоўваць’ (Сл. ПЗБ), якое, відаць, з польск. podpinać ’тс’ (гл. пнуць, пяць). Не выключана, што гэта можа быць і запазычаннем польск. podpinka ’падбрушнік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)