сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садзі́ць, саджу, садзіш, садзіць; незак., каго-што.

1. Запрашаць або прымушаць заняць якое‑н. месца. Усіх мы блізкіх, дарагіх У родным доме сустракаем, За стол гасцінны садзім іх, Частуем цёплым караваем. Прыходзька. // Дапамагаць заняць месца ў якім‑н. транспарце для паездкі. Садзіць людзей у машыну. Садзіць пасажыраў на параход. // Прапаноўваць сесці і заняцца чым‑н. Садзіць дзяцей за ўрокі. Садзіць вучня за кнігу. // Весці на пасадку, прызямленне (самалёт). Самалёт давялося садзіць на полі.

2. Прызначаць, уладкоўваць на якую‑н. пасаду. Цяпер калі каго ўжо садзяць на трактар, дык ён няйначай механізатар шырокага профілю. Кірэйчык. [Зусь:] — [Леўка Здрок] даўно ўжо квапіўся пасадзіць на Васілёва месца свайго брата, такога ж.., як і сам. Дык няхай бы садзіў. Сабаленка.

3. Пасяляць дзе‑н. (для вядзення гаспадаркі). Перасяленцаў прыйшлося садзіць на неабжытыя ўчасткі.

4. Знявольваць, пазбаўляць волі. Садзіць на гаўптвахту. □ [Бусыга:] — Талаш і Рыль?.. Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Колас. // Змяшчаць куды‑н. (птушак, жывёлін). Птушак лавілі і садзілі ў клеткі. // Аб’ядноўваць разам. Ці можна будзе .. [барсукоў] садзіць разам з цецерукамі? — казаў Віктар. Маўр. // Змяшчаць каго‑н. у што‑н. для расплоджвання, гадоўлі. Садзіць рыбу ў сажалку. // Змяшчаць у гняздо для выседжвання куранят, качанят і пад. Садзіць качку на яйкі. Садзіць квактуху.

5. на што. Разм. Патрабаваць прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўваць у чым‑н. Садзіць на дыету. Садзіць на паёк.

6. Закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін. Садзіць памідоры. Садзіць бульбу. □ Бацька век зжыў на гаспадарцы, а ён — вучыць: сырадэлю сёй, буракі на полі садзі, вокны ў хляве карове праразай. Крапіва. Маладая настаўніца ў школьным двары Садзіць з вучнямі стройныя дрэўцы. Гілевіч. // Весці працу ў агародзе, рабіць пасадкі. Людзі садзілі агароды, працавалі ў полі. Лупсякоў.

7. Змяшчаць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння. Садзіць хлеб у печ.

8. Змяшчаць за рамку (фотаздымкі). Я адчыняю сумку, дастаю адтуль Валодзькаву картку і саджу за рамку — хай ён са сцяны ўсміхаецца маці. Лось.

9. Разм. Усоўваць што‑н. куды‑н. Садзіць нагу ў бот. □ Пальцы між дзвярэй не садзі. Прыказка. // Усаджваць, утыкаць. Садзіць іголку ў клубок. □ Садзіць [Света] вяху дзе папала, кладзе руку сабе на бок і стаіць, скрывіўшыся, чакае. Пташнікаў. // Насаджваць на вастрыё; караць, мучыць. Даўней за злачынства на кол садзілі. // Набіваць, надзяваць, замацоўваючы на чым‑н. Садзіць шасцярню на вал. Садзіць восці на шост.

10. і без дап. Разм. Энергічна, з сілай утвараць якое‑н. дзеянне. Садзіць кулаком пад бок. Сінякі садзіць. // Страляць з гармат па чым‑н. Немец садзіў па .. [мястэчку] цяжкімі снарадамі. Навуменка. // Моцна дзьмуць (пра вецер). Садзіў пранозлівы вецер, мабыць, з дзвярэй, але іх загароджвалі людзі, якія невядома адкуль з’явіліся тут. Асіпенка. Вецер садзіць у вочы, фурчыць у вушах. Брыль. // Выходзіць з коміна густымі клубамі (пра дым). Ганька спазнілася. Людзі ўжо выпаляць скора... Вунь як садзіць дым у Анюткі Корбутавай і Мані Паўлавай. Васілевіч. // Заўзята, раз за разам, пасылаць што‑н. (часцей лісты са скаргамі). Яго жонка двойчы аліментны ліст прысылала, і цяпер па ўсіх інстанцыях пісьмы садзіць. Савіцкі.

11. без дап. Разм. Бадзёра ісці, бегчы нацянькі. Воўк з ядлоўцу вылятае Ды ў авечак проста садзіць. Злы, раз’юшаны, бы кат. Колас. Чапляючыся за галлё і карчы, абдзіраючы рукі аб сухія вострыя патырчакі, хлопцы нацянькі садзілі ў Вайніловічаў двор. Мурашка.

12. Угрузіўшы ў што‑н. вязкае, гразкае, даць завязнуць, засесці. Колькі разоў садзіў.. [Мікола Багун] тут у гразь свой трактар. Шчарбатаў.

13. Наносіць, прышываць што‑н. на якую‑н. паверхню (плямы, латкі і пад.). Садзіць кляксы. Латкі садзіць.

14. Разм. Марна траціць, транжырыць (грошы). Садзіць грошы без разбору.

15. Разм. Правальваць каго‑н. на экзамене. Садзіць паступаючых на закавырыстых пытаннях.

•••

На пасад садзіць — а) рыхтаваць месца і садзіць на вяселлі на покуце — пачэсным месцы; б) аддаваць замуж. Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі. Купала.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць за стол — частаваць.

Садзіць нос куды, у што — умешвацца не ў сваю справу. [Лявоніха:] — Ідзі ўжо, ідзі, толькі не вісі там, як цюцька на вяселлі, не тыя гады. Ды не садзі носа, куды не трэба. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)