НА́РАЎСКА-Я́СЕЛЬДЗІНСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Гродзенскай і ПнЗ Брэсцкай абласцей, у вярхоўях рэк Нараў і Ясельда. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Баранавіцкай раўнінай на У, Пружанскай раўнінай на Пд, заходзіць у межы Польшчы на 3. Выш. 155—185 м, пл. каля 1500 км², працягласць з 3 на У 70 км, з Пн на Пд 15—25 км. Раўніну перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Паводле В.А.Дзяменцьева, Н.-Я.р. знаходзіцца ў межах Заходне-Бел. правінцыі і вылучаецца як фізіка-геагр. падраён Прыбугскай раўніны; інш. даследчыкі адносяць яе да Палесся.

Н.-Я.р. ў асноўным прымеркавана да паўн. ч. Брэсцкай упадзіны (гл. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (сярэднія і кіслыя эфузівы і туфы), адкладаў ніжняга кембрыю (гліны, алеўрыты, пясчанікі), ардовіку (вапнякі), месцамі сілуру (гліны і мергелі), верхняй юры (гліны, пясок, вапнякі), мелу (пяскі, мел, мергель), а таксама пяскоў і глін палеагену і неагену. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—90 м) вылучаны 4 ледавіковыя гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных суглінкаў, падзеленыя водна-ледавіковымі і міжледавіковымі адкладамі. У моцна расчлянёным рэльефе ложа антрапагену вылучаецца Нараўская лагчына ледавіковага выворвання і размыву, урэзаная да юрскіх парод.

Фарміраванне рэльефу адбывалася пад сумесным уздзеяннем ледавікоў ранняга і сярэдняга антрапагену, асн. рысы канчаткова аформлены ў час сожскага зледзянення. У пасляледавіковы час рэльеф значна пераўтвораны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня хвалістая, з участкамі асн. марэны выш. да 5 м, ускладнена дзюнамі (даўж. некалькі дзесяткаў метраў, выш. да 6 м), лагчынамі (глыб. 2—2,5 м) і западзінамі (дыяметрам 20—30 м). У поймах рэк трапляюцца берагавыя валы (выш. 1—2 м). Гал. рэкі: Нараў з прытокамі Нараўка і Рудаўка; Ясельда з Цемрай. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, у паўн. ч. — яловыя лясы, трапляюцца шыракалістыя дубовыя, грабавыя, ясянёвыя лясы; невял. ўчасткі з дубровамі. Раўніна моцна забалочаная. Больш за 20 тыс. га асушана. На тэр. раўніны ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае.

В.​М.​Фядзеня.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,

фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.

Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч. тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб. Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.

Літ.:

Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.Н. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

В.​П.​Якушка.

Беларускае Паазер’е. Краявід.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шмато́к, ‑тка, м.

1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.

2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.

3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.​Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Ашмянскія грады,

фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае узв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага узв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб. выш. 320 м над узр. м.г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс. км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах. галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага узв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.

У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (​1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл. «Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх. ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.

М.​Я.​Камароўскі.

Ашмянскае ўзвышша каля в. Жупраны Ашмянскага р-на.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,

1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.

На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас. Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.

2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).

Літ.:

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то ​1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́ 1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ 2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тулі́цца, тулюся, тулішся, туліцца; незак.

1. Гарнуцца, прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Хлапчанё тулілася да маці і палахліва шаптала: — Я баюся, мамачка. Шамякін. Нібы да знаёмых, туліліся дзеці К савецкім байцам, абнімаючы іх. Астрэйка. За гэты час ласяняты добра падраслі; яны дрыготка пацепваліся ад холаду і туліліся да ласіхі. Кірэйчык. // Гарнуцца, прыхінацца, кахаючы каго‑н. Соладка замірала маё сэрца, калі я кружыў Таню і яна боязна тулілася да мяне. Марціновіч. — Якая ты добрая, што прыйшла ў гэтую ноч, Танечка! — шэпча абрадаваны Міхась і .. моцна туліцца да яе. Машара. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н., быць у прыязных адносінах з кім‑н. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Колас. // Набліжацца і шчыльна прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Я шчыльна тулюся да халодных аконных шыб, хапаюся рукамі за гладкую сцяну і паглынаю вачыма далёкія прасторы. Галавач. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны, туліліся бліжэй да цёплых чараноў. Мележ. Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. Гарэцкі. / у вобразным ужыв. Хвалі мора да берага туляцца. Глебка. Вечар туліўся да шэрых сцен старасвецкай будоўлі. Чорны. І вось ужо Мяне глынула вуліца, Дзе ў змроку непрагляднае начы Не толькі людзі — Дрэва к дрэву туліцца! Макаль. // Хавацца ў што‑н. Генерал туліцца ў бурку, працірае вочы. Пестрак. — Ой, я баюся! — туліцца мама ў падушку. Брыль.

2. Знаходзіць прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе‑н. у цеснаце, у непадыходзячым месцы. У часы вялікага заводу ваўначоска працуе і дзень і ноч, завозчыкі запруджваюць двор, па начах туляцца ў сенцах, у адрыне, на прыгрэбцы, а некаторыя, найбольш знаёмыя, і ў хаце. Кулакоўскі. Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. Васілевіч. Калісьці .. [музычная школа] тулілася ў двух невялічкіх пакойчыках пры Доме асветы. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы. Колас. // Ціха стаяць дзе‑н., прытаіўшыся. Не ведалі сакратар і яго маладзёжная дружына, што за яблыняй на падворку за парканам туліўся не хто іншы, як сам Мацей Гусак. Пестрак. Быццам туліцца цішком Нехта за капліцаю! Дзяргай. // Хавацца дзе‑н., ратуючыся ад каго‑, чаго‑н. Так, дорага абышлася народу гэтая блакада. Вёскі пагалелі канчаткова, людзі туліліся ў лесе, ратуючыся. Лось.

3. перан. Размяшчацца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. Прыборны і Паўленка настойвалі спыніцца ў Выселках — невялічкай вёсцы, што тулілася каля самага лесу. Шамякін. [Будынак] туліўся ля падножжа высокай скалы, нібы зрэзанай нажом зверху ўніз. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),

мацярык у Паўд. паўшар’і, частка свету. Пл. 7631,5 тыс. км² (найменшы сярод мацерыкоў). Нас. 18 млн. чал. (1994). Працягласць з Пн на Пд ад мыса Йорк (10°14 паўд. ш.) да мыса Паўд.-Усходні (39°11 паўд. ш.) 3200 км; з З на У ад мыса Стып-Пойнт (113°51 усх. д.) да мыса Байран (153°34 усх. д.) 4100 км. На Пн Аўстралія абмываецца Тыморскім і Арафурскім, на У — Каралавым і Тасманавым морамі, на Пд і З — Індыйскім ак. Аўстраліі як частцы свету належыць шэраг а-воў: Тасманія, Кінг, Кенгуру, Мелвіл, Грут-Айленд і інш. (пл. з а-вамі 7704,5 тыс. км²). Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на 2,3 тыс. км цягнецца Вялікі Бар’ерны рыф. Берагавая лінія парэзана слаба: на Пн зал. Карпентарыя, на Пд Аўстралійскі зал., вял. п-авы — Кейп-Йорк і Арнем-Ленд на Пн.

Адкрыў Аўстралію галандзец В.​Янсзан у 1606. Усходні бераг ў 1770 наведаў Дж.​Кук. Яго суайчыннік М.​Фліндэрс назваў мацярык Аўстраліяй.

Рэльеф. У рэльефе Аўстраліі пераважаюць раўніны, каля 87% паверхні не перавышае 500 м над узр. м. Аўстралія — самы нізкі мацярык свету, сярэдняя выш. 215 м, найб. 2230 мг. Касцюшкі ў Аўстралійскіх Альпах. Заходнюю ч. Аўстраліі займае Заходне-Аўстралійскае пласкагор’е (выш. 400—500 м) з хрыбтамі і шматлікімі сталовымі гарамі: на паўн.-зах. ускраіне масіў Кімберлі (выш. да 936 м), па ўсходняй — горы Мак-Донел (1510 м, г. Зіл), Масгрэйв (1140 м, г. Вудраф), на ПдЗ хр. Дарлінг (выш. да 582 м), на З хр. Хамерслі (выш. да 1226 м). Сярэдняя ч. Аўстраліі нізінная (пераважная выш. да 100 м над узр. м.). На ПдУ алювіяльныя раўніны рэк Мурэяі Дарлінга, у паўд. частцы хрыбты Фліндэрс і Маўнт-Лофты. Характэрны пенеплены — вял. ўраўнаваныя раўніны з астраўнымі гарамі. Усходнюю ч. Аўстраліі займае Вялікі Водападзельны хрыбет, які складаецца з шэрагу ізаляваных плоскавяршынных горных хрыбтоў з моцна расчлянёнымі стромкімі ўсх. і спадзістымі зах. схіламі.

Геалагічная будова. У аснове цэнтр. і зах. частак мацерыка — стараж. Аўстралійская платформа з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод, якія агаляюцца ў раёне Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я і часткова на п-аве Арнем-Ленд. Цэнтральная ч. платформы перакрыта чахлом асадкавых парод ад познапратэразойскага да кайназойскага ўзросту. Усходняя ч. ўтворана Усх.-Аўстралійскім складкавым геасінклінальным поясам, уключае разам з палеазойскімі вулканічныя і інтрузіўныя пароды ўсіх узростаў. Карысныя выкапні: алмазы (1-е месца ў свеце па здабычы), золата, жал. руды (хр. Хамерслі), медзь (Маўнт-Айза, Квінсленд), марганец (в-аў Грут-Айленд), уран (п-аў Арнем-Ленд), баксіты (п-авы Кейп-Йорк, Арнем-Ленд, хр. Дарлінг), каменны і буры вуглі (Вял. Водападзельны хрыбет), нафта і газ на ўзбярэжжы і ў шэльфавай зоне мацерыка (Баса праліў, ПдУ Аўстраліі), поліметалічныя і тытанавыя руды, фасфарыты.

Клімат. Паўн. частка Аўстраліі (да 20° паўд. ш.) знаходзіцца ў экватарыяльным, цэнтр. ч. (20—30° паўд. ш.) — у трапічным, паўд. ўскраіны — у субтрапічным кліматычных паясах. На б. ч. в-ва Тасманія клімат умераны. Высокія тэмпературы і вял. сухасць клімату (38% плошчы атрымлівае менш за 250 мм ападкаў) абумоўлены геагр. становішчам, працягласцю мацерыка з З на У, размяшчэннем на У Вял. Водападзельнага хр., на Пд хр. Дарлінг, якія затрымліваюць вільгаць з акіянаў. Сярэднія т-ры студз. ад 20 да 30 °C і больш, ліп. ад 12 да 20 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 1500 мм да 300—250 мм за год і менш. Аўстралія — самая гарачая ч. сушы Паўд. паўшар’я: на ​2/3 тэр. трапічны пустынны і паўпустынны клімат (ва ўнутр. раёнах кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. 34 °C, ліп. 10 °C). На б. ч. ўсх. ўзбярэжжа клімат трапічны марскі, гарачы. Самы гарачы раён з т-рай студз. больш за 40 °C на ПнЗ (Марбл-Бар), самы засушлівы — катлавіна воз. Эйр (менш за 120 мм ападкаў за год). Найб. колькасць ападкаў на паўн.-ўсх. узбярэжжы — больш за 2000 мм за год.

Унутраныя воды. Натуральная рачная сетка развіта слаба. Амаль 60% тэрыторыі — бяссцёкавыя вобласці. Рэкі кароткія, жыўленне дажджавое, рэжым нераўнамерны. Пустыні перасякаюць часовыя вадацёкі (крыкі) Купер-Крык, Джарджына і інш. Найб. мнагаводная рака Мурэй (даўж. 2570 км) з гал. прытокам Дарлінг (2740 км; самая доўгая рака Аўстраліі), рэкі Фіцрой, Ропер, Фліндэрс, Вікторыя, Мерчысан. Найб. азёры: Эйр, Торэнс, Амадыес, Гэрднер; вял. колькасць дробных (да 400) на ПдУ — на раўніне Салёных азёраў. Шмат стараж. азёрных катлавін, якія запаўняюцца вадой толькі пасля дажджоў. Аўстралія — багатая падземнымі водамі — 33 артэзіянскія басейны агульнай пл. каля 4800 тыс. км² (глыб. залягання вады 20—1800 м). Найбольш значныя басейны: Вялікі Артэзіянскі басейн, Мурэйскі, Морэтан-Кларэнс, Юкла, Джарджына.

Глебы і расліннасць. Глебавае покрыва падпарадкавана шыротнай занальнасці, парушаецца толькі ў гарах. На Пд і ПнУ развіты месцамі забалочаныя чырвона-жоўтыя латэрытныя глебы, якія змяняюцца чорна-бурымі глебамі саваннаў. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць шэразёмы трапічных і субтрапічных пустыняў і бурыя пустынна-стэпавыя глебы з саланчакамі і масівамі пяскоў. На Пд Аўстраліі прыбярэжная паласа каштанавых глебаў, на ПдЗ мацерыка чырваназёмы і жаўтазёмы субтрапічных саваннаў, па схілах гор горныя жоўта-бурыя лясныя, на вяршынях гор і ў Аўстралійскіх Альпах горна-лугавыя глебы. Расліннасць Аўстраліі развівалася ва ўмовах доўгай ізаляцыі, адрозніваецца своеасаблівым складам — каля 75% эндэмікі. Найб. тыповыя эўкаліпты (больш за 600 відаў), акацыі (490 відаў) і казуарыны (каля 25 відаў). Цэнтр. ч. мацерыка занята пясчанымі пустынямі (Вялікая Пясчаная пустыня, Вялікая пустыня Вікторыя, Гібсана пустыня) з рэдкімі дзярнінамі ксерафітных злакаў. Пустыні акаймаваны поясам паўпустыняў з зараснікамі калючых хмызнякоў (скрэбы). На Пн, У, ПдУ і ПдЗ паўпустыні пераходзяць у саванны (злакавае покрыва, асобна трапляюцца акацыі, «травяное дрэва», бутэлечнае дрэва). У далінах рэк паўн. і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа ўчасткі гілеяў, у вусцях — балоты і мангравыя зараснікі. 3% пл. займаюць лясы. Наветраныя схілы Вял. Водападзельнага хр. на Пн укрыты субэкватарыяльнымі вільготнымі лясамі з пальмамі, фікусамі, лаўровым дрэвам, араўкарыяй і бамбукам, далей на Пд — трапічнымі лясамі з эўкаліптаў. На зах. падветраных схілах — рэдкалессе і саванны. У гарах найб. рэзка выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Каля верхняй мяжы лесу растуць бук, «снегавы» эўкаліпт, дрэвападобныя папараці. Мацярык Аўстралія з прылеглымі а-вамі Тасманія і інш. вылучаюцца ў асобную фларыстычную вобласць, гл. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць.

Жывёльны свет. Фауна Аўстраліі адрозніваецца багаццем эндэмічных (да 90 відаў) і рэліктавых жывёл. На мацерыку вял. колькасць сумчатых зямнога шара: кенгуру, барсук, мядзведзь (каала). Толькі ў Аўстраліі яйцародныя млекакормячыя (качканос і яхідна), дваякадыхаючая рыба рагазуб, адсутнасць эндэмічных капытных, прыматаў і драпежнікаў (акрамя дзікага сабакі дынга). З птушак ёсць страус эму, казуары, чорны лебедзь, лірахвост, папугаі, райскія птушкі і інш. Шмат ядавітых змей, яшчарак, скарпіёнаў, ядавітых павукоў; у вадаёмах — аўстралійскія кракадзілы і чарапахі. Флора і фауна ахоўваецца ў нац. парках і запаведніках, найб. вядомыя: Маўнт-Бафала, Касцюшкі, Саўт-Уэст (в-аў Тасманія), Уілсанс-Проматары і інш.

Насельніцтва. Гл. ў арт. пра дзяржаву Аўстралія.

На тэр. Аўстраліі размешчана дзяржава Аўстралія.

Літ.:

Галай И.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Австралия и Океания. Антарктида. М., 1981;

Петров М.П. Пустыни земного шара. Л., 1973;

Кист А. Австралия и острова Тихого океана: Пер. с англ. М., 1980.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)