БА́ЙРАН (Byron) Джордж Ноэл Гордан (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),
вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял.кн.Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял.кн.Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял.паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел.правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.
Літ.:
Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАГЕ́ДЫЯ (грэч. tragōdia ад tragos казёл + ōdē песня),
від драмы, засн. на глыбокіх, трагічных калізіях (гл.Трагічнае), супярэчнасцях, якія развіваюцца ў востры, непрымірымы канфлікт, што вядзе да гібелі станоўчых герояў ці абодвух процідзейных бакоў, да сутыкнення моцных характараў, логікай падзей асуджаных на пакуты, значныя страты, на безвыходнасць. Сцвярджальны пафас Т. найчасцей увасоблены ў вобразе незвычайнай асобы, носьбіта высокіх ідэалаў. Асн. праблематыка — злачынства і пакаранне, адзінота чалавека сярод людзей, маральная адказнасць, сэнс жыцця, подзвіг у імя высокай ідэі і інш.; цэнтр. героі — асобы выключныя, высакародныя (у стараж. грэкаў — багі і цары).
Т. зарадзілася ў Стараж. Грэцыі з культу Дыяніса; напачатку была далёкая ад пазнейшых жанрава-атрыбутыўных форм. Вылучэнню ўласна Т. з культава-рэліг. відовішчаў садзейнічала ўзвелічэнне ролі карыфея хору сатыраў, што прывяло да строгага чаргавання песенных частак з дэкламацыйным апавяданнем пра пакуты і прыгоды героя. Росквіту дасягнула ў 5 ст. да н.э. (Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід). Катарсіс, ачышчэнне праз пакуты і спагаду — мэта ант. Т. Сінкрэтызм грэч. Т. — прычына яе замірання ў пазнейшую эпоху. На новым маст.-выяўл. узроўні адрадзілася ў эпоху Рэнесансу і барока. У трагедыях К.Марла, Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, У.Шэкспіра дзейнічаюць шматгранныя характары. У перыяд класіцызму найлепшыя Т. стварылі П.Карнель, Ж.Расін, у рус. л-ры — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, У.Озераў. У межах патрабаванняў класіцызму (адзінства часу, месца дзеяння) Т. стварыў Ф.Шылер. Пачынаючы з трагічных драм рамантыкаў (Дж.Байран, В.Гюго, М.Лермантаў і інш.), складваюцца жанры, што адрозніваюцца ад класічнай Т. прынцыпамі рэаліст. абагульнення (мяшчанская Т., рамантычная Т., меладрама, гіст. драма, нар. драма). Далейшая трансфармацыя Т. адбылася ў рэаліст. л-ры. Усё часцей трагедыйная танальнасць спалучаецца з камедыйнай (гл.Трагікамедыя). Значны ўклад у развіццё жанру зрабіла рус.л-ра («Барыс Гадуноў», «Скупы рыцар», «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна, «Навальніца» А.Астроўскага, «Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога і інш.).
Першыя спробы стварэння бел. Т. адносяцца да 18 ст. («Суддзя без розуму» К.Марашэўскага, «Сапар» і «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча; усе на польскай мове). У пач. 20 ст. на аснове трагедыйных калізій напісаны п’есы «Антось Лата» Я.Коласа, «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Бязродны» У.Галубка, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча і інш. У бел.сав. л-ры з яе арыентацыяй на аптымістычнасць пафасу жанр Т. развіваўся менш інтэнсіўна, чым іншыя, нешматлікія трагедыйныя творы тэматычна далучыліся да гераічнай тэматыкі («Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Юныя мсціўцы» В.Хазанскага і А.Гутковіча, «Шпачок» А.Махнача, «Рашэнне» В.Быкава, «Злавеснае рэха» А.Петрашкевіча і інш.) або гіст. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» У.Караткевіча, «Купала» А.Дударава і інш.).
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72.
аўстрыйскі псіхіятр і псіхолаг, заснавальнік псіхааналізу. Скончыў Венскі ун-т. Д-р медыцыны (1881). Праф. Венскага ун-та (1902). У 1902 заснаваў т-ва «Псіхалагічныя серады» (з 1908 Венскае псіхааналіт. т-ва). З 1938 у Вялікабрытаніі.
Распрацаваў шэраг метадаў лячэння хворых неўрозамі, якія склалі тэрапеўтычную частку псіхааналізу: метад-катарсіс, заснаваны на выяўленні ў стане гіпнозу бессвядомых псіхічных траўмаў з мэтай вызвалення ад іх пацыента; метад вольных асацыяцый (аналіз выкладзеных пацыентам думак і адчуванняў, вызваленых ад унутр. цэнзуры: сумлення, сораму, імкнення да ветлівасці, самапавагі і інш.); метады аналізу снабачанняў сненняў*, памылковых дзеянняў, абмовак пацыента і інш. («Даследаванне істэрыі», 1895, з І.Броерам; «Псіхапаталогія паўсядзённага жыцця», 1901). Развіваў тэорыю бессвядомых памкненняў, згодна з якой у аснове ўсіх свядомых псіхічных працэсаў ляжаць бессвядомыя. Сярод бессвядомых працэсаў вылучаў інстынктыўныя сексуальныя памкненні — лібіда. На яго думку, незадаволеныя сексуальныя памкненні выклікаюць пакуты, якія выцясняюцца ў бессвядомае, але ўплываюць на свядомасць і паводзіны чалавека. Сцвярджаў, што выцесненыя незадаволеныя сексуальныя памкненні могуць выклікаць неўрозы, часам адыгрываюць станоўчую ролю шляхам сублімацыі — пераўтварэнне энергіі гэтых памкненняў у творчасць. Акрамя базіснага сексуальнага памкнення (лібіда) вылучаў дэструктыўныя, агрэсіўныя памкненні, якія, на яго думку, параджаюць 2 тыпы энергіі: стваральную («Эрас») і разбуральную («Танатас»). Развіваў псіхадынамічную тэорыю асобы («класічны псіхааналіз»), паводле якой структура псіхікі асобы ўключае 3 кампаненты («інстанцыі»): «ід» («Яно») — фундамент псіхікі, крыніца псіхічнай энергіі, якая складаецца з сукупнасці бессвядомых сексуальных і агрэсіўных памкненняў; «эга» («Я») — сукупнасць пераважна ўсвядомленых пазнавальных і выканаўчых функцый псіхікі; «суперэга» («Звыш-Я») — частка псіхікі, якая змяшчае сац. нормы, устаноўкі, маральныя каштоўнасці грамадства. Паводле Ф., канфлікт паміж «інстанцыямі» псіхікі прыводзіць да псіхічных захворванняў. Выцясненне і сублімацыю лічыў «ахоўнымі механізмамі», якія здымаюць напружанасць канфлікту паміж кампанентамі псіхікі. Імкнуўся да пашырэння сферы псіхааналізу на з’явы міфалогіі і рэлігіі («Татэм і табу», 1913; «Будучыня адной ілюзіі», 1927; «Майсей і монатэізм», 1939), культуры («Незадаволенасць у культуры», 1930), маст. творчасці, грамадства і інш. Вучэнне Ф. стала адной з вядучых дактрын 20 ст.; яно паўплывала на развіццё псіхалогіі і псіхіятрыі, л-ры і мастацтва, сацыялогіі, культуралогіі, педагогікі і інш.Гл. таксама Неафрэйдызм, Фрэйдызм.
Тв.:
Рус.пер. — Психология бессознательного. М., 1990;
Леонардо да Винчи. Л., 1991;
Психоаналитические этюды. Мн., 1999;
Психоанализ. Религия. Культура. М., 1992;
О психоанализе: Пять лекций;
Методика и техника психоанализа. СПб., 1997;
Остроумие и его отношение к бессознательному;
Страх;
Тотем и табу. Мн., 1999;
Психоанализ и теория сексуальности. СПб., 1998;
Очерки по психологии сексуальности. Мн., 1999;
Толкование сновидений. Мн., 2000;
Введение в психоанализ: Лекции. СПб., 2001; По ту сторону принципа удовольствия; Я и Оно. М.; Харьков, 2003.
Літ.:
Джонс Э. Жизнь и творения Зигмунда Фрейда: Пер. с англ.М., 1997;
Хьелл Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997. С. 105—160;
Энциклопедия глубинной психологии. Т. 1. Зигмунд Фрейд: Жизнь. Работа. Наследие. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАВЯДАЛЬНЫЯ ЖАНРЫ
бел. вуснай нар. творчасці ўключаюць казкі, легенды, паданні, былічкі, сказы, анекдоты, небыліцы. У залежнасці ад дамінуючай эстэтычнай або інфарматыўнай функцыі падзяляюцца на дзве падсістэмы: казкавая проза і няказкавая. Да казкавай прозы адносяцца ўсе жанравыя разнавіднасці казак, анекдоты, небыліцы, а таксама легендарныя казкі, якія ў шэрагу выпадкаў набліжаюцца да сац.-бытавых. У залежнасці ад асаблівасцей вобразнай сістэмы, ідэйна-тэматычнага зместу, паэтыкі, марфалогіі казачны эпас мае сваю класіфікацыю. У казках пра жывёл цэнтральнае месца займаюць персанажы з жывёльнага свету. У чарадзейных казках вызначальная роля ў развіцці сюжэтаў належыць чарадзейству, звышнатуральным сілам і здольнасцям герояў, якія перамагаюць Паганага Цмока, Кашчэя Бессмяротнага і інш.Нац. каларыт бел. чарадзейным казкам надаюць вобразы волатаў і асілкаў, звязаныя з мясц. фальклорнай традыцыяй. Асобную групу складаюць казкі на былінныя сюжэты. У бытавых казках дзейнічаюць звычайныя людзі; канфлікт адлюстроўвае сац. і маральна-этычныя супярэчнасці. Сярод бытавых казак, якія яшчэ называюць рэалістычнымі, даследчыкі вылучаюць таксама сац.-бытавыя, сатырычныя і жартоўныя творы. Гумарыстычныя казкі-небыліцы паказваюць рэчаіснасць з наўмысным парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, ствараюць перавернутую мадэль сусвету. Казачныя вобразы непераможных асілкаў, сялян, прыгожых, верных у каханні жанчын раскрываюць лепшыя якасці бел. народа: мужнасць, працавітасць, здольнасць на высокія пачуцці і ўчынкі, імкненне да справядлівасці і волі. Станоўчым вобразам у казках супрацьстаяць страшныя пачвары, якія ўвасабляюць варожыя чалавеку надпрыродныя і сац. сілы, а таксама людзі, дзеянні і перакананні якіх не адпавядаюць нормам нар. маралі. Анекдоты маюць шмат агульных рыс з бытавымі казкамі ў ідэйна-тэматычным змесце і вобразнай сістэме. Ім уласцівы сцісласць, дынамізм, нечаканая развязка, гумар і сатыра.
Аснову няказкавай прозы складаюць легенды, паданні, сказы, былічкі. Легенды адлюстроўваюць розныя ўяўленні народа, яго спробы растлумачыць паходжанне сусвету, з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Яны таксама звязаны з хрысціянскім веравучэннем і апавядаюць пра звышнатуральныя з’явы і цуды, якія рабілі Бог і святыя ў час вандровак па зямлі. Паданне расказвае аб рэальных падзеях ці асобах мінулага або рэальна магчымых, але не запісаных у крыніцах. Паданні падзяляюцца на некалькі тэматычных груп, найб. буйныя з якіх гістарычныя — аб гістарычных падзеях і дзеячах і тапанімічныя, дзе тлумачыцца паходжанне назваў населеных пунктаў, рэчак, урочышчаў, курганоў і інш.Найб. вядомыя паданні пра барацьбу з іншаземнымі захопнікамі — татарамі, французамі, пра заснаванне Вільні і інш. Сказы апавядаюць аб сучаснасці або недалёкім мінулым. У былічках расказваецца аб звышнатуральных з’явах і здарэннях, якія нібыта мелі месца ў сапраўднасці: пра сустрэчы з чортам, русалкай і інш. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971, укладальнік К.Кабашнікаў), «Чарадзейныя казкі» (т. 1—2, 1973—78) і «Казкі ў сучасных запісах» (1989, укладальнікі абодвух К.Кабашнікаў, Г.Барташэвіч), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976) і «Жарты. Анекдоты. Гумарэскі» (1984, укладальнік абодвух А.Фядосік), «Легенды і паданні» (1983, укладальнікі М.Грынблат, А.Гурскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц.паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац.тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар.дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба.Скрыган.Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў.Пальчэўскі.Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? ..Машара.// Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы.Чарнышэвіч.Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей.Колас.// Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою.Лынькоў.Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль.Арабей.
3.Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта.Асіпенка.Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі.Васілёнак.Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз.Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,
эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.
Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.
Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.
Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн.с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДАІ́ЗМ,
рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст.н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст.дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.
У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).
галандскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў галандскага барока і сусв.маст. культуры. Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1620), жывапісу — у Я. ван Сваненбюрха ў Лейдэне (каля 1620—23), у П.Ластмана ў Амстэрдаме (1623). У творчасці імкнуўся да філас. асэнсавання жыцця, багацця і разнастайнасці ўнутр. свету чалавека. Пісаў пераважна партрэты, у т. л. групавыя, біблейскія і міфалагічныя сцэны. У 1625 адкрыў сваю майстэрню ў Лейдэне, хутка дасягнуў шырокага прызнання. Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Ластмана і галандскіх караваджыстаў, вызначаліся рэзкай паліхроміяй і экспрэсіўнасцю вобразаў: «Пакутніцтва св. Стэфана» (1625), «Валаам», «Товій і Анёл» (абодва 1626), «Прынясенне ў храм» (каля 1628—29), «Давід і Галіяф» і інш. Пазней пісаў больш глыбокія і вытанчаныя карціны, якім уласцівы гармонія цёплых чырвона-карычневых тонаў і таямнічыя эфекты святлаценю: «Уцёкі ў Егіпет» (1627), «Самсон і Даліла» (1628), «Сімяон у храме» (1631) і інш. З 1631 жыў у Амстэрдаме, пісаў пераважна заказныя партрэты, аўтапартрэты і партрэты сваіх блізкіх. Творы адметныя пластычнасцю, эксперыментамі ў пошуках псіхал. выразнасці, дэтальнай перадачай рысаў твару, адзення, каштоўнасцей, часам тэатралізаванымі эфектамі. У карціне «Урок анатоміі доктара Н.Цюлпа» (1632) па-наватарску вырашыў праблему групавога партрэта праз наданне кампазіцыі дынамічнай разняволенасці партрэтаваных і аб’яднанне іх адзіным дзеяннем. У «Аўтапартрэце з Саскіяй» («Вясёлая кампанія», каля 1635), які вызначаецца свабоднай манерай жывапісу, мажорным, напоўненым святлом залацістым каларытам, адышоў ад тагачасных маст. канонаў, выявіўшы жыццёвую непасрэднасць кампазіцыі. У карціне «Даная» (1636) проціпаставіў рэнесансавым пачуццёва-цялесным ідэалам прыгажосці адухоўленасць і цеплыню інтымнага чалавечага пачуцця. Сярод інш. твораў гэтага перыяду: партрэты «Вытанчаная пара ў інтэр’еры», «Партрэт бургграфа», «Саскія ўсміхаецца» (усе 1633), рэліг. і міфалагічныя карціны «Святая сям’я» (1631), «Выкраданне Еўропы» (1632), серыя «Пакуты Хрыстовы» (1633—39), «Ахвярапрынашэнне Аўраама», «Выкраданне Ганімеда» (абедзве 1635), «Асляпленне Самсона» (1636), «Вяселле Самсона» (1638) і інш. З 1639 жыў у Брэстраце (цяпер Рэмбрантхёйс). У 1640-я г. паміж творчасцю Р. і эстэт. патрабаваннямі тагачаснага грамадства адбыўся канфлікт, апагеем якога стала непрыняцце заказчыкамі групавога партрэта «Начная варта» (1642), вырашанага праз героіка-прыўзнятую кампазіцыю, больш уласцівую для гіст. карціны. Творчасць гэтага перыяду страціла знешнюю эфектнасць і мажорнасць, работам уласцівы нарастанне інтэнсіўнасці светлавых эфектаў, якія запаўняюць усю кампазіцыю і вызначаюць форму і фактуру выяў, пастознасць пісьма, цікавасць да пабудовы і архітэктонікі прасторы: «Давід і Іанафан» (1642), «Дзяўчына каля акна», «Святая сям’я» (абодва 1645), «Пакланенне вешчуноў» (1648), «Хрыстос у Эмаўсе» (1648), «Партрэт старога ў чырвоным» (1652—54), «Вірсавія», «Партрэт жонкі брата мастака» (абодва 1654), «Бласлаўленне Іакава» (1656), «Сын Цітус чытае» (1657), «Асур, Аман і Эсфір» (1660), «Змова Юлія Цывіліса» (1661), «Давід і Урыя» (1665) і інш. Каля 1668—69 стварыў манум. палатно «Вяртанне блуднага сына», у якім віртуозна перадаў складаную гаму глыбокіх чалавечых пачуццяў. Аўтар афортаў «Прадавец пацучынага яду» (1632), «Тры дрэвы» (1643), «Хрыстос вылечвае хворых» («Аркуш у сто гульдэнаў», 1649), «Тры крыжы» (1653) і інш., малюнкаў. Іл.гл. таксама да арт.Даная, Нідэрланды.
Літ.:
Рембрандт: Художеств. культура Западной Европы XVII в. М., 1970;
Лазарев В.Н. Рембрандт-портретист // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
Егорова К.С. Портрет в творчестве Рембрандта. М., 1975;