НАВУ́МАЎ (Валянцін Сцяпанавіч) (н. 12.3.1937, Мінск),
бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спортуСССР (1969), засл. трэнер Беларусі (1971). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1964). У 1974—96 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён Еўропы на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыях 500, 1000 м і ў эстафеце 4 × 500 м (1957, г. Гент, Бельгія). Чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1957, 1958, 1959), 10 000 м (1961). Сярод выхаванцаў чэмпіён свету Л.Дзеравянка, чэмпіён СССР А.Навумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНАЕ ДВАЯБО́Р’Е, паўночнае дваябор’е (афіц. назва Combiné nordique паўночная камбінацыя),
від лыжнага спорту, які ўключае скачкі з 70-метровага трампліна і гонку на 15 км (да 1956—18 км) на перасечанай мясцовасці. Спаборніцтвы праводзяцца ў 2 дні: у 1-ы — скачкі (з трох у залік ідуць 2 лепшыя), у 2-гі — гонка. Вынік вызначаецца сумай балаў за абодва практыкаванні.
Як від спорту ўзнік у Нарвегіі ў канцы 19 ст. У Расіі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1912 пад Пецярбургам. З 1924 уваходзіць у праграму Алімп. гульняў, з 1925 праводзяцца спаборніцтвы Кангрэса Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту (ФІС), з 1937 — чэмпіянаты свету.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1938 (г. Віцебск), рэгулярна праводзяцца з 1962. Сярод чэмпіёнаў СССР: каманды Беларусі (1982, 1986), В.Акулаў (1986, камандны залік, таксама ўладальнік Кубка СССР, 1985), С.Давідчанка (1986, камандны залік), А.Пектубаеў (1986, камандны і асабісты залікі). Каманда спарт.т-ва «Ураджай» — чэмпіён Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,
від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.
П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.
На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).