РУСА́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ, граныя песні. Адносяцца да веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконваліся на заключным этапе веснавых свят і абрадаў усх. славян — на русальны, або граны, тыдзень (гл. Русаллі), звязаны са стараж. вераваннямі пра русалак. Сярод Р.п. вылучаюцца песні, што непасрэдна звязаны з русальным абрадам (адлюстроўваюць і суправаджаюць яго), і песні, тэматычна слаба звязаныя з абрадам. У песнях, як правіла, указваюцца час і месца абраду, русалкі просяць у людзей адзежу ці ваду, каб ажывіцца. Вобраз русалкі ў Р.п. не пазбаўлены супярэчнасцей, як і наогул нар. ўяўленні пра яе. З аднаго боку, яна — ахоўніца багатага ўраджаю, а з другога — шкодная істота, супраць якой засцерагаліся пры дапамозе ахоўнай магіі. Такая дваістасць вобраза — вынік узаемапранікнення нар. язычніцкіх вераванняў і хрысціянства.

Публ.:

Веснавыя песні. Мн., 1979.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́ЦКІ БОЙ 1942,

бой па разгроме фаш. гарнізона ў г.п. Ўшачы партыз. атрадаў брыгады Чашніцкай «Дубава» (кіраўнік Ф.​Ф.​Дуброўскі) і атрада М.​М.​Нікіціна 28 вер. ў Вял. Айч. вайну. За тыдзень да аперацыі партызаны правялі разведку боем і ў ноч на 28 вер. нанеслі першы ўдар, увечары пачалі штурм умацаваных пазіцый гарнізона, авалодалі будынкам камендатуры. паліцэйскай управы, разграмілі турму. выратавалі вязняў, спалілі склад з фуражом; цяжкія баі для партызан адбыліся пры авалоданні будынкам школы і з прыбыўшым з Лепеля падмацаваннем гітлераўцам. У выніку баёў ням. гарнізон панёс вял. страты, таму ў нач. кастр. яго рэшткі пад аховай матарызаваных падраздзяленняў вермахта эвакуіраваны ў г. Лепель, а Ушачы занялі партызаны, якія пакінулі ў пасёлку гарнізон на чале з У.​С.​Максімовічам.

У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

са́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саней. З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. Відаць, недалёка вёска, бо там-сям санны след быў зацярушаны сенам, а сена тут здалёк не возяць. Бураўкін.

2. Звязаны з яздой, перавозкамі на санях; які адбываецца на санях. Цяпер у цішыні музея гармата сніць Кавлова санны рэйд. Вялюгін. // Прыгодны для язды на санях. Тыдзень ужо, як лягла санная дарога. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«СЯЛЯ́НСКАЯ НІ́ВА»,

грамадска-палітычная, літ. і гасп. газета Беларускага сялянскага саюза. Выдавалася з 6.12.1925 да 7.7.1930 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Выдавец Ф.Ярэміч. Проціпастаўляла сац.-паліт. і нац. інтарэсы зах.-бел. сялянства «нацыянальна-чужому» гораду, культывавала бел. сял. традыцыі. Адстойвала сваю тактыку барацьбы за нац. незалежнасць. Друкавала вершы М.​Васілька, М.​Краўцова, Т.​Леўчыка, Улад-Ініцкага (У.​Паўлюкоўскага), Ф.​Грышкевіча, Я.​Башкіра (І.​Пачопкі), П.​Крэня, С.​Пеюна (Новік-Пеюна), П.​Сокала (Масальскага), Я.​Нарцызава (Драздовіча), апавяданні А.​Васілеўскага, С.​Грынкевіча. Змясціла агляд творчасці Я.​Купалы, зроблены Я.​Светазарам (Краўцовым), рэцэнзію на зб. паэзіі У.​Жылкі «На ростані», літ.-гіст. нататку пра Эмілію Плятар, фалькл.-этнагр. артыкулы М.​Вяршыніна, М.​Пецюкевіча, перадрук паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка», пераклады з Гі дэ Мапасана, А.​Дадэ, Э.​Заля. Выйшлі 199 нумароў, асобныя канфіскаваны цэнзурай.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.​А.​Дзмітрыева, А.​Я.​Багдановіча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Е.​Р.​Раманава і інш.

Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.​Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.​Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.​Саланевіча (1902) і інш.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,

12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам з Вялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайна хрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕШЫБО́Т (ад стараж.-яўр.),

іудзейская вышэйшая рэліг. школа па падрыхтоўцы гал. чынам рабінаў. Е. ўзніклі ў Вавілоніі. Палесціне, Егіпце ў перыяд фарміравання Талмуда. Былі асн. цэнтрамі іудзейскай тэалагічнай думкі і месцам выхавання духоўнай і інтэлектуальнай эліты яўрэйства. У Е. прымалі юнакоў з 13 гадоў, якія скончылі хедэр (пач. школу). Утрымліваліся на ахвяраванні яўр. абшчын і прыватных асоб. Тэрмін навучання дакладна не быў вызначаны. Лекцыі чыталіся 2—3 разы ў тыдзень, выкладчыкі давалі агульныя кірункі, тлумачылі асобныя месцы і палажэнні Талмуда, астатні час вучні займаліся самастойна. У Беларусі Е. вядомы з 16 ст. Старэйшым лічыцца Е. у Брэсце. Найбольшыя Е. былі ў Валожыне, Лідзе, Міры, Слоніме, Слуцку, Радуні. Існавалі да 1930—40-х г., некаторыя іх будынкі (напр. у Валожыне, Міры) захаваліся.

Б.​А.​Мельцэр.

т. 6, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ГАЗЕ́ТА»,

грамадска-палітычная газета. Заснавальнікі — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Выдавалася з 6.5.1994 да 28.6.2002 у Мінску на бел. і рус. мовах раз у тыдзень. Асвятляла дзейнасць органаў заканад. і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь, адстойвала прынцыпы сац. справядлівасці, садружнасці слав. народаў (мела старонку «Славянскі цэнтр»), палемізавала з інш. выданнямі па пытаннях грамадска-паліт., эканам., міжнар. жыцця, расказвала аб праблемах і шляхах развіцця навукі, культуры і сельскай гаспадаркі. Публікавала аналіт. матэрыялы па праблемах экалогіі, маралі і права, рэпартажы, нарысы пра найб. значныя сац., культ. і спарт. падзеі, новыя творы бел. пісьменнікаў і інш. Мела рубрыкі: «Адзінства», «Пункт гледжання», «Фрагменты геапалітыкі», «Праўда ў вочы», «Духоўнасць», «Сыны Айчыны», «Трыбуна паэта», «Векапомнае» і інш. З газетай супрацоўнічалі бел. вучоныя, грамадскія дзеячы, творчая інтэлігенцыя і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,

газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.​В.​Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел. нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ. «Рабочий и солдат».

С.​В.​Говін, М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)