нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.

1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.

2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.

1. Сілай пакласці канец чаму‑н. Падавіць паўстанне. □ Немцы прымалі крутыя меры, каб падавіць народны рух. Мікуліч. // Прымусіць перастаць страляць. Падавіць агонь праціўніка. □ Прыбег сувязны ад Зайцава і далажыў, што нямецкі кулямёт падавіць не ўдаецца. Мележ. — Таварыш сержант, дазвольце падавіць дзот, — папрасіў Пеця. Сіняўскі. // перан. Стрымаць, не дазволіць стаць большым (аб пачуццях). Трэба было ўзяць сябе ў рукі, сілай волі падавіць нерашучасць. Новікаў.

2. Раздушыць, перадавіць усё, многае або ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гандля́р, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца прыватным гандлем; крамнік. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы, у якіх жывуць прыезджыя паны .. і гандляры-яўрэі. Брыль. Сымон прыехаў у Старочын рана. Гандляры толькі паадчынялі свае крамы. Чарнышэвіч.

2. Купец, перакупшчык. Самуіл Плаўнік працаваў на біржы досыць багатага гандляра лесам. Мікуліч.

3. перан. Пагард. Беспрынцыповы чалавек, які гандлюе сваім сумленнем, талентам, перакананнямі і пад. [Ярохін:] — Я не гандляр, містэр лорд! І на маёй радзіме сумленне не прадаюць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эласты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Гнуткі і пругкі. Твар закрывала эластычная гумавая маска з вузкімі прарэзамі для вачэй. Машара. Скрут прыхінуўся спінай да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным касцюмам яе цвёрдасць. Шыцік.

2. перан. Мяккі, плаўны, павольны; пазбаўлены рэзкасці. Эластычныя рухі. □ Павольная, эластычная ў сваім праяўленні сутарга прайшла па ягоным целе, і чалавек, распластаўся на каменні, адкінуўшы руку з плакатам убок. Мікуліч.

3. перан. Які лёгка змяняецца пад уздзеяннем якіх‑н. умоў, які можа лёгка прыстасоўвацца да чаго‑н.

[Ад грэч. elastós — пругкі, цягучы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.

1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).

2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.

1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.

2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.

[Ад лац. praetendere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па модзе, адпаведна з модай. Модны капялюш. □ Сіняе паліто з чорным коцікавым каўняром было моднае, шчыльна аблягала .. [Ірыніну] постаць. Чорны. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант. Мікуліч.

2. Які прытрымліваецца моды, ідзе за модай. Перад.. [Алесем] стаяў Кібрык. У светлым касцюме, вясенні, модны. Шыцік.

3. Які мае адносіны да моды (у 2 знач.).

4. Які карыстаецца папулярнасцю, агульным прызнаннем у гэты перыяд. Модны пісьменнік. Модны раманс. □ Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; заг. лавіруй; незак.

1. Рухацца пад парусамі супраць ветру, мяняючы напрамак судна; плысці з частымі пераменамі курсу ў абход падводных скал, мелей, ільдзін і пад. З затону ў мора выйшаў першы сейнер, Лавіруючы ўмела паміж крыг. Звонак.

2. Рухацца не прама, а зігзагамі, абмінаючы перашкоды. Машына абганяла фурманкі, лавіравала паміж грузавікоў, даючы кароткія сігналы. Мікуліч.

3. перан. Умела выходзіць з цяжкага становішча, ухіляцца ад чаго‑н. Вінаваты .. [у няўдачы] быў і няўжыўчывы характар Хадасевіча, гэты хлопец ніколі не ўмеў лавіраваць і заўсёды ішоў напралом. Арабей.

[Ад гал. laveeren.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.

2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссо́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; пр. ссохся, ссохлася, зак.

1. Высыхаючы, стаць меншым, пакарабаціцца. [Чаравікі] Міхасіку завялікія, ссохліся, зморшчыліся, хоць тата і пашмараваў іх салам, змешаным з сажай. Каліна. Пасля ўбачыў [Андрэй], як у яго ссохліся кірзавыя боты. .. Ён пакратаў нагамі — боты загрукалі, як капыты: былі цвёрдыя. Пташнікаў. // перан. Разм. Пахудзець (пра чалавека). Сюды, пад ліпу, прыходзілі часам і дзяўчаты, адбіўшыся ад сябровак .. Адна, Наста, хадзіла аж два гады, ссохлася ўся, перасцярогу забыла. Мікуліч.

2. Высыхаючы, стаць цвёрдым, зацвярдзець. Гліна ссохлася.

3. Стаць шурпатым, сасмягнуць (пра губы). Губы ссохліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)