МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,

масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ. «Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.​Жыўлюк, з 1937 Р.​Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

Т.​А.​Лугачова.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),

рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял. Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.​Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел. акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.

Тв.:

Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

Л.​У.​Языковіч.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІ́БАКІ Налібокі,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).

Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл. Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял. Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.

Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​У.​Шаблюк.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,

ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.​Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш. Найб. вядомымі былі марбургская (Г.​Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.

Літ.:

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;

Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,

кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц. канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл. Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІМНА́ЗІЯ (ад лац. pro замест + гімназія),

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Узнікненне П выклікана недахопам сродкаў на ўтварэнне неабходнай колькасці поўных гімназій. Ствараліся ў адпаведнасці са статутам гімназій і прагімназій (1864), у мясцовасцях, дзе не было гімназій, адкрываліся П. з класічным або рэальным курсам. Мелі 4 класы (пазней у некат. мужчынскіх П. — 6 класаў). Навуч. планы і праграмы П. адпавядалі 4 малодшым класам гімназіі Выкладаліся: закон Божы, рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, матэматыка, чарчэнне, чыстапісанне, маляванне. У жаночых П. даваліся навыкі і рукадзелля, у мужчынскіх — лац. і да 1901 грэч. мовы. Выпускнікоў П. прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. З 1866 П. рыхтавалі і настаўнікаў прыходскіх вучылішчаў. На Беларусі першыя П. адкрыты як эксперымент у 1860 у Свіслачы і Маладзечне. У сярэдзіне 1860-х г. закрыты, а замест іх створаны настаўніцкія семінарыі. Пасля рэарганізацыі павятовых вучылішчаў у 1865—66 школы ў Брэсце, Гомелі і Бабруйску пераўтвораны ў 5-класныя рэальныя П. (у 1866—71 атрымалі статус класічных з выкладаннем лац. і грэч. моў). У 1865 у бел. П. 123 выхаванцы, у 1876—600, у 1879—746, у 1881—826, у 1890—568. З пачаткам 1-й сусв. вайны і акупацыяй ням. войскамі часткі тэр. Беларусі некат. П. закрыты, частка эвакуіравана. У 1916 засталіся 22 П. У 1917—18 П. скасаваны.

Літ.:

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст. школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).

Літ.:

Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];

Древний Псков;

История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЫРКО́Ў (Юльян Сяргеевіч) (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.​Брыля, У.​Дубоўкі, К.​Крапівы, А.​Макаёнка, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Уплыў творчасці А.​С.​Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;

Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;

А.​Е.​Богданович. Мн., 1966;

З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;

Летапісец свайго народа. Мн., 1982.

А.​А.​Лойка.

Ю.С.Пшыркоў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДУНЬ,

гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.

Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)