МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНІ́Т (ад грэч. mylōn млын),
зборная назва розных паводле саставу і генезісу горных парод, раздробленых у зонах тэктанічных парушэнняў. Першасныя горныя пароды пры перамяшчэнні па разломе пераціраюцца, сціскаюцца, робяцца больш шчыльныя, дробназярністыя; мінералы ў іх набываюць лінейнае арыентаванне, утвараючы характэрную міланітавую (тонкаслаістую) структуру. У выніку працэсаў дынамаметамарфізму, якія часта ўзнікаюць пры такіх абставінах, М. ператвараецца ў сланцаватую метамарфічную пароду (бластаміланіт). На Беларусі зоны міланітызацыі часта трапляюцца ў пародах крышт. фундамента.
т. 10, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯВО́ДЧАЯ ГАСПАДА́РКА,
сельскагаспадарчае прадпрыемства па размнажэнні высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў і гібрыдаў с.-г. культур. Н.г. атрымлівае эліту насення з эксперым. баз, вучэбных ці элітных гаспадарак і вырошчвае насенне I—II рэпрадукцый для забеспячэння імі гаспадарак зоны ці раёна. На Беларусі больш за 500 Н.г. Для атрымання чыстагатунковага, здаровага і высокаўраджайнага насення ў Н.г. выкарыстоўваюць інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур, з улікам біял. асаблівасцей культуры і сорту.
т. 11, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЕУМ (ад лац. oleum vitrioli купарваснае масла),
раствор трыаксіду серы SO3 у бязводнай сернай кіслаце.
Звычайна вырабляюць О., што мае па масе 18—20% SO3 (часам — да 60%). Цяжкая масляністая вадкасць, «дыміць» у вільготным паветры. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў і інш. Вельмі агрэсіўнае рэчыва: пашкоджвае слізістыя абалонкі і дыхальныя шляхі (ГДК аэразолю ў паветры рабочай зоны 1 мг/м³), выклікае апёкі скуры.
т. 11, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЕ АРЫЕНТАВА́ННЕ,
від падводнага спорту. Уключае 3 асн. практыкаванні: «арыенціры», «зоны» і «зорку». Пры іх выкананні спартсмен праплывае з аквалангам пэўную дыстанцыю і мяняе напрамак у зададзеных пунктах. Спаборніцтвы праводзяцца ў адкрытых вадаёмах у асабістым і камандным заліках. Пры ацэнцы вынікаў улічваецца час пераадолення дыстанцыі і дакладнасць арыентавання. Бел. спартсмены ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у 1960—88. Пераможцы і прызёры чэмпіянатаў СССР — Н.Ясючэня (1970), І.Хрысценка (1976), А.Шымановіч (1977).
т. 11, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ (ХРЫБЕ́Т),
падводны сярэдзіннаакіянічны хрыбет у паўд. частцы Ціхага ак., усх. працяг Аўстрала-Антарктычнага падводнага падняцця. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку на 4100 км, у раёне 135° зах. д. аддзяляецца разломам Элтанін ад Усх.-Ціхаакіянскага падводнага падняцця. Шыр. да 750 км, глыб. падэшвы 4500 м. Пераважная глыб. над хрыбтом 2500—3000 м, найменшая — 878 м. Ад інш. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў адрозніваецца больш вял. шырынёй, меншай выражанасцю рыфтавай зоны.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРТ-САІ́Д,
горад на ПнУ Егіпта, на ўзбярэжжы Міжземнага м., каля паўн. ўвахода ў Суэцкі канал. Адм. ц. мухафазы Порт-Саід. Засн. ў 1859 пры буд-ве Суэцкага канала. Каля 500 тыс. ж. (2000). Чыгункамі і аўтадарогамі звязаны з нас. пунктамі зоны Суэцкага канала і дэльты Ніла. Аэрапорт. Гандл.трансп. і бункеровачны цэнтр міжнар. значэння. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая, тэкстыльная. Вялікія халадзільныя ўстаноўкі і складскія памяшканні. Турызм.
т. 12, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФО́НАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Siphonophyceae, Bryopsidophyceae),
клас зялёных водарасцей. Каля 30 родаў, 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах ад берагавой зоны да глыб. 70 м (некат трапляюцца ў морах умераных паясоў, напр., каўлерпа). У выкапнёвым стане вядомыя з ардовікскага перыяду.
Слаявіны буйныя (выш. да 0,5 м), няклетачнай будовы (без папярочных перагародак) са шматлікімі ядрамі і дыскападобнымі хларапластамі. Маюць пігменты. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае і палавое. Ужываюцца ў ежу.
Т.М.Міхеева.
т. 14, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЗІЯ,
клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.
т. 1, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫЯ АА́ЗІСЫ,
свабодныя ад ледавіковага покрыва ўчасткі краявой зоны Антарктыды. Плошча ад некалькіх дзесяткаў да соцень квадратных кіламетраў (аазіс Бангера 952 км²). Размешчаны ўнутры вобласці ледавіковай акумуляцыі, акаймаваны зонай абляцыі. Для антарктычных аазісаў характэрны спецыфічны прыродны комплекс (мясцовы менш суровы клімат, ландшафты халодных пустыняў, шмат азёраў, арганічнае жыццё прымітыўнае, крыягенна-структурныя глебы). Раслінны свет: імхі, лішайнікі, прэснаводныя водарасці; жывёльны свет: птушкі — буравеснікі, паморнікі, у асобных антарктычных аазісах — пінгвіны. У антарктычных аазісах — большасць палярных навук. станцый.
т. 1, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)