ДОЙЛ ((Doyle) Артур Конан) (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),
англійскі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв. вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.По і У.Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.
Літ.:
Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕР ((Giller) Агатан) (9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),
польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр.нац.к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.І.Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСТЭБЛ, Констэбль (Constable) Джон (11.6.1776, Іст-Бергхалт, каля г. Іпсуіч, Вялікабрытанія — 31.3.1837), англійскі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік англ.рэаліст. пейзажа. Скончыў АМ у Лондане (1805, з 1829 яе член). Склаўся пад уплывам твораў Я. ван Ройсдала, Н.Пусэна, Т.Гейнсбара. Першы ў гісторыі еўрап. пейзажа маляваў прыроду з натуры Творы рабіў на аснове эцюдаў смелымі неспакойнымі мазкамі, ствараючы свежасць і жывую дынаміку фарбаў, стан святлопаветранага асяроддзя: «Млын у Флэтфардзе» (1817), «Воз для сена» і «Эцюд дрэва» (абодва 1821), «Сабор у Солсберы» (каля 1823), «Дэдхемская даліна» (1828), «Від на Хайгет з Хэмпстэдскіх пагоркаў» (каля 1834), «Стокбай-Нэйленд» (1836) і інш. Яго творы, выстаўленыя ў франц. салоне 1824, паўплывалі на франц.рэаліст. пейзаж 1830—40-х г., у т. л. на Э.Дэлакруа, мастакоў барбізонскай школы, імпрэсіяністаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУ́ГЛАГА СТАЛА́» КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1930—32 (1-я ў 1930—31, 2-я ў 1931—32, 3-я ў 1932). Адбыліся ў Лондане паміж брыт. і інд. прадстаўнікамі, калі брыт. ўрад абвясціў пра намер прадаставіць Індыі статус дамініёна, і павінны былі вырашыць пытанні канстытуцыйнага ўладкавання Індыі. З інд. боку ў канферэнцыях удзельнічалі пераважна князі (больш за 600 чал.), група інд. лібералаў і прадстаўнікі рэліг. меншасцей. Найб. уплывовая партыя Індыі — Інд.нац. кангрэс (ІНК), якая праводзіла ў той час кампанію грамадз. непадпарадкавання, байкатавала 1-ю і 3-ю канферэнцыі, дамагаючыся поўнай незалежнасці Індыі. У сак. 1931 ІНК прыпыніў кампанію грамадз. непадпарадкавання, а яе лідэр М.К.Гандзі прыняў удзел у 2-й канферэнцыі, дзе выступіў супраць навязанага брыт. бокам асобнага прадстаўніцтва ніжэйшых каст у органах дзярж. улады. Вынікі «К.с.» к. скарыстаны пры распрацоўцы Закона аб кіраванні Індыяй (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГА́Т (Мікалай Густававіч) (27.12.1869, Масква — 24.1.1937),
расійскі артыст балета, педагог, балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1888), выкладаў у ім у 1896—1914. З 1888 вядучы класічны танцоўшчык, з 1910 гал. балетмайстар Марыінскага т-ра. Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», «Чароўная флейта» Р.Дрыга), Франц («Капелія» Л.Дэліба). З 1922 у эміграцыі. Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—26). Адкрыў школу ў Лондане (1923). Сярод вучняў: Г.Паўлава, М.Фокін, Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, А.Ваганава, Ф.Лапухоў, М.Фантэйн і інш. Аўтар кн. «Апавяданне пра рускую школу» (1932), альбома «Рускі балет у карыкатурах» (1903, з С.Легатам).
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч. 1]. Хореографы. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́ГАРСВАЛ, Нюгарсваль (Nygaardsvold) Юхан (6.9.1879, г. Хомельвік, Нарвегія — 13.3.1952), нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1916—49 дэп. сторцінга ад Нарв. рабочай партыі (НРП), у 1928 і 1934—35 прэзідэнт сторцінга. У сак. 1935 — чэрв. 1945 прэм’ер-міністр Нарвегіі. Урад Н. засяродзіўся на вырашэнні праблемы беспрацоўя, у т. л. праз дзярж.буд-ва шашэйных дарог і чыгунак, скасаваў антырабочыя законы папярэдніх гадоў, увёў 2-тыднёвы аплатны адпачынак, пашырыў 8-гадзінны прац. дзень на маракоў і с.-г. рабочых, прыняў законы аб пенсіях па старасці і аб ахове працы, увёў абавязковае страхаванне па беспрацоўі; у знешняй палітыцы фактычна прытрымліваўся нейтралітэту. У 2-ю сусв. вайну пасля паражэння нарв.узбр. сіл у ходзе Нарвежскай аперацыі 1940 урад Н. разам з каралеўскай сям’ёй знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане (з чэрв. 1940). З чэрв. 1945 у адстаўцы, адышоў ад актыўнай паліт. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОЛД ВІК»
(Old Vic Theatre),
найбуйнейшы драм.т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.Бейліс, Т.Гатры, Л.Аліўе (сумесна з Р.Рычардсанам і Дж.Барэлам), Х.Хант, М.Бентал, М.Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.Гілгуд, Аліўе, А.Гінес, Ч.Лотан, Рычардсан, М.Рэдгрэйв, С.Торндайк, П.Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац.т-р Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМЕ́ЙСТАР (Уладзімір Паўлавіч) (15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.В.Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.Л.Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.Спадавекія (з І.Курылавым), «Жанна д’Арк» М.Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.Дунаеўскага і В.Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ.М., 1973.
Да арт.Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.Кан. 1960.