РУБАІ́ (араб. чатырохрадкоўе),
форма лірычнай паэзіі Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі. Служыць для выражэння лірычнай тэмы, па-філасофску асэнсаванай і інтэрпрэтаванай. Запазычаны з фальклору персаў і таджыкаў (інш. назвы Р. — дубайці ці таранэ). З персамоўнай л-ры Р. праніклі ў араб. і цюркамоўныя л-ры і ў л-ру урду. Складаюцца з чатырохрадкоўяў (ці двух бейтаў), якія рыфмуюцца ааба, радзей аааа. У пісьмовай л-ры з’явіліся ў 9—10 ст. З 2-й пал. 12 ст. саступілі месца газелі. Найб. вядомыя майстры Р. — Умар Хаям, Рудакі, Ханзале.
т. 13, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.
2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РНАТЭ,
неалітычная тарфянікавая стаянка 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў Вентспілскім р-не Латвіі. Выяўлены рэшткі 25 жытлаў, у т. л. 5 лёгкіх чатырохвугольных пабудоў з двухсхільнымі дахамі, драўляныя вёслы, коп’і, бумерангі, лыжы, калатушкі для разбівання арэхаў, матыкі, каўшы з зааморфнымі ручкамі, рэшткі рыбалоўных сетак, гліняны посуд і інш. Даследавана свяцілішча з драўляным ідалам і майстэрня па вырабе рэчаў з бурштыну. Асн. заняткі насельніцтва — рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва. У тарфяніку С. таксама знойдзены рэшткі стаянкі з ямкава-грабеньчатай керамікай (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).
т. 14, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РАБО́ЧЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне с.-д. партый у 1923—40. Засн. на аб’яднаўчым кангрэсе Бернскага інтэрнацыянала і Інтэрнацыянала 2 1/2 (май 1923, г. Гамбург, Германія). У сваёй дзейнасці кіраваўся ідэалаг. ўстаноўкамі і тэорыямі рэфармізму («арганізаваны капіталізм», «гаспадарчая дэмакратыя», «чыстая дэмакратыя» і інш.), адмоўна ставіўся да камуніст. руху і СССР. Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны, пасля таго як ням.-фаш. войскі акупіравалі г. Брусель (1940), дзе з 1935 знаходзілася штаб-кватэра С.р.і. Яго пераемнікам у наш час з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал (засн. ў 1951).
т. 14, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКО́ЎСКІ Эраст, бел. мастак 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Жыў у Мінску. Верагодна, вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Працаваў пераважна ў акварэлі, пісаў жанравыя кампазіцыі, пейзажы. Стаяў на пазіцыях крытычнага рэалізму, што найб. выявілася ў творах «Сям’я цесляроў», «Апраўданая», «Асуджаны», «З прашэннем», «Бедны, але высакародны чалавек», «Жабракі». Аўтар пейзажаў «Дарога ў палескіх балотах у завіруху», «Зімовая дарога па рацэ на Палессі», «Раніцай на пароме», «Сядзіба ў Пінскіх балотах», «Па дарозе на возера Свіцязь», «Мора ў Остэндзе», жанравых кампазіцый «Паляўнічая тройка», «Паляўнічыя з хартамі», «Паездка цугам», «Местачковы аркестр» (1911) і інш.
т. 15, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРО́С РАСЛІ́Н,
армянскі мастак-мініяцюрыст 2-й пал. 13 ст.; майстар кілікійскай школы. Працаваў у манастыры Рамкла. Захаваліся 7 падпісаных ім рукапісаў (1256—68), у т. л. т.зв. Малаційскае евангелле (1268). У яго творчасці выявіліся рысы новага для таго часу маст. мыслення, якое характарызавалася дакладнасцю кампазіцыі, яснасцю трактоўкі прасторы, што дасягалася праз элементы прамой перспектывы, багаццем арнаментыкі, вытанчанасцю каларыту, які гарманічна спалучаў яркія плямы лакальнага колеру са складанымі змешанымі тонамі, высакародствам і стрыманасцю вобразнага ладу, жыццёвай пераканаўчасцю поз і характараў персанажаў. Іл. гл. да арт. Кілікійская школа.
т. 15, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРА́,
рака ў Свярдлоўскай і Цюменскай абл. Расіі, левы прыток р. Табол (бас. р. Об). Даўж. 1030 км, пл. бас. 80,4 тыс. км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Салда, Тагіл, Ніца, Пышма (справа). Ледастаў з канца кастр.—ліст. да крас. — 1-й пал. мая. Разводдзе з крас. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Цюмень 181 м³/с. У бас. Т. каля 1,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 635 км ад вусця. 3 вадасховішчы. На Т. — гарады Верхняя Тура, Ніжняя Тура, Верхатур’е, Турынск, Цюмень.
т. 16, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭА́ТР ПО́ЛЬСКІ» ў Варшаве.
Адкрыты ў 1913 па ініцыятыве А.Шыфмана (дырэктар у 1913—57 з перапынкам). У 1918—39 меў яшчэ адну сцэн. пляцоўку — «Малы т-р»; з 1949 «Камерны т-р». Пасля 2-й сусв. вайны т-р узначальвалі Л.Шылер, Е.Крэчмар, А.Кавальчык, К.Дэймек, А.Лапіцкі, Я.Кілян і інш. У рэпертуары пераважаюць творы польскай (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, З.Красінскі, С.Выспянскі, А.Фрэдра) і сусв. (У.Шэкспір, Мальер, Б.Шоу) класічнай драматургіі, а таксама сучасныя п’есы (С.Мрожак, М.Гласка).
т. 16, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ (?—28.1.1170),
князь берасцейскі. Сын пераяслаўскага кн. Андрэя Васілевіча. У летапісах упамінаецца з 1149. У 1150 атрымаў Белгародскую воласць, у 1151 — Дарагабужскую, у 1153 — Бярэсце (у гэтым годзе дапамагаў вял. кіеўскаму кн. Ізяславу Мсціславічу, які ваяваў з галіцкім кн. Яраславам Уладзіміравічам). В.М.Тацішчаў меркаваў, што Бярэсце разам з Драгічынам У.А. атрымаў ад Ізяслава ў 1149. У 2-й пал. 1150-х г. У.А. атрымаў ад Юрыя Далгарукага Перасопніцу і ўсе гарады па цячэнні Гарыні. У далейшым быў пазбаўлены Бярэсця, бо ў 1169 дамагаўся вяртання гэтага горада.
т. 16, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІР ВАЛАДА́РАВІЧ,
мяркуемы князь менскі і берасцейскі ў 2-й пал. 12 ст. Сын менскага кн. Валадара Глебавіча. В.М.Тацішчаў у «Гісторыі Расійскай» паведамляе, што У.В. валодаў Менскам і Бярэсцем. Драгічынскі кн. Васілька Яраполчыч з дапамогай палякаў і мазаўшан адабраў у яго Бярэсце, але хутка за 9 дзён У.В. жорсткімі штурмамі вярнуў горад і адкінуў палякаў да р. Нур. Васілька з дапамогай свайго цесця польскага кн. Лешка прымусіў У.В. пакінуць Падляшша і вярнуцца ў Бярэсце. У летапісах У.В. не ўпамінаецца, таму яго рэальнасць спрэчная.
т. 16, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)