ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ СІМЯО́НАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 16(?)—19 ст. у Брэсце (Берасці). Упершыню ўпамінаецца ў актах Брэсцкага земскага суда ў 1604 як куплены (разам з с. Муравец) Е.Солтанам у свайго дзядзькі Д.Солтана. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. У 1-й трэці 17 ст. быў аб’ектам барацьбы паміж уніятамі і правасл. мяшчанамі. У 1632 на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі. Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра (17 — пач. 18 ст.), яго падтрымлівалі некат. брэсцкія цэхі. Ігуменам у 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі. Драўляныя будынкі манастыра знесены пры ўзвядзенні Брэсцкай крэпасці.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ АГО́НЬ,

агонь, які запальваюць і падтрымліваюць на памятных месцах, як сімвал увекавечання памяці тых, хто загінуў, на месцах бітваў, каля помнікаў, манументаў, курганоў Славы, Памяці, Бессмяротнасці, на брацкіх могілках і мемарыяльных могілках воінаў, партызан, ахвяр фашызму. Упершыню запалены ў 1920 у Парыжы на магіле Невядомага салдата 1-й сусв. вайны. На Беларусі вечны агонь гарыць каля манументаў Перамогі ў Мінску і Віцебску, у Брэсцкай крэпасці-героі, каля помнікаў Памяці ахвяр фашызму лагераў смерці Трасцянец, Масюкоўшчына (Мінскі р-н), у мемарыяльных комплексах Хатынь (Лагойскі р-н) і інш. населеных пунктах, а таксама на месцах памятных падзей.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЁЎ Рыгор Самойлавіч

(1.2.1921, г. Нікапаль Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.8.1985),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1950). Друкаваўся з 1950. Аўтар зб. вершаў «Разведка боем» (1957), паэм «Самалёты выходзяць у поле» (1951), «На беразе Палаты» (1964), асн. тэма якіх патрыятызм, жыццё сучаснікаў. На рус. мову пераклаў вершы М.Танка (зб. «Каб дайсці да казкі...», 1966), А.Вярцінскага (зб. «Вяртанне», 1969), Г.Бураўкіна (зб. «Жаваранак над праспектам», 1972), С.Грахоўскага (зб. «Зазімак», 1978), паэму Р.Барадуліна «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975), асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, П.Глебкі, П.Панчанкі, Е.Лось і інш. На бел. мову яго вершы пераклалі У.Паўлаў, А.Пысін, С.Шушкевіч.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

узне́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. узнёсся, ‑неслася; заг. узнясіся; зак.

1. Падняцца ўверх, у вышыню; узляцець. На лётных пляцоўках, у зацішных пералесках гатовы штохвіліны ўзнесціся ўгору грозныя паветраныя крэпасці. Шынклер. Якім падобным на стралу зрабілі ТУ–104 — Срэбны лайнер той, Што ўзнёсся над прасторамі Сібіры, Каб апынуцца недзе за Чытой!.. Кусянкоў. Вы [касманаўты] ўзнесліся туды, высока, І плылі ў міжзорным акіяне... Буйло. // Накіравацца ўвысь, узвысіцца. Той хвілінай я думаў пра шчасце, А яшчэ — пра Сінія скалы, Што ўзнесліся горда Над горадам Слівенам. Гілевіч. І бяроза, што ўзнеслася над хатай, тая ж, статная і прыгожая. Шашкоў. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Стаць ганарыстым, фанабэрыстым, пагардлівым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каменда́нт

(ням. Kommendant, ад лац. commendans, -ntis)

1) начальнік войск крэпасці або ўмацаванага раёна;

2) вайсковы начальнік, які наглядае за парадкам нясення службы ў гарнізоне;

3) асоба, якая наглядае за парадкам перамяшчэння войск і вайсковых грузаў на шляхах зносін (ваенны к.);

4) асоба, якая адказвае за ахову і маёмасць якога-н. грамадскага будынка (напр. к. інтэрната).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРТ-ЦІШЫ́НСКІ (Bart-Ćišinski) Якуб

(сапр. Барт; 20.8.1856, в. Кукаў, Германія — 16.10.1909),

сербалужыцкі паэт, драматург. Прадстаўнік нац. культ. руху лужыцкіх сербаў. Садзейнічаў фарміраванню сучаснай верхнялужыцкай мовы, распрацоўваў новыя для лужыцкай л-ры жанры. Аўтар «Кнігі санетаў» (1884), зб-каў «Формы» (1888), «Сербскія гукі» (1897), «Кроў і край» (1900), «Святло з вышыні» (1911), драм «Стары Серб» (1878), «У крэпасці» (1880). Эпічная паэма «Жаніх» (1876, выд. 1926) пра ролю сялянства ў адраджэнні Лужыцы. Перакладаў з польскай, рус., чэшскай моў. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Зарыцкі, М.Танк, А.Траяноўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;

Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986.

М.М.Трус.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЙЗЕНАЎ (Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон

(27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),

прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ (Dubois) Станіслаў

(7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ Іван

(Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),

удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва «Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.

В.В.Швед.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)