ЯКО́ПА ДЭ́ЛА КВЕ́РЧА, Якопа дэла Куэрча (Jacopo della Quercia; каля 1374, г. Сіена, Італія — 20.10.1438),
італьянскі скульптар эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў у гарадах Сіена, Балоння, Лука, Ферара. У сваёй творчасці абапіраўся на традыцыі Н. і Дж.Пізана і пластыку франц. готыкі: грабніца Іларыі дэль Карэта ў саборы (1406), алтар Трэнта ў царкве Сан-Фрэдыяна (1416—22 у г. Лука). Познегатычныя рысы ў многім пераадолены ў драм. і манум. рэльефах партала царквы Сан-Петроніо ў Балонні (1425—38), пластычна магутныя і гераічныя вобразы якога значна паўплывалі на творчасць Мікеланджэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́СКАЛІ (Pàscoli) Джавані (31.12.1855, Сан-Маўра Паскалі, Італія — 6.4.1912),
італьянскіпаэт.Праф. ва ун-тах Месіны (з 1897), Пізы (з 1902), Балонні (з 1905). У зб-ках вершаў «Тамарынд» (1891), «Першыя вершы» (1897), «Песні Кастэльвек’ё» (1903), «Застольныя паэмы» (1904), «Оды і гімны» (1906) і інш. паэтызацыя штодзённасці, імпрэсіянісцкія рытмы, жывое адчуванне прыроды, шчырасць перажыванняў. У многіх яго вершах заклікі да «хрысціянскага сацыялізму», брацтва людзей перад пагрозай вайны, спробы адысці ад рэчаіснасці ў свет успамінаў, дэкадэнцкія матывы, туманная сімволіка. У «Канцонах караля Энцыо» (1908), «Італійскіх паэмах» (1911), «Паэмах Рысарджымента» (1913) апявае гісторыю Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАДЭ́ЛІ (Bernadelli) Фартуната (?—5.12.1830),
італьянскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў С.Вігано. З 1812 працаваў у Парыжы, Амстэрдаме, Бруселі, Вене, Варшаве. З 1818 у Расіі, у 1819—22 і з 1826 у Вял. тэатры (першы мім). Выконваў камедыйныя, гратэскавыя і пантамімічныя ролі: Кален («Жанета і Кален»), Атэла («Атэла, або Венецыянскі маўр», у абодвух і балетмайстар). Сярод пастановак: «Механічныя фігуры», «Садоўніца», «Каханне Марса і Венеры», «Рычард Ільвінае сэрца ў Палесціне» на зборную музыку. Прапагандаваў ідэі і традыцыі Ж.Ж.Навера, творчасць Вігано. Яго дзейнасць мела вял. значэнне для знаёмства рус. артыстаў з асн. кірункамі зах.-еўрап. харэаграфіі, зрабіла ўплыў на развіццё акцёрскага майстэрства балетнай трупы Вял.Т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁЦІ (Viotti) Джавані Батыста (12.5.1755, г. Фантанета-да-По, Італія — 3.3.1824),
італьянскі скрыпач, кампазітар. Вучань Г.Пуньяні. Папярэднік Н.Паганіні. Працаваў у Парыжы (у 1782—91 і 1819—22 узначальваў Парыжскую оперу), Лондане (1794—98 і з 1802) і інш. Аўтар канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, у якіх узмацніў ролю сольнай партыі, павялічыў склад аркестра, канчаткова зацвердзіў для 1-й ч. форму санатнага алегра, а таксама тып фінальнага ронда. Зрабіў уплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва 19 ст. і фарміраванне т.зв. парыжскай школы. Сярод яго вучняў М.Казімір Агінскі і М.Клеафас Агінскі. З 1950 у г. Верчэлі праводзіцца міжнар. конкурс музыкі і танца імя Віёці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЗА́ГА (Gonzago, Gonzaga) П’етра ды Гатарда (25.3.1751, Лангароне, каля г. Венецыя, Італія — 6.8.1831), італьянскі жывапісец, тэатр. дэкаратар і архітэктар. Вучыўся ў Венецыі і Мілане, зазнаў уплыў А.Каналета і Дж.Б.Піранезі. З 1792 працаваў у Расіі. Дэкарацыі, створаныя ім пераважна для прыдворных т-раў і т-ра ў Архангельскім, вызначаліся гарманічнай дакладнасцю класіцыстычных формаў. Выкананыя Ганзага манум.-дэкар. размалёўкі дзякуючы ілюзорным эфектам стваралі ўражанне рэальна існуючай архітэктуры (размалёўка т.зв. галерэі Ганзага ў палацы ў Паўлаўску, 1822—23; захавалася часткова). Удзельнічаў у планіроўцы паркаў (у Паўлаўску і інш.).
П.Ганзага. Эскіз дэкарацыі балета Д.Штайбельта «Сандрыльёна» ў пастаноўцы І.Вальберха і Агюста. Пецярбург. 1815.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына
[Guercino; сапр.Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],
італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.
Літ.:
Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.
Гверчына. Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа. Каля 1625.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЧАРДЫ́НІ, Гуічардыні (Guicciardini) Франчэска (6.3.1483, г. Фларэнцыя, Італія — 22.5.1540), італьянскі гісторык, паліт. дзеяч. Праф. акадэміі права ў Фларэнцыі. Сябра і вучань Н.Макіявелі. У 1511—14 пасол Фларэнцыі ў Іспаніі. У 1516—34 нам. рымскага папы Льва Х у гарадах Мадэна, Рэджа-нель-Эмілія і Парма. З 1534 дарадчык Медычы, да 1537 адыгрываў значную ролю пры фларэнційскім двары. Аўтар прац: «Гісторыя Італіі» (1537—40, апубл. ў 1561—64, ахопліваў перыяд 1492—1532); «Дыялог аб кіраванні Фларэнцыяй» (1525); «Нататкі палітычныя і грамадзянскія» (1525—29) і інш. У сваіх працах выступаў за нац. і дзярж. аб’яднанне Італіі ў форме федэрацыі дзяржаў, за алігархічна-рэсп. форму кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦАЛІ (Gozzoli) Беноца (сапр.ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НІ (Bruni) Леанарда (празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),
італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗА́РЫ (Vasari) Джорджа (30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),
італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус.пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.