ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст. геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).
Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.
На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
трапасфе́ра
(ад гр. tropos = паварот + sphaira = шар)
ніжні слой зямной атмасферы rs. стратасферы.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
аэраме́тады
(ад аэра- + метад)
метады даследаванняў будовы зямной паверхні, верхняга слоя зямной кары, атмасферы, геаграфічнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў пры дапамозе лятальных апаратаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АДВЕ́С,
груз, падвешаны на ніці; найпрасцейшае прыстасаванне для вызначэння вертыкалі. Пад дзеяннем сілы цяжару грузу нітка прымае верт. напрамак, адпаведны дадзенаму пункту зямной паверхні. Выкарыстоўваецца ў буд-ве, пры ўстаноўцы вымяральных прылад, вымярэнні глыбіняў і інш.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖГО́РНЫ ПРАГІ́Н,
тэктанічная дэпрэсія паміж складкавымі горнымі збудаваннямі, утвораная ад прагінання зямной кары з адначасовым падыманнем навакольных хрыбтоў. Звычайна запоўнены магутнымі тоўшчамі абломкавых адкладаў. З М.п. часта звязаны радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю і інш. карысных выкапняў.
т. 10, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЫШЫНЯМЕ́Р, радыёальтыметр,
прылада для вызначэння вышыні палёту лятальнага апарата з дапамогай радыёхваль. Вышыню палёту вызначаюць, напр., па прамежку часу паміж пасылкай перадатчыкам і вяртаннем адбітага ад зямной паверхні імпульснага сігналу ў прыёмнік лятальнага апарата (гл. Радыёлакацыя).
т. 13, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯРЫ́К, кантынент,
буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.
т. 10, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНМА́Р,
у удмурцкай міфалогіі вярхоўны бог, дэміург, творца зямной сушы, раслін, жывёл, людзей і ўсяго добрага ў свеце. Супрацьстаіць свайму брату Керамету (Луду, ці шайтану), стваральніку сусв. зла. Жыве на небе. Вернікі моляць яго аб добрым надвор’і і ўраджаі.
т. 7, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
назе́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размешчаны на паверхні зямлі. Наземны вестыбюль метро. Наземны аб’ект. □ Узвесці наземныя збудаванні сучаснай магутнай цеплавой станцыі не так проста. Шыцік. Чутны былі гудкі, снавалі ў цемені аганькі. У вялікіх наземных будынках грукаталі і сіпелі машыны. Лупсякоў.
2. Які дзейнічае на зямной паверхні. Наземныя машыны. □ Тым часам партызаны.. быццам расталі дзе, [іх].. не магла знайсці ў зімовых лясах ні наземная разведка, ні нават паветраная. Чыгрынаў. // Які праводзіцца, робіцца на зямной паверхні. Наземныя вымярэнні. □ З белых пустэльняў поўначы, дзе разгараліся жорсткія паветраныя сутычкі, лепш былі відаць жорсткія наземныя баі на другіх франтах. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРАГЕ́Н (ад грэч. oros гара + genos паходжанне),
геалагічны тэрмін, уведзены аўстр. геолагам Л.Коберам (1921) для азначэння заключнай стадыі развіцця тэктанічна рухомых зон зямной кары — геасінкліналяў, складкавае горнае ўтварэнне, што ўзнікае на месцы геасінклінальнай сістэмы на позніх стадыях яе эвалюцыі.
т. 1, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)