ста́віць, стаўлю, ставіш, ставіць; незак., каго-што.

1. Прымушаць або памагаць каму‑н. устаць, заняць дзе‑н. месца стоячы. [Маці] часта мяне ставіць на зямлю і рукавом выцірае свой твар. Бядуля.

2. Размяшчаць, умацоўваць што‑н. вертыкальна. Ставіць кнігі ў шафу. Ставіць лесвіцу да сцяны. □ Скіба .. садзіцца на прызбу і ставіць каля сябе вінтоўку. Крапіва. // Падстаўляць што‑н. Пад .. [галіну] звычайна Апанаска ставіў аж тры рагулі — падпоркі. Даніленка.

3. Прызначаць на якую‑н. работу, прапаноўваць рабіць што‑н. [Шэмет:] — Трэба старых ставіць на буртоўку. Яны ўмеюць. Лобан. Калі .. [Тварыцкага] пачалі ставіць кіраваць якой-небудзь работай, ён у першыя часы чуў сябе нядобра. Чорны. — Вы ж .. самі, памятаеце, казалі, што самых лепшых жанчын, камсамолак трэба ставіць на вырошчванне лёну. Сабаленка. // Назначаць на якую‑н. пасаду, месца. [Міхал:] — Пра ўсё гэта, што ты [Акцызнік] балбочаш тут, каму трэба — ведаюць. Райком ведае. І калі на старшыню мяне ставіў — ведаў. Пташнікаў.

4. Размяшчаць на якой‑н. пазіцыі (для абароны, нагляду і пад.). На векавой сасне .. ставілі наглядчыкаў па чарзе. Лынькоў. // Раскватароўваць дзе‑н., у каго‑н. Хадзіць у школу штодня за дзесяць кіламетраў далёка .. І таму ўсіх дубровенскіх вучняў бацькі ставяць на кватэры. Васілевіч.

5. перан. Ствараць для каго‑н. якія‑н. абставіны; прыводзіць у якое‑н. становішча. [Сухадольскі:] І нашто ты ставіш мяне ў няёмкае становішча? Крапіва. Пісьменнік ставіць герояў у вельмі складаныя абставіны. «Маладосць». // Рызыкаваць кім‑н. Але тым часам .. [Кравец] думаў пра тое, ці варта ставіць амаль усю сям’ю пад небяспеку і ці варта адразу ж усё гаварыць пра заданне. Кавалёў.

6. перан. (пераважна ў спалучэнні са словамі «высока», «нізка», «нараўне» і пад.). Адносіцца да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, лічыць, расцэньваць каго‑, што‑н. якім‑н. чынам. Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Колас. А яшчэ .. [Тадора] ненавідзіць Юзікавы кнігі, што праз гэта ён вунь як нясе сябе; разумнейшым за яе сябе ставіць. Крапіва. Нават сам пан ляснічы Канстанты Сянкевіч ставіць .. [дзеда Юрку] высока як паляўнічага і рыбака. С. Александровіч.

7. Устанаўліваць што‑н. для абслугі, для якога‑н. дзеяння. Ставіць тэлефон. □ Мы ходзім з ім [Алесем] да рэчкі І ставім перамёты ў вір. Куляшоў. На дарогах рабілі завалы, капалі равы, ставілі міны. Ваданосаў. // Перасоўваць стрэлкі на пэўны час. Ставіць гадзіннік на сем. // Прыкладваць, накладваць і пад. да якой‑н. часткі цела з лячэбніца мэтай. Ставіць гарчычнікі. Ставіць тэрмометр. Ставіць банькі. □ Зуб сам ужо і не баліць, але ўрач кажа, што пломбу ставіць яшчэ рана. Хадановіч.

8. Расстаўляць па пэўнае месца, у пэўным парадку. Ставіць посуд на стол. Ставіць машыну ў гараж. □ Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў і ставілі іх на чыгуначныя платформы. Шамякін. // Накрываць на стол, падаваць для яды. Параска адразу ж пачала ставіць на стол снеданне. М. Ткачоў. [Дзед Сымон:] — Стаў вячэру нам, Агата! Абышлі мы ўсе сады. Бялевіч. // Гатаваць чай у самавары. Ставіць самавар. // Разм. Частаваць (звычайна спіртным). — Некалі я вам ставіў, а цяпер вы мне павінны паднесці, — як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба. Чыгрынаў.

9. Размяшчаць якім‑н. чынам, надаваць чаму‑н. патрэбную, пэўную позу. Салдаты .. пачалі ставіць людзей у вялікую чаргу, падводзіць іх да століка. Лынькоў. [Бабулі] балюча было бачыць, як нехта другі рабіў усё тое, што гадамі рабіў яе сын — мазаў колы, ставіў у аглоблі неслухмянага каня ці засупоньваў хамут. Ракітны. Богут ставіць вус угору І растае ад той хвалы. Колас. // Прызначаць для пэўнай мэты. Ставіць кабана на адкорм.

10. Рабіць метку, знак і пад. на паверхні чаго‑н. Калі прыходзіла машына з поўным кузавам, дзяўчына ставіла ў сшытак кропку насупраць яе нумара. Кавалёў. / у перан. ужыв. Мы [моладзь] другія ставім вехі: Камунізм гудзе нам рэхам І паказвае шляхі. Колас. // Рабіць адбітак па чым‑н., дзе‑н., пісаць, рысаваць, падпісваць што‑н. Ставіць пачатку. Ставіць дату. □ Маша прыносіць газету і гаворыць: — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін. Аддаўшы Палуяну-солтысу падатак,.. [мама] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. Брыль. // Выстаўляць (адзнакі вучням). Ставіць пяцёрку ў дзённік.

11. Арганізоўваць, наладжваць. Тэхніка цяпер у нас ёсць, кадры спецыялістаў таксама ёсць — па навуковы грунт ставім справу. «ЛіМ». // Праводзіць, рабіць. Выраз «плавае, як корак» не заўсёды правільны. Гэта можа пацвердзіць любы акіянолаг, якому даводзілася ставіць розныя вопыты. Матрунёнак.

12. Будаваць, майстраваць. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, падушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. // Устанаўліваць. Ставіць палаткі. □ Сонца яшчэ не зайшло, як камандзіры батарэяў гарматных разлікаў пачалі ставіць гарматы і тэлефаністы пацягнулі тэлефонныя правады. Чорны. Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. // перан. Услаўляць, усхваляць. За братоў маіх Заходняй Беларусі стаўлю ў песні помнік Ладзімеру Шаху. Дубоўка.

13. Ажыццяўляць пастаноўку на сцэне. Ставіць оперу. □ Разам з рэжысёрам Лойтэрам я .. ставіў тры скетчы — «Рыбачка з узбярэжжа», «Сувязны», у якім удзельнічаў і як акцёр, і «Чароўны пірог». «ЛіМ». // Паказваць, дэманстраваць перад кім‑н. [Драздовіч:] — У даным выпадку гумар павінен быць вострым і даходлівым. Тым больш, што п’еса сацыяльна сатырычнага напрамку. Досыць таго, што яе ахвотна ставяць на вясковай сцэне. Машара. На заставу з Лонвы не ўсіх пускалі, але затое кожную суботу пагранічнікі прывозілі ў вёску гукавое кіно і ставілі дарма. Пташнікаў.

14. і без дап. У азартных гульнях — уносіць якую‑н. стаўку ў банк; рабіць стаўку на што‑н. [Чалавек:] — Дзівак. [Жыццё] — гульня ў ачко на вялікую стаўку. Ставіш на туза, а табе валет. Асіпенка. // Уносіць, прапаноўваў у якасці закладу (у час спрэчкі). — Расступіся! Пляц! — загаманілі госці, даючы месца для паядынку. А нехта выгукнуў: — Стаўлю на Лявона... Чвэрць! Ну, хто? На руках! Б. Стральцоў.

15. Вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.). Ставіць дыханне. Ставіць голас.

16. Высоўваць, выстаўляць, прапаноўваць (для разгляду, выканання і пад.). Прадаваў [Юзік] нават на ячэйцы гэта пытанне ставіць, каб мабілізаваць камсамольцаў [на стварэнне машыннага таварыства]. Крапіва. Апошняе пытанне ставіў на галасаванне Леапольд Гушка. Чорны.

17. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым‑н., разглядаць як‑н. што‑н. Ставіць сваёй задачай. Ставіць у віну.

18. Нарыхтоўваць, складаючы якім‑н. чынам. Мы туды [у чарналессе] з бацькам ездзілі ўлетку ставіць шуркі дроў, і я трохі ведаў гэты лес. Сабаленка. І Ганьцы .. [Андрэй] можа прывезці сена, толькі яна ніколі не ставіць копы, а нясе траву ў пасцілцы і сушыць на двары. Пташнікаў. А на полі жніво... Залатыя снапы Людзі роўненька ставяць у мэндлі. Глебка.

•••

Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.

Банькі ставіць — адцягнуўшы на жываце скуру, біць па ёй рабром далоні.

(Ні) у грош (капейку) не ставіць — не надаваць ніякага значэння каму‑н. або чаму‑н., адносіцца з пагардай, не лічыцца з кім‑н. або з чым‑н.

Ставіць да сцяны (сценкі) каго — расстрэльваць.

Ставіць знак роўнасці паміж кім-чым — лічыць зусім аднолькавымі, раўнацэннымі, падобнымі.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» — а) удакладняць (удакладніць) усе дэталі, не пакідаць (не пакінуць) нічога недагаворанага; б) даводзіць (давесці) да канца, рабіць (зрабіць) свае вывады.

Ставіць (паставіць) кропку — канчаць (кончыць), спыняць (спыніць) якую‑н. справу.

Ставіць крыж на кім-чым — траціць усякую надзею на каго‑, што‑н., лічыць каго‑, што‑н. беззваротна згубленым, страчаным.

Ставіць на адну дошку — параўноўваць каго‑н. з кім‑н., што‑н. з чым‑н. у якіх‑н. адносінах.

Ставіць на від каму — рабіць заўвагу каму‑н. за што‑н.

Ставіць на калені каго — прымушаць выконваць волю, жаданні каго‑н. [Дывінец:] — А ты [Васількоў] у душу яму заглянь. Хто і для чаго працуе? Гэта ты ведаеш? А на калені мяне ставіш. Асіпенка.

Ставіць на карту — рызыкаваць чым‑н., спадзеючыся на якую‑н. выгаду, выйгрыш.

Ставіць на кон — рызыкаваць сваім жыццём.

Ставіць на сваім — дамагацца здзяйснення свайго жадання.

Ставіць пад абух — ствараць для каго‑н. складаныя ўмовы; падводзіць каго‑н. пад удар.

Ставіць пад удар каго-што — ставіць у небяспечнае, крытычнае становішча.

Ставіць палкі ў колы — тое, што і устаўляць палкі ў колы (гл. устаўляць).

Ставіць пытанне рубам — заяўляць, гаварыць прама, з усёй рашучасцю.

Ставіць рэкорд — дасягаць высокіх паказчыкаў у якой‑н. галіне.

Ставіць уверх нагамі — а) мяняць карэнным чынам, рабіць зусім другім, не такім, як было; б) рабіць беспарадак у чым‑н.

Ставіць у прыклад каго каму — заахвочваць каго‑н., каб той наследаваў каму‑н.

Ставіць у тупік каго — прыводзіць да непаразумення, разгубленасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРУ́ЗІЯ, Рэспубліка Грузія (Сакартвела),

дзяржава ў цэнтр. і зах. ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м. Пл. 69,7 тыс. км². Нас. 5,5 млн. чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г. Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).

Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч. Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7 °C, ліп. 22—24 °C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2 °C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля ​2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.

Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.

Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад. адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст. н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст. груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса І, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс. чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав. вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл. Грузіны).

У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч. груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав. Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн. ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл. Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл. ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.

Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.

Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш. Прам-сць буд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс. км дарог, з іх 20 тыс. км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс. чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс. чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б. СССР).

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец. навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч. г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс. агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед. ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед. ун-т, Батумскі пед. ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр. навук. б-ка АН Грузіі, рэсп. дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук. б-ка, навукова-тэхн. б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш. Нац. інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).

Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб. стараж. фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж. груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст. літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза І, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз. літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.Эрыставі, у прозе Д.Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.Нінашвілі, В.Барноў, Ш.Арагвіспірэлі, Д.Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.Еўдашвілі, Н.Чхіквадзе, А.Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.Яшвілі, В.Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.Ламтатыдзе, Ш.Дадыяні, Н.Лордкіпанідзе, Л.Кіячэлі, С.Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.Абашыдзе, Г.Табідзе, Г.Абашыдзе, С.Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.Шэнгелая, М.Джавахішвілі, К.Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.Шаншыяшвілі, П.Какабадзе, І.Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.Кутатэлі, І.Лісашвілі, Б.Чхеідзе, Д.Суліяшвілі). У Вял. Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.Абашыдзе, К.Каладзе, Х.Берулава, А.Мірцхулава, Г.Леанідзе), эпічная паэзія (Г.Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.Гатуа, Вакелі, Г.Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.Беліяшвілі, А.Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.Джапарыдзе, Р.Інанішвілі, Ц.Данжашвілі, М.Мрэўлішвілі, Г.Панджыкідзе), паэты (Р.Маргіяні, Ц.Джангулашвілі, І.Нанешвілі, Г.Каландадзе, М.Мачаварыяні, А.Чэлідзе, Ш.Нішніянідзе), драматургі (М.Бараташвілі, К.Буачыдзе, І.Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.Амірэджыбі, Дж.Чарквіяні, Т.Чантурыя, М.Квлівідзе, Т.Чыладзе, А.Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.Харанаулі, Л.Стуруа, Д.Мчэдлуры), празаікаў (Н.Шатаідзе, Г.Дачанашвілі, Дж.Карчхадзе), драматургаў (Ш.Шаманадзе, Л.Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.Накашыдзе, Р.Коркія), літаратуразнаўства (Г.Джыбладзе, С.Чылая, Б.Жгенці, Дж.Гвінджылія, К.Кекелідзе, Г.Леанідзе, Г.Асацыяні, Г.Гачэчыладзе і інш.).

Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз. перыяд. друку публікаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, А.Дудара, М.Хведаровіча, у бел. — творы Г.Табідзе, Т.Табідзе, Эулі, К.Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.Бараташвілі, І.Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.Купалы, П.Броўкі, А.Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Х.Жычка, І.Калеснік, К.Камейша, У.Караткевіч, Г.Кляўко, П.Прыходзька, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.

Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж. дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст. н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст. груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст. груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац. арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.Мачаварыяні, К.Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.Какорын, Г.Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.Алексі-Месхішвілі, Ю.Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.Каландарышвілі, І.Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.Берыдзе, Г.Габашвілі, Р.Гвелесіяні, А.Мрэўлішвілі, М.Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.Ахвледыяні, У.Джапарыдзе, Д.Какабадзе, А.Цымакурыдзе), партрэт (К.Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.Кутатэладзе, В.Сідамон-Эрыставі, І. і М.Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.Грыголія, І.Шарлемань) і станковая (Д. і В.Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.Абакелія, Гудыяшвілі, С.Кабуладзе, І.Таідзе, да дзіцячых кніг — І.Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.Кандэлакі, Нікаладзе, Н.Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.Какабадзе, К.Мерабішвілі, Ш.Мікатадзе, Р.Тавадзе, В.Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.Ахвледыяні, П.Ацхелі, С.Вірсаладзе, І.Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.Какабадзе, В.Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.Гелавані, К.Махарадзе, Г.Таідзе, У.Татыбадзе, Д.Хахуташвілі; партрэтысты Э.Каландадзе, З.Ніжарадзе, Н.Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.Бердзенішвілі, Р.Стуруа, З.Цэрэтэлі; у графіцы — А.Бандзеладзе, Грыголія, П.Гучмазац, Г.Мірзашвілі, Д.Нодыя, Р.Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.Лапіяшвілі, Д.Тавадзе; у манум. скульптуры — М.Бердзенішвілі, Г.Каладзе, Г.Кардзахія, Мерабішвілі, Г.Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.Авалішвілі, Ц.Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.Габашвілі, І.Ачыяуры), кераміка (А.Какабадзе, З.Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.

Музыка. Раннія звесткі пра груз. нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э. Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар. муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл. Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз. царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.Арбеліяні (абнародаваў груз. муз. тэрміны), І.Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз. т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.Саванелі і А.Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.Азарашвілі, А.Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.Габічвадзе, Н.Габунія, А.Гардэлі, Г.Канчэлі, І.Каргарэтэлі, Б.Квернадзе, А.Керэселідзе, Р.Кіладзе, Р.Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.Міларава, Ш.Мшвелідзе, С.Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.Чымакадзе, А.Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.Букія, В.Гакіелі, М.Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.Парцхаладзе, Тарадзе, Г.Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.Арджанікідзе, Ш.Асланішвілі, В.Гвахарыя, У.Данадзе, Г.Тарадзе, П.Хучуа, А.Цулукідзе, Р.Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.Паліяшвілі, Я.Мікеладзе; спевакі В.Сараджышвілі. В.Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.Вірсаладзе, А.Тулашвілі, Э.Вірсаладзе, Э.Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз. т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-р муз. камедыі (1934); Дзярж. сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж. эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.

Тэатр. Вытокі груз. т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст. асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус. драм. т-р. Груз. прафес. т-р засн. ў 1850 Г.Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.Чаўчавадзе і А.Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус. драм. т-р імя А.Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз. т-ра: рэжысёры Р.Стуруа, Т.Чхеідзе, Л.Мірцхулава, Г.Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.Каўсадзе, І.Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.Руставелі. У 1945 засн. тэатр. т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і інш.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн. трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.Цуцунава, А.Бек-Назараў, З.Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.Перэстыяні, М.Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.Баблуяні), «Дуру» (1995, В.Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж. тэатр. ін-це імя Ш.Руставелі працуе кінафакультэт.

Літ.:

Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;

Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;

Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;

Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;

Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;

История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;

Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;

Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;

Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;

Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;

Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;

Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;

История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;

Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;

Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.

С.І.Сідор (прырода, гаспадарка), В.С.Клімовіч (гісторыя з 1920), Дж.Гвінджылія (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)