АЛЕ́ЙНІК (Сцяпан Іванавіч) (3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),
украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед.ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтар кн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́Н, Феб,
у грэчаскай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў. Сын Зеўса і Леты, брат-блізня Артэміды. У выяўл. мастацтве Апалон паказваўся прыгожым юнаком з лукам і стрэламі ці з кіфарай у руках. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар перамогі Апалону над драконам-пачварай Піфонам каля Дэльфаў пабудаваны Дэльфійскі храм, дзе адбываліся святкаванні ў гонар Апалона (Піфійскія гульні). Былі шматлікія свяцілішчы Апалона, найб. вядомыя ў Дэльфах і на в-ве Дэлас. Міф аб Апалоне натхняў ант. скульптараў, жывапісцаў А.Мантэнья, Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.С.Баха, В.А.Моцарта, І.Стравінскага і інш.
Да арт.Апалон. Апалон Бельведэрскі. Скульпт. Леахар. 350 — 330 да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.Ф.Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.А.Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАР’ЕТЭ́ (франц. variété літар. разнастайнасць),
від тэатра, у праграму паказаў якога ўваходзяць забаўляльныя нумары тэатр., муз. і цыркавых жанраў. Уключае аднаактовыя камічныя п’ескі, парадыйныя сцэнкі, выступленні спевакоў, чытальнікаў, танцораў, штукароў і інш. Назва паходзіць ад парыжскага т-ра, т.зв. Вар’етэ-Мантансье (засн. ў 1790, з 1807 Т-р вар’етэ). Т-ры тыпу вар’етэ былі пашыраны ў гарадах Зах. Еўропы ў канцы 19 — пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых сучасных вар’етэ «Мулен-Руж», «Фалі-Бержэр», «Лідо» (Парыж). У эфектных, багата аформленых пастаноўках вар’етэ ўзнік і зацвердзіўся жанр рэвю. Існуюць радыё- і тэлевар’етэ, у праграмах якіх песні, скетчы і інш.эстр. нумары.
Літ.:
Gunther E. Geschichte des Varietes. 2 Aufl. Berlin, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАРУ́СКІ АРКЕ́СТР,
аркестр рус.нар. інструментаў. Створаны ў 1887 у Пецярбургу В.В.Андрэевым (кіраўнік да 1918) як ансамбль з 8 музыкантаў — «Гурток аматараў ігры на балалайках». У 1896 у яго склад уведзены домры, гуслі, пазней нар. духавыя і ўдарныя інструменты; ансамбль названы Велікарускі аркестр, з 1923 — Дзярж. Велікарускі аркестр імя Андрэева, у 1936—41 Аркестр рус.нар. інструментаў імя Андрэева Ленінградскай філармоніі. Рэпертуар аркестра ўключаў апрацоўкі рус.нар. песень, п’есы Андрэева, пералажэнні твораў рус. і замежных кампазітараў. У 1951 імя Андрэева прысвоена аркестру нар. інструментаў пры Ленінградскім радыё, у складзе якога былі некаторыя артысты былога Велікарускага аркестра (з 1951 Аркестр рус.нар. інструментаў, з 1991 Рускі нар. аркестр імя Андрэева С.-Пецярбургскага тэлебачання і радыё).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.
Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл.Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІФІ́НІЯ,
гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч. калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э.рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст.н.э. захоплена туркамі-асманамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́на Пескаватыку.
Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПЛО́ШЧА, рынак,
адна з галоўных плошчаў стараж. гарадоў і мястэчкаў, дзе праходзілі таргі і кірмашы. На Беларусі ўзніклі ў эпоху Кіеўскай Русі з развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю. Звычайна размяшчаліся ў гіст. цэнтры горада, часам каля рэк (дзе былі прыстані), прылягалі да замкаў. Гандлёвая плошча была кампазіцыйным цэнтрам сялібнай тэр. гарадоў і мястэчкаў. Мела прамавугольны, радзей трохвугольны шматгранны план, ад яе ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы, што вялі да гар.брам. У цэнтры плошчы гарадоў размяшчаліся ратушы (нярэдка аб’яднаныя з гандлёвымі радамі), гасціныя двары, у мястэчках — крамы. Перыферыйныя часткі займалі культавыя будынкі, корчмы і аўстэрыі, важніцы, каморы, жылыя дамы рамеснікаў і гандляроў.