КАМУНІ́ЗМ (ад лац. communis агульны),

агульная назва шэрагу розных канцэпцый аб ідэальнай грамадскай арганізацыі, а таксама гіпатэтычнага грамадскага і эканам. ладу, заснаванага на поўнай роўнасці і грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці.

Найбольш раннія тэарэт. канструкцыі К. належаць Платону, у ідэальнай дзяржаве якога праглядваюцца рысы К., а таксама старажытнаму хрысціянству.Утапічны К. прапагандавалі Т.Кампанела, Т.Мор, Ф.Бабёф і інш. Практычныя спробы пабудовы К. як соцыуму ўсеагульнага дабрабыту неаднаразова рабіліся манаскімі ордэнамі, рэліг. сектамі, у т. л. на тэр. Беларусі (гл. Камуністы), у абшчынах (камунах), якія стваралі прадстаўнікі утапічнага сацыялізму (Р.Оўэн, К.Л.Сен-Сімон і іх паслядоўнікі).

У марксісцкай канцэпцыі К. — грамадска-эканам. фармацыя, якая ў выніку пралет. рэвалюцыі змяняе капіталізм, грунтуецца на грамадскай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці і садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы; а таксама адпаведныя тэорыя і ідэалогія, створаныя К.Марксам, Ф.Энгельсам, У.І.Ленінам (гл. Марксізм). У сваім развіцці яна праходзіць 2 фазы (ступені) — ніжэйшую, якая наз. сацыялізмам, і вышэйшую, якая наз. поўным К. Часам тэрмін «К.» ужываецца для вызначэння тыпу грамадства, гістарычна першы ўзор якога быў створаны ў СССР. Тут, а таксама ў шэрагу інш. краін свету былі дасягнуты значныя вынікі ў фарміраванні камуніст. грамадскіх адносін, але выявіўся і шэраг негатыўных з’яў (рэпрэсіі, застой у эканоміцы і інш.), некаторыя рысы, характэрныя для «казарменнага камунізму», што абвастрыла крызіс камуніст. ідэалогіі і практыкі. Асноўны прынцып К. «ад кожнага па здольнасцях — кожнаму па патрэбнасцях» не ўдалося практычна рэалізаваць ні ў адной краіне свету. Разам з тым асобныя ідэі К., якія маюць карані ў саміх асновах чалавечага быцця, ва ўмовах нарастання глабальных сусветных праблем узмацняюцца ў свядомасці людзей і ў грамадскай практыцы некаторых краін.

Літ.:

Платон. Собр. соч.: В 4 т. Т. 1—2. М., 1991;

Джонсон Х. Христиане и коммунизм: Пер. с англ. М., 1957;

Маркс К. Крытыка Гоцкай праграмы. Мн., 1968;

Энгельс Ф. Принципы коммунизма // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 4;

Ленин В.И. О социализме и коммунизме. М., 1986;

Зиновьев А.А. Коммунизм как реальность;

Кризис коммунизма. М., 1994;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Данилов А.Н. Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТАПІ́ЧНЫ САЦЫЯЛІ́ЗМ,

у шырокім сэнсе — вучэнні пра карэнную перабудову грамадства на сацыялістычных асновах, якія не ўлічваюць аб’ектыўных законаў сац. развіцця; у вузкім сэнсе — сац. вучэнні 19 ст., якія папярэднічалі марксізму і сталі адной з яго тэарэт. крыніц. Вытокі У.с. — ва ўласцівым усім народам паданні пра «залаты век», калі нібыта панаваў ідэальны грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах справядлівасці і роўнасці сацыяльнай людзей. Адно з першых утапічных сац. вучэнняў — платонаўская канцэпцыя ідэальнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах роўнасці, калектывізму і адзінства. Мадэль справядлівага грамадскага ладу прапанавала ранняе хрысціянства, якое прапаведавала агульначалавечую роўнасць і братэрства людзей. Важным этапам у развіцці сац.-утапічных ідэй сталі вучэнні пра ідэальны грамадскі лад Т.Мора і Т.Кампанелы. У найб. развітым і сістэматызаваным выглядзе У.с. выявіўся ў творах К.А.Сен-Сімона, Ф.М.Ш.Фур’е, Р.Оўэна, якія асэнсавалі супярэчнасці грамадскага жыцця 19 ст. і прапанавалі тэарэт. і практычныя праекты перабудовы грамадства. Асн. прычыну сац. няроўнасці сацыялісты-утапісты 19 ст. бачылі ў асабістай уласнасці; першачарговымі задачамі грамадскай перабудовы яны лічылі стварэнне грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, арганізацыю дэмакр. самакіравання, справядлівага размеркавання жыццёвых даброт. Значную ролю ў распрацоўцы ідэй У.с. адыгралі рус. рэвалюцыйныя дэмакраты А.І.Герцэн і М.Г.Чарнышэўскі. З канца 19 ст. У.с. прыпыніў сваё развіццё, але ў пэўнай ступені паўплываў на далейшую эвалюцыю грамадскай думкі і паліт. практыкі. Гл. таксама Сацыялізм, Утопія.

Літ.:

Сен-Симон А. Избр. соч.: Пер. с фр. Т. 1—2. М.; Л., 1948;

Оуэн Р. Избр. соч.: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; Л., 1950;

Фурье Ш. Избр. соч.: Пер. с фр. Т. 1—4. М.; Л., 1951—54;

Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з ням. Мн., 1970;

Айрапетов А.Г., Юдин А.И. Западноевропейский и русский утопический социализм нового времени. М., 1991;

Марцева Л.М. Проблемы труда в утопическом, научном и реальном социализме. Красноярск, 1993;

Штекли А.Э. Утопии и социализм. М., 1993;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЕЛІ́ТЫ,

манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕБЕ́І (лац. plebejus ад plebs просты народ),

адно з саслоўяў свабоднага насельніцтва Стараж. Рыма. Да 3 ст. да н.э., як прышлае і падпарадкаванае насельніцтва, стаялі па-за абшчынай, не маглі карыстацца абшчыннай зямлёй (ager publicus), а валодалі ёю на правах прыватнай уласнасці. Беззямельныя П. займаліся рамесніцтвам і гандлем. У выніку працяглай барацьбы з патрыцыямі дамагліся некат. правоў: запісаны Законы 12 табліц (451—449 да н.э.), якія абаранялі П. ад беззаконня патрыцыяў; уведзены пасады нар. трыбунаў (449 да н.э.), прыняты закон пра дазвол шлюбаў паміж патрыцыямі і П. (445 да н.э.), аднаго консула ўводзілі з П. (367 да н.э.), рашэнні П. па трыбах атрымлівалі сілу закона і П. ўключаліся ў склад рым. народа (287 да н.э.). Тэрмін «П.» з 3—2 ст. да н.э. стаў азначаць паўнапраўных грамадзян нязнатнага паходжання.

Літ.:

Нечай Ф.М. Образование Римского государства. Мн., 1972.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́КЛІФ (Вікліф; Wycliffe, Wiclif) Джон (паміж 1320 і 1330, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 31.12.1384), англійскі рэфарматар царквы, ідэолаг бюргерскай ерасі. Праф. Оксфардскага ун-та, д-р багаслоўя (1372). Аўтар шматлікіх памфлетаў і трактатаў, перакладчык Бібліі на англ. мову. Лічыў чалавецтва зямной «ваяўнічай царквой», а Бога яго вярх. сюзерэнам і адзіным уласнікам усяго, што ёсць на зямлі. Паводле У., Бог дае людзям зямныя багацці толькі ў часовае трыманне за верную яму службу («праведныя паводзіны»). Адстойваў прымат свецкай улады над духоўнай, выступаў за секулярызацыю царк. уласнасці. Ідэі У. адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, якое сам У. лічыў вынікам парушэння саслоўямі «боскага закону». У 1382 сабор англ. біскупаў асудзіў вучэнне У., Канстанцкі сабор 1415 абвясціў яго ератыком. Ідэі У. паўплывалі на светапогляд лалардаў у Англіі, Я.Гуса, М.Лютэра, дзеячаў англ. Рэфармацыі.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЯ АЛІГА́РХІЯ,

палітычнае і эканам. панаванне невялікай групы людзей, якія кіруюць дзяржавай і яе эканомікай. Звычайна гэта найбуйнейшыя ўласнікі капіталу, найб. уплывовыя прадстаўнікі гандл.-прамысл. і фін. манаполій, іх эліта. Узнікае на аснове зрошчвання прамысл. і банкаўскага капіталу ў выніку канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу на аснове асабістай уніі ці працяглых сувязей. Канкрэтнай арганізацыйнай іх формай з’яўляюцца манапалістычныя фінансава-прамысловыя групы, якія ўяўляюць сабой аб’яднанні прамысл., банкаўскіх і гандл. манаполій пад кантролем найбуйнейшых з іх. Фін.-прамысл. эліта кантралюе працэс прыняцця рашэнняў у галіне эканам. і сац. палітыкі. Інтэрнацыяналізацыя гасп. жыцця, узмацненне інтэграцыйных працэсаў, развіццё міжнар. прамысл. і банкаўскіх манаполій садзейнічаюць узнікненню міжнар. паводле складу і сфер уплыву фін. груп, вядуць да ўсё больш цеснага перапляцення інтарэсаў Ф.а. розных дзяржаў. Структура Ф.а. мяняецца ў працэсе развіцця і эвалюцыі форм уласнасці. Гл. таксама Фінансавы капітал.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ РЭФО́РМЫ,

пераўтварэнні і змены ў сістэме вядзення гаспадаркі, кіравання эканомікай, шляхах і спосабах ажыццяўлення эканамічнай палітыкі; перабудова гасп. механізму, яго форм, метадаў, рычагоў і арганізацый, што праводзіцца ў межах эканам. сістэмы. Э.р. могуць пашырацца на ўвесь гасп. механізм або асобныя галіны, сферы (напр., рэформы кіравання прам-сцю і транспартам, грашовыя, крэдытныя і інш.). Ім папярэднічае прыняцце адпаведных нарматыўных прававых актаў. Э.р. праводзяцца ва ўмовах, калі выяўляецца нізкая эфектыўнасць эканам. сістэмы, узнікаюць эканам. крызісы, эканоміка не поўнасцю задавальняе патрэбы насельніцтва. У Рэспубліцы Беларусь Э.р. прадугледжваюць рэфармаванне адносін уласнасці і кіравання дзяржпрадпрыемствамі, арганізац., фін. і тэхнал. перабудову, прыватызацыю і дэманапалізацыю, усебаковую і дзейсную дзярж. падтрымку прыватнага прадпрымальніцтва, фарміраванне развітой структуры рынку, рэформы цэн, грашова-крэдытнай і фін. сістэм, знешняга гандлю, рынку працы, сац. сферы і інш. Гл. таксама Аграрныя рэформы.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭР, Блейр (Blair) Энтані (Тоні) Чарлз Лінтан (н. 6.5.1953, г. Эдынбург, Вялікабрытанія), дзяржаўны і палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1975), да 1983 прыватны адвакат у Лондане. З 1983 дэп. парламента ад Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі, з 1994 яе лідэр. Пад яго кіраўніцтвам лейбарысцкі рух паступова адмаўляецца ад «сацыяліст. атрыбутаў мінулага» (напр., ад ідэі аб прыярытэце грамадскай уласнасці) і перамяшчаецца з левага паліт. фланга краіны да цэнтра. У 1988—97 чл. ценявога кабінета міністраў, у 1997 прэм’ер-міністр і 1-ы лорд-казначэй Лондана. З мая 1997 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Б. асн. ўвагу аддае ўдасканаленню сістэмы падаткаабкладання, скарачэнню колькасці беспрацоўных, паляпшэнню сістэм адукацыі і аховы здароўя; у знешняй палітыцы выступае за ўмацаванне еўрап. бяспекі, цеснае ваен.-паліт. супрацоўніцтва Вялікабрытаніі з НАТО. Падтрымаў ваен. акцыі ЗША ў Югаславіі (1999), Афганістане (2001) і Іраку (2003).

Э.Блэр.

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,

вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.

Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.

Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв. «зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.

На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.

Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш. сац.-эканам. праблем грамадства.

З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯНСКАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Рэгулюе таварна-грашовыя і інш. маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, заснаваныя на роўнасці ўдзельнікаў. У сістэму грамадз. заканадаўства ўваходзяць Канстытуцыя і законы Рэспублікі Беларусь, заканад. акты, прынятыя Парламентам, Прэзідэнтам, Урадам, Канстытуцыйным судом, Вярх. судом, Вышэйшым гасп. судом, Нац. банкам, міністэрствамі і інш. рэсп. органамі дзярж. кіравання, мясц. органамі кіравання і самакіравання. Асн. заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы грамадз. права — Грамадз. кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 7.12.1998 і ўведзены ў дзеянне 1.7.1999.

У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны асн. прынцыпы грамада. заканадаўства, падставы ўзнікнення грамада. правоў і абавязкаў, межы іх ажыццяўлення і спосабы абароны; вызначаны суб’екты і аб’екты грамадз. правоў, здзелкі і прадстаўніцтва, тэрміны і іскавая даўнасць. Ў раздзеле «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы» раскрываецца змест права ўласнасці, вызначаюцца падставы набыцця і спынення гэтага права, утрымліваюцца нормы аб рэчавых правах і сервітуце. У яго спец. раздзелах, прысвечаных абавязацельнаму праву і асобным відам абавязацельстваў, выкладзены палажэнні аб абавязацельствах і дагаворах, нормы аб забеспячэнні выканання і аб адказнасці за іх парушэнне, раскрываюцца асобныя тыпы дагаворных (купля-продаж, падрад, лізінг, перавозка) або недагаворных (у выніку прычынення шкоды, беспадстаўнага а ўзбагачэння) абавязацельстваў. Раздзел «Выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці (інтэлектуальная ўласнасць)» вызначае прававы рэжым аб’ектаў аўтарскага і сумежных правоў, права прамысл. уласнасці і сродкаў індывідуалізацыі, а таксама абарону ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Парадак атрымання ў спадчыну паводле закону і паводле завяшчання, набыцця спадчыны і асаблівасці атрымання ў спадчыну асобных відаў маёмасці раскрываюцца ў раздзеле «Спадчыннае права», а пытанні прымянення права да грамадз.-прававых адносін з удзелам замежных грамадзян або замежных юрыд. асоб — у раздзеле «Міжнароднае прыватнае права».

Нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць грамадз. праваадносіны, з’яўляюцца законы «Аб залогу» ад 24.11.1993, «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэб» ад 24.11.1993, «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» ад 25.2.2002, «Аб абароне правоў спажыўцоў» ад 9.1.2002 і інш. У рамках грамадз. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам» (8.10.1997), «Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання» (16.3.1999), указы Прэзідэнта «Аб лізінгу» (13.11.1997), «Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў» (14.4. 2000); пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні «Палажэння аб пастаўках тавараў у Рэспубліцы Беларусь» (8.7.1996) і «Правіл транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (9.2.1996) і інш. У неабходных выпадках пытанні грамадз. адносін рэгулююцца рашэннямі судовых інстанцый (у ліку іх, напр., пастанова пленума Вярх. суда ад 26.3.2003 «Аб прымяненні судамі заканадаўства пры вырашэнні спрэчак, звязаных з правам уласнасці на жылыя памяшканні», пастанова пленума Вышэйшага гасп. суда ад 21.11.2002 «Аб асобных пытаннях практыкі разгляду спрэчак, якія вынікаюць з дагавораў перавозкі грузаў» і да т.п. Часткай грамадз. заканадаўства з’яўляюцца нормы грамадз. права, што ўтрымліваюцца ў міжнар. дагаворах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь (напр., Канвенцыя аб міжнар. фін. лізінгу 1977, Канвенцыя ААН аб дагаворах куплі-продажу тавараў 1980, Парыжская канвенцыя аб абароне прамысловай уласнасці 1983).

Літ.:

Гражданское право: Слов.-справ. Мн., 1996;

Колбасин Д.А. Гражданское право Республики Беларусь: Общ. часть. Мн., 1999;

Гражданское право. Ч. 1—2. Мн., 2000—02;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк Ч. 2. Мн., 2000;

Комментарий к Гражданскому кодексу Республики Беларусь. Ч. 1—3. Мн., 2003.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)