КРЫ́ГА,

бел. традыц. прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.

Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.

І.​М.​Браім.

Крыга.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫ́ЎДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».

Герб «Крыўда».

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),

грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл. Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).

Да арт. Лакаліт. Гара Аюдаг у Крыме.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГАТУ́РА ў музыцы,

1) у мензуральнай натацыі знакі, што абазначаюць дзве і болей ноты, якія выконваюцца звязна, звычайна на адзін склад. 2) Абазначэнне аб’яднання 2 суседніх нот аднолькавай вышыні ў адну ноту сумарнай працягласці з дапамогай лігі — дугападобнай рысы, выгнутай уверх або ўніз. Ліга над групай нот рознай вышыні патрабуе іх звязнага выканання і адасаблення ад суседніх гукаў ці іх груп, у вак. музыцы — выканання ўсіх аб’яднаных лігай нот на адзін склад.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі. Існавала ў 1921—39. Утворана 1.3.1921. Пл. 36,8 тыс. км², нас. 1131,4 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Брэст-над-Бугам. Падзялялася на 10 паветаў: Брэсцкі, Драгічынскі, Камень-Кашырскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі, Сарненскі, Столінскі. Пасля ўключэння Зах. Беларусі ў склад БССР (1939) на тэр. П.в. ў снеж. 1939 утвораны Брэсцкая і Пінская вобл. Сарненскі і Камень-Кашырскі пав. ўвайшлі ў Валынскую вобл. Украіны.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,

пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЕЙДО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́ХІЙ (грэч. pyrrhichios ад pyrrhichē ваяўнічы танец),

1) у антычным вершаскладанні стапа з двух кароткіх складоў (◡◡), самастойна не ўжывалася.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні — умоўная назва пропуску націску на рытмічна моцным складзе ў ямбе ці харэі:

І вось надарыцца часамі
Мароз над усімі маразамі
Ідзе сярдзіта, пагражае,
Па даху гонтамі страляе.
(Я.​Колас. «Новая зямля»)

Сустракаецца ў пачатку і ў сярэдзіне вершаванага радка (акрамя апошняй стапы), часцей у шматскладовых словах.

А.​А.​Майсейчык.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст. н.э.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),

чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал. паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)