АМПЛІТУ́ДНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

павольная змена амплітуды эл.-магн. ваганняў у параўнанні э іх перыядам па вызначаным законе; від мадуляцыі. Выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі ў радыё- і аптычным дыяпазонах хваляў (напр., перадача гукавога суправаджэння, тэлевізійных адлюстраванняў). Перадавальная радыёстанцыя, якая працуе ў рэжыме амплітуднай мадуляцыі, вылучае спектр частот. У выпадку амплітуднай мадуляцыі сінусаідальным сігналам (гл. рыс.) спектр мае 3 складальныя: нясучую (ω) і 2 бакавыя частаты ( ( ω + Ω ) і ( ω − Ω ) ) . Глыбіня амплітуднай мадуляцыі характарызуе ступень змены амплітуды: m = Aмакс − Aмін Aмакс + Aмін ; частата мадуляцыі Ω — скорасць змены амплітуды ваганняў. Для атрымання амплітудна-мадуляванага вагання нясучая частата і сігнал, якім яна мадулюецца, падаюцца на мадулятар.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інфантылі́зм

(ад лац. infantillis = дзіцячы)

1) адсталасць у развіцці арганізма, якая праяўляецца ў захаванні ў дарослага чалавека фізічных і псіхічных рыс, уласцівых дзіцячаму ўзросту;

2) перан. бестурботнасць, легкадумнасць, якія спалучаюцца з крайнім эгаізмам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэмпера́мент

(лац. tempéramentum = належныя суадносіны частак, суразмернасць)

1) сукупнасць псіхічных рыс асобы, якія залежаць ад фізіялагічных асаблівасцей арганізма і складаюць пэўны псіхалагічны тып (напр. флегматычны т);

2) жыццёвая энергія, здольнасць да ўнутранага ўздыму, страснасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).

На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл. рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pv​γ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.

Адыябатны працэс: адыябата ідэальнага газу.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,

ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл. рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.

Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУБАНЕШВА́Р,

горад у Індыі, у дэльце р. Маханады. Адм. ц. штата Арыса. Вядомы з 5 ст. 412 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пераважна рыс). Адзін з цэнтраў індуісцкай рэлігіі. Ун-т. Музей.

У старой частцы горада захавалася каля 150 пераважна шыіцкіх шываіцкіх храмаў 7—16 ст., багата ўпрыгожаных разьбой. Галоўны з іх Лінгараджа (11 ст.) — выдатны помнік мясц. арх. стылю Арысы. З інш. збудаванняў гэтага тыпу: Парашурамешвара (8 ст.), Мукгэшвара (каля 950), Раджарані (9—10 ст.), Брахмешвара (11 ст.), Ананта Васудэва (13 ст.). Новая частка Бхубанешвар (грамадскія будынкі, жылыя кварталы) пабудавана ў 1940—50-я т.

Да арт. Бхубанешвар. Дэталь скульптуры храма Парашурамешвара. 8 ст.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КАЎ (Іван) (4.3.1904, Сафія — 4.8. 1978),

балгарскі мовазнавец. Чл.-кар. Балгарскай АН (1945), праф. (1945). Вучыўся ў Сафійскім і Ягелонскім (Кракаў) ун-тах. У працах, прысвечаных параўнальна-гіст. і тыпалагічнаму вывучэнню слав. моў, выкарыстоўваў матэрыял бел. мовы: «Характарыстыка агульных рыс у балгарскай і ўсходнеславянскіх мовах» (1942), «Старая супольнасць і новыя канвергенцыі ў развіцці беларускай і балгарскай моў» (1972), «Супастаўляльны аналіз беларускай і балгарскай моў у рамках роднасных адносін паміж дзвюма мовамі» (1976). Складальнік і рэдактар зборнікаў літ. тэкстаў на слав. мовах, у якіх упершыню змешчаны ўзоры бел. маст. прозы і паэзіі ў арыгінале для балгарскага чытача, у т. л. вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова.

Г.​А.​Цыхун.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎТАН, Лаўтан,

Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.​Шэкспіра, М.​Гогаля, А.​Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).

Літ.:

Утилов В.А. Чарльз Лаутон. М., 1973.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,

штат у цэнтр. ч. Індыі. Пл. 444 тыс. км². Нас. каля 70 млн. чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц. — г. Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн. ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)