трансмі́тэр

(англ. transmitter, ад лац. transmittere = перасылаць, перадаваць)

апарат для аўтаматычнай перадачы электрычных сігналаў, запісаных на перфараванай стужцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фе́дынг

(англ. fading, ад fade = паступова затухаць, заміраць)

кароткачасова неўпарадкаваная або перыядычна змяняльная інтэнсіўнасць сігналаў, якія прымаюцца радыёпрыёмнікам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АГРЭГА́ТНАЯ УНІФІКАВА́НАЯ СІСТЭ́МА (АУС),

тэхнічная сістэма са стандартнымі блокамі кіравання вытворчымі працэсамі. Уваходныя і выхадныя параметры блокаў уніфікаваныя, таму ў схемах аўтаматыкі яны могуць выкарыстоўвацца ў розных спалучэннях і колькасцях. Гэта дазваляе збіраць розныя па прызначэнні сістэмы аўтам. кіравання і кантролю.

У залежнасці ад віду энергіі для перадачы сігналаў АУС падзяляюцца на электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і камбінаваныя. Найб. пашыраны пнеўматычныя, у якія ўваходзяць блокі вымярэння, рэгулявання, суматары, задатчыкі, функцыянальныя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, блокі для выканання лагічных аперацый, сігнальныя прыстасаванні, прыборы кантролю, выканаўчыя механізмы і інш. АУС выкарыстоўваюцца пры аўтаматызацыі вытв-сці ў розных галінах прам-сці.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЧАСО́ВАСЦЬ,

супадзенне па часе з’яў, аддзеленых адна ад адной у прасторы. У класічнай механіцы існавала ўяўленне пра абсалютную прастору і час, пра адзіны паток часу, што аднастайна працякае ўсюды і складаецца з імгненняў, кожнае з якіх адначасова настае ва ўсіх пунктах прасторы. Гэта ўяўленне грунтавалася на дапушчэнні бесканечнай скорасці распаўсюджання светлавых сігналаў. Адноснасці тэорыя, зыходзячы з канечнасці скорасці святла, адмовілася ад паняцця абсалютнай адначасовасці. Атаясамліванне момантаў часу дзвюх з’яў мае сэнс, калі гэтыя з’явы разглядаюцца ў межах нейкай пэўнай сістэмы адліку. З’явы, адначасовыя ў адной сістэме адліку, могуць аказацца неадначасовымі ў інш. сістэме.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКО́НІН (Уладзімір Ягоравіч) (н. 14.7.1937, с. Пакроўскае Ухалаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1969). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1960). З 1975 у Ін-це тэхн. кібернетыкі, з 1992 у Навук. цэнтры праблем механікі машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па кантрольна-вымяральнай тэхніцы, спектральным аналізе і лічбавых метадах апрацоўкі сігналаў. Распрацаваў бартавы выліч. комплекс для дарожных выпрабаванняў трансп. сродкаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Цифровая фильтрация и обработка сигналов. Мн., 1995 (разам з В.​І.​Пяцьхо, М.​Б.​Шыхавым).

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СЕЎ (Уладзіслаў Валянцінавіч) (28.4. 1938, пас. Жывёлагадоўчы Саўгас Горкаўскага р-на Омскай вобл., Расія — 18.11.1990),

бел. вучоны ў галіне тэорыі перадачы інфармацыі, стваральнік навук. школы па лічбавай апрацоўцы і кадзіраванні інфармацыі. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т у Свярдлоўску (1960). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па лічбавых метадах апрацоўкі сігналаў, спектральным аналізе, тэорыі кадзіравання, ахове інфармацыі.

Тв.:

Обнаружение и исправление ошибок в дискретных устройствах. М., 1972 (у сааўт.);

Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах. М., 1986 (разам з В.​К.​Канапелькам).

Г.​В.​Рымскі.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),

сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).

Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.

А.​М.​Петрыкаў.

Падкаваносы: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 1.1.1953, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975). З 1975 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па праектаванні праблемна-арыентаваных электронных выліч. сродкаў для лічбавай апрацоўкі сігналаў у рэальным часе і іх выкарыстанні ў сістэмах апрацоўкі мовы, мультымедыя, медыцыне і вібраакустыцы.

Тв.:

Методы и микропроцессорные средства обработки широкополосных и быстропротекающих процессов в реальном времени. Мн., 1988;

Системное обеспечение микроЭВМ. Мн., 1990 (разам з У.​А.​Вішняковым).

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від радыёсувязі, які грунтуецца на рэтрансляцыі радыёсігналаў на дэцы- ці сантыметровых хвалях. Выкарыстоўваецца для многаканальнай перадачы даных, тэлеф., тэлевізійных і факсімільных сігналаў і інш. паведамленняў.

Бывае актыўная і пасіўная. Актыўная Р.с. уключае прыём, пераўтварэнне, узмацненне і перадачу радыёсігналаў па радыёрэлейнай лініі сувязі. На кожнай прамежкавай радыёрэлейнай станцыі можа быць некалькі камплектаў прыёмна-перадавальнай апаратуры. якія ўтвараюць шэраг т.зв. ствалоў, ёмістасць кожнага з якіх дасягае некалькіх тысяч тэлеф. каналаў (гл. Многаканальная сувязь). Пры пасіўнай Р.с. толькі змяняецца напрамак распаўсюджвання радыёхваль з дапамогай люстранай антэны ці інш. пасіўнага адбівальніка.

А.​П.​Ткачзнка.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПРАЦЭ́САР (англ. microprocessor),

электронная прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі, якая праграмуецца і складаецца з мікрасхем (адной ці некалькіх) высокай ступені інтэграцыі (гл. Інтэгральная схема). Выкарыстоўваецца як цэнтр. працэсар, напр. у мікра-ЭВМ, як прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі для перыферыйных блокаў ЭВМ, а таксама ў сістэмах кіравання тэхнал. і кантрольна-выпрабавальнага абсталявання, трансп. сродкаў, касм. апаратаў і інш.

Па функцыян. магчымасцях адпавядае працэсару ЭВМ, выкананаму на 20—40 мікрасхемах малой і сярэдняй ступені інтэграцыі, мае большае хуткадзеянне, істотна меншыя памеры, энергаспажыванне і інш. (у параўнанні з інш. выліч. прыладамі). Бываюць секцыянаваныя (з мікрапраграмным кіраваннем; дазваляюць пашыраць разраднасць, функцыян. магчымасці і інш.) і аднакрыштальныя (маюць фіксаваную разраднасць і пастаянны набор камандаў). Паводле віду ўваходных сігналаў М. падзяляюць на лічбавыя (прызначаны для лічбавай апрацоўкі сігналаў) і аналагавыя (прызначаныя для работы ў даследчых выліч. комплексах; дадаткова маюць аналагава-лічбавыя і лічбава-аналагавыя пераўтваральнікі). Найб. пашыраны аднакрыштальныя маларазрадныя М. для выкарыстання ў простых сістэмах кіравання, а таксама 64-разрадныя для прафес. ЭВМ. Першы М. Intel 4004 (1971) меў да 2250 транзістараў на адным крэмніевым крышталі, працаваў на частаце 750 кГц, выконваў да 60 тыс. аперацый за секунду ў якасці цэнтр. працэсара 4-разраднай ЭВМ і быў логікавым блокам, канкрэтнае прызначэнне якога можна задаваць праграмаваннем. Сучасныя М. маюць на адным крышталі да дзесяткаў мільёнаў транзістараў, працуюць на частотах у сотні мегагерц і выконваюць мільярды аперацый за секунду.

Літ.:

Корнеев В.В., Киселев А.В. Современные микропроцессоры. М., 1998.

М.​М.​Далгіх.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)