горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.
Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́САК,
кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.
Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл.Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз.лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.
Літ.:
Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСКА́РБІ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.
2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.
3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),
ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ ЧЫГУ́НКІ,
назва ў 1882—1921 сеткі чыг. ліній, якія звязвалі паўд. раёны Беларусі з Украінай, Літвой і цэнтр. раёнамі Расіі. Пабудаваны казной паводле ўказа цара Аляксандра III. Мелі вял.стратэг. і гасп. значэнне. Агульная іх даўжыня на Беларусі 1005 вёрст (на 1.1.1910). Падзяляліся на ўчасткі: Жабінка—Пінск, Вільня—Лунінец—Пінск, Лунінец—Роўна, Лунінец—Гомель, Баранавічы—Беласток, Гомель—Бранск. Гал. грузы —лясныя. Капіталаўкладанні на 1.1.1913 склалі 140,1 млн.руб., колькасць абслуговага персаналу 16,1 тыс.чал., паравозаў 419, вагонаў 510 пасажырскіх і 9127 таварных. Гал. майстэрні ў Пінску. Найб.чыг. станцыі: Гомель, Лунінец, Пінск, Баранавічы, Беласток. У 1880-я г. Пецярбургскі (паводле інш. звестак Маскоўскі) манетны двор адчаканіў медаль «У памяць будаўніцтва Палескіх чыгунак. З 1883 па 1887 год». Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нацыяналізаваны і падпарадкаваны Наркамату шляхоў зносін РСФСР. У 1919 усх. участкі П.ч. былі ўключаны ў Зах. чыгункі, у 1921—39 зах. лініі П.ч. уваходзілі ў склад Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е (Pomorze),
гістарычная назва паўн. прыбалтыйскай ч. Польшчы. Складаецца з Зах. П. і Усх. (ці Гданьскага) П. У канцы 10 ст. П. насялялі памаране, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Зах. П. ў 1181 трапіла ў васальную залежнасць ад «Свяшчэннай Рым. імперыі», германізавана (ням. Pommern Памеранія). Да 1637 тут захоўвалася мясц. (слав.) княжацкая дынастыя. Паводле Вестфальскага міру 1648 Зах. і ч.Усх. Памераніі атрымала Швецыя, астатнюю ч.Усх. — Брандэнбургска-пруская дзяржава. Усх., ці Гданьская Памеранія (ням. Pommerellen Малая Памеранія), якую ў 1308—09 захапіў Тэўтонскі ордэн, адваявана Польшчай у выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66. У канцы 18 ст. далучана да Прусіі. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Польшчы была вернута б.ч.Усх. П. (без Гданьска з акругай). Патсдамскай канферэнцыяй 1945 зах. мяжа Польшчы ўсталявана па Одры і Нысе-Лужыцкай.
Літ.:
Historia Pomorza. T. 1—2. Poznań, 1969—84;
Dzieje Pomorza Nadwiślańskiego od VII wieku do 1945 roku. Gdańsk, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),
агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.
Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (27.7.1877, г. Курск, Расія — 3.6.1960),
бел. гісторык і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1940), д-ргіст.н. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). У 1918 праф. Смаленскага ун-та, у 1918—21 Маскоўскага пед. ін-та. З 1922 праф. і заг. кафедры сярэдніх вякоў, з 1953 усеаг. гісторыі ў БДУ. Адначасова ў 1943—59 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Уваходзіў у склад дэлегацыі Беларусі на канферэнцыі ААН у Сан-Францыска ў 1945, дзе быў падпісаны статут ААН. Аўтар прац па ўсеаг. гісторыі, гісторыі грамадскай думкі, гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1954; 2-е выд., 1961). Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—60.
Тв.:
Очерки новой истории (XVI—XIX вв.). 3 изд. 1918 (разам з А.А.Яфімавай);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РЫ ( ад франц. pionnier першапраходзец, пачынальнік) (ваен.), 1) пачынальнікі чаго-н.; першаадкрывальнікі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве.
2) Сучасная назва асабовага складу інж. часцей франц., герм., брыт., амер. і некат. інш. армій. У рас. арміі ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. піянеры роты і конна-піянерныя эскадроны разам з падраздзяленнямі мінёраў і сапёраў уваходзілі ў склад піянерных батальёнаў, палкоў і брыгад інжынерных войск, у т. л. тых, што дыслацыраваліся на тэр.ВКЛ. Напр., падраздзяленне Літоўскага асобнага корпуса Літоўскі піянерны батальён, якое размяшчалася каля мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (цяпер тэр. Польшчы), налічвала больш за 1 тыс. асабовага складу (гл. таксама Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825). П. прызначаліся для дарожных, маставых і палявых фартыфікацыйных работ. У Расіі ў 1829—44 піянерныя падраздзяленні і часці перайменаваны ў сапёрныя.
3) Члены піянерскіх арганізацый.
Расійскія піянеры. 1, 2 — афіцэр і радавы літоўскага піянернага батальёна (пач. 19 ст.); 3 — радавы конна-піянернага батальёна (1820-я г.); 4 — радавы конна-піянернага батальёна (1840-я г.).