АГРАМА́ДЖВАННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

зліццё раздробненых вытв. працэсаў у розных галінах эканомікі ва ўсё больш паглыблены вытв. грамадскі працэс. Абумоўлена грамадскім падзелам працы, выкарыстаннем сродкаў вытв-сці, якія патрабуюць калектыўнай дзейнасці, вядзе да канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу, паглыблення спецыялізацыі вытворчасці, кааперавання вытворчасці, міжнар. інтэграцыі эканамічнай.

Аналізуючы працэс аграмаджвання вытв-сці і працы, К.​Маркс зрабіў выснову аб асн. супярэчнасці капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення яе вынікаў. Гэта супярэчнасць, на яго думку, з’яўляецца рухаючай сілай развіцця капіталізму.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСЕ́КА (Раман Міхайлавіч) (н. 1.5.1936, в. Ахрэмавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957; цяпер Бел. дзярж. эканам. ун-т), працуе ў ім з 1965 (з 1979 прарэктар, з 1991 рэктар). Даследуе праблемы эканомікі і арганізацыі гандлю, развіцця вышэйшай эканам. адукацыі. Аўтар навук. дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя гандлю» (1985), «Кіраванне працэсамі працы на прадпрыемствах гандлю» (1993, з М.​І.​Кабушкіным) і інш.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎТУНЕ́НКА (Аляксандр Мікалаевіч) (8.2.1954, г. Іркуцк, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1976). З 1979 у Дзяржплане БССР. У 1986—92 у вытв. аб’яднанні «Спектр», Бел. навук.-вытв. аб’яднанні выліч. тэхнікі. З 1994 прэзідэнт кансорцыума «Навука. Эканоміка. Права». Даследуе праблемы эканомікі і функцыянавання прадпрыемстваў ва ўмовах рынку, удасканалення арганізац.-эканам. механізма інавацыйнага працэсу на макра- і мікраўзроўнях.

Тв.:

Инновации — основа конверсии и путь выхода из кризиса. Мн., 1994.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЯ ІНСТЫТУ́Т,

недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1991 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: эканомікі, улікова-фінансавы, правазнаўства. Навучанне дзённае і завочнае; платнае. Аспірантура з 1996. Мае н.-д. лабараторыю, навуч. цэнтр перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў (з 1995), лінгафонныя класы (абсталяваны спадарожнікавым тэлебачаннем) і камп’ютэрныя (аб’яднаны ў навуч. лакальную выліч. сетку), рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, друкарню, б-ку з камп’ютэрнымі каталогамі. Выдае падручнікі, навуч., навук.-метадычныя і даведачныя дапаможнікі.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯ́КА (Васіль Мікітавіч) (26.4.1891, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 16.6.1950),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1931). Д-р с.-г. н. (1931), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1925). У 1928—38 заг. кафедры ў гэтай акадэміі. У 1940—46 дырэктар Ін-та эканомікі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях арг-цыі і планавання с.-г. вытв-сці, пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі, развіцця сыравіннай і энергет. базы Беларусі.

В.М.Лубяка.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАВІЦ ((Markowitz) Гары) (н. 1927),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Чыкагскі ун-т. Працаваў у камерцыйных структурах, займаўся прыватным кансультаваннем. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па пытаннях эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў. Адзін з заснавальнікаў тэорыі аптымізацыі спалучэння рознага віду багацця ў індывіда і фірмы (т.зв. «партфельнага падыходу»). Сааўтар мовы праграмавання SIMSCRIPT. Аўтар кніг: «Выбар партфеля: эфектыўная дыверсіфікацыя інвестыцый» (1959), «Аналіз сярэдняга і дысперсіі пры выбары партфеля і рынкі капіталу» (1987). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з М.Х.Мілерам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТАЛЫ́ЦКІ (Міхаіл Аляксеевіч) (н. 11.9.1957, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1998). Скончыў БДУ (1979). З 1982 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па метадах даследавання сетак масавага абслугоўвання і іх выкарыстанні для аналізу інфармацыйна-выліч. сістэм і інш. аб’ектаў эканомікі. Распрацаваў метад даследавання маркаўскіх сетак у пераходным рэжыме і сетак з адвольным абслугоўваннем у сістэмах.

Тв.:

Исследование сетей с многолинейными системами обслуживания и разнотипными заявками // Автоматика и телемеханика. 1996. № 9.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэндэ́нцыя

(с.-лац. tendentia = накіраванасць)

1) напрамак развіцця чаго-н. (грамадства, эканомікі, культуры і інш.); імкненне, свядомы намер;

2) ідэя, асноўная думка, накіраванасць мастацкага, навуковага і інш. твора;

3) прадузятая думка, якую імкнуцца навязаць чытачу або гледачу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕНЯДЗІ́КТАЎ (Анатоль Васілевіч) (30.6.1887, с. Зірган, Башкірыя — 9.8.1959),

рускі вучоны-юрыст. Акадэмік АН СССР (1958). Скончыў пецярбургскія політэхн. ін-т (1910) і ун-т (1912). Выкладаў у Яраслаўскім ун-це, Петраградскім політэхн ін-це і інш. ВНУ. Даследаваў арганізацыю кіравання прам-сцю і права дзярж. уласнасці. Аўтар прац па праблемах права і эканомікі: «Зліццё акцыянерных кампаній» (1914), «Прававая прырода дзяржаўных прадпрыемстваў» (1928), «Дзяржаўная сацыялістычная ўласнасць» (1948), «Арганізацыя дзяржаўнай прамысловасці ў СССР» (т. 1—2, 1957—61) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

А.В.Венядзіктаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́РХІЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

стыхійнасць, хаатычнасць, бяспланавасць грамадскай вытв-сці; паводле марксісцкай тэорыі, характэрная асаблівасць капіталізму. Мела месца ў эпоху даманапаліст. капіталізму, калі дробныя прадпрымальнікі вялі паміж сабой жорсткую канкурэнтную барацьбу, а ў вытворча-гасп. дзейнасці ўлічвалі найперш стыхійны попыт і рыначныя цэны на тавары. У перыяд дзярж.-манапаліст. капіталізму ў развітых краінах пачалося вывучэнне попыту і прапановы, укараненне маркетынгу, дзярж. рэгуляванне эканомікі. У некат. развітых краінах дзейнічаюць дзярж. планавыя камітэты, а для абмежавання самавольства манаполій у іх канкурэнтнай барацьбе створана антыманапольнае заканадаўства.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)