апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́цца ​1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца ​2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нібы́, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца ў параўнальных зваротах і сказах пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару; па значэнню адпавядае злучніку «як». — Валенты Скіба, — назваў стары сваё імя і прозвішча, і абодва мы, нібы старыя, добрыя знаёмыя, усміхнуліся. Брыль. І гул нарастаць стаў, нібы пры абвале. Панчанка. Застыў пан Богут нерухома, Нібы прыбіў яго пярун. Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару ў значэнні злучнікаў: «быццам», «як быццам», «як быццам бы». Нібы на ўзмыленым кані, Віхор аблётвае прасторы. А. Александровіч. З.. [айцом Уладзімерам] быў Віктар і незнаёмы малады чалавек, смуглявы, мускулісты, нібы высечаны з каменя. Колас. У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі, нібы там мітусіліся якія цені, раз-пораз засцячы святло. Лынькоў. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для сувязі параўнальных зваротаў і сказаў з адценнем меркавання, сумнення; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «як бы», «нібыта». Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі. Леначка прыпала тварам да маіх грудзей, нібы хаваючы яго і ад мяне і ад сябе. Брыль. У мацеры... такія дзіўныя вочы, нібы глядзяць і не бачаць яго, яе Міколку. Лынькоў.

2. злучн. тлумачальны. Ужываецца для падпарадкавання: а) даданых азначальных сказаў. Заліты бляскам пажару, .. [панскі палац] робіць уражанне, нібы ён у агні. Колас. Паабапал дарогі старыя прысады з голым апруцянелым галлём стаяць маўклівыя і задуманыя, нібы ўспамінаюць сваю нядаўнюю летнюю прыгажосць. Крапіва; б) даданых дапаўняльных, дзейнікавых і выказнікавых сказаў. Кажуць, што немец лютуе ўжо аж пад самым Мінскам, нібы нашы адступаюць і пакінулі багата гарадоў. Лынькоў. Першае ўражанне ад саўгаса такое, нібы вы трапілі на нейкую новабудоўлю. Крапіва; в) даданых сказаў меры і ступені, характару і спосабу дзеяння. І стала [Толю] адразу чамусьці так горача, весела, добра, нібы ён фарсіраваў нейкі нялёгкі, запаветны рубеж. Брыль. [Нічыпар:] Калі разгаворыцца [Чарнавус], дык люба слухаць.. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым. Крапіва.

3. часціца. Указвае на ўмоўна-ўяўную дапушчальнасць, няўпэўненасць выказвання. Сонца пачырванела і нібы растала ў кіпелі хмар. Новікаў. Усе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь. Скрыпка. Здалёк данесліся нібы людскія галасы і зніклі, праглынутыя начным туманам. Лынькоў.

4. часціца. Указвае на наўмысны характар выказвання, неадпаведнасць яго рэальным фактам, намерам. [Даўгілыч:] — Шчасце тваё, што стары, а то я паказаў бы, як станавіцца поперак дарогі. — Макар Міхайлавіч нібы і не чуў пагрозы. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята. Купала. Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок. Чорны. Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна. А. Вольскі. // Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў. Бядуля.

2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе. Грамовіч.

3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе. // Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца. Асіпенка. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Шамякін.

4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак. Чорны.

5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег. Шамякін. // Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Крапіва. І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім. Мурашка. Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія. Прыказка.

6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? Колас. Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю. Гартны. // Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. Крапіва.

7. заг. слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Маўр. [Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу. Лынькоў.

8. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.

1. Займацца якой‑н. працай. Працаваць у полі. Працаваць здзельна. □ Сапраўдны работнік будзе шчыра працаваць на любым месцы. Шахавец. Спачатку работа не ладзілася — проста не было ахвоты працаваць. Колас. // Быць занятым дзе‑н. працай, мець дзе‑н. які‑н. занятак, знаходзіцца дзе‑н. на службе. Працаваць на заводзе. Працаваць у школе. Працаваць у калгасе. □ Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр. // кім. Знаходзіцца на якой‑н. пасадзе, выконваць абавязкі каго‑н. Працаваць настаўніцай. Працаваць бухгалтарам. Працаваць слесарам. □ Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. Даніленка. Ірына працуе прычэпшчыцай ужо другі месяц. Шахавец.

2. над чым. Працуючы, ствараць, удасканальваць ці вывучаць што‑н. Працаваць над дысертацыяй. Працаваць над спектаклем. Працаваць над карцінай. // з кім. Сістэматычна навучаць, выхоўваць каго‑н. Працаваць з дзецьмі. Працаваць з кадрамі.

3. на каго-што. Займацца якой‑н. працай, забяспечваючы ці абслугоўваючы каго‑н. Працаваць на сябе. □ — Вы будзеце на нас працаваць. Ды яшчэ якую вялікую карысць прыносіць савецкім людзям! Новікаў. «Калі б табе, сонейка, прыйшлося працаваць на пана, ты не стаяла б так доўга над лесам, — зайшло б хутчэй...» Брыль. // перан. Дзейнічаць на карысць каго‑н., дзеля чыіх‑н. інтарэсаў. — Час вайны адцягнуты, а час працуе на нас. Гурскі.

4. чым. Прыводзіць што‑н. у дзеянне, кіраваць, дзейнічаць (інструментам, прыладай). Працаваць лапатай. Працаваць малатком. □ Цётка .. энергічна працавала нажніцамі, рыхтуючы бінты. Самуйлёнак. Мужчыны, жанчыны і падлеткі працуюць граблямі. Бядуля. // Энергічна рухаць чым‑н. (якой‑н. часткай цела). Летам, бывала, ляжа Пеця на спіну, рукі раскіне і ляжыць сабе, не кратаецца. А цяпер, як ні стараецца, як ні працуе і рукамі і нагамі, а галаву ледзьве трымае па паверхні. Ваданосаў. Узлятае дружны смех, гучна працуюць далоні. Лужанін. // з чым. У працэсе працы карыстацца чым‑н. (інструментам, дапаможнікам і пад.). Працаваць з мікраскопам. Працаваць са слоўнікам.

5. Знаходзіцца ў дзеянні, дзейнічаць (пра механізмы, агрэгаты і пад.). Увесь дзень бесперабойна працаваў камбайн. Гурскі. Гул бою чуўся выразна з таго боку, дзе зайшло сонца. І там працавала артылерыя. Чорны. // Дзейнічаць, выконваць свае функцыі (пра органы цела). Страўнік не працуе. Сэрца працуе добра. / Пра думкі, уяўленні і пад. Думка прафесара працавала акрэслена, ясна. Кавалёў. // Быць у дзеянні (аб прадметах, установах); быць адкрытым (для наведвальнікаў, пакупнікоў і пад.). Завод працуе ў дзве змены. Бібліятэка працуе без выхадных дзён.

•••

Працаваць над сабой — удасканальваць сябе ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тугі́, ‑ая, ‑ое.

1. Моцна, да адказу нацягнуты. Тугая струна. Тугі лук. □ Цяпер конь не паспяваў за .. [Засмужцам]: ішоў на тугім повадзе. Мележ. Да тугіх правадоў гуртам ластаўкі ліпнуць, Каб у родных краях Заказаць сабе гнёзды. Нядзведскі. // Шчыльна сплецены, скручаны, звіты. Тугія косы. □ Густыя .. валасы [Акіліны], сабраныя ў тугую куклу.., зусім не кранула сівізна. Вітка. // Які шчыльна аблягае, моцна сціскае (фігуру, часткі цела). Тугі каўнер. Тугі гарсэт.

2. Напоўнены, моцна напханы чым‑н. Тугі мяшок. □ З лавак падымаюцца салдаты. Абвешаныя тугімі ранцамі з парашутамі, рукзакамі і зброяй, яны падобны да казачных жыхароў невядомай планеты з фантастычнай кнігі. Жычка. // Наліты, пруткі, ядраны. Тугі колас. Тугі качан. □ А калі лісты з тугіх пупышак Вырваліся ў свет сям’ёй густой, — Ён [лось] зусім пакінуў наш зацішак, Перастаў хадзіць на вадапой. Бялевіч. [Дзяўчына] ўсміхнулася, і на тугіх маладых шчоках з’явіліся дзве прывабныя ямінкі. Ваданосаў. Заганяе [Алёша] ў капу па самы чаранок вілы, напружваецца ўсім сваім тугім, налітым сілай целам і — цэлую гару сена валіць на драбіны. Вышынскі. // Не рыхлы, крамяны. Скажы: хвала і слава тым, Хто слова даў, палі араў. Начэй нямала недаспаў, Раллі тугія камякі Зрабіў рукой мякчэй мукі. Панчанка. // Круты (пра цеста).

3. Які цяжка сціскаецца або расцягваецца, нацягваецца; пругкі. Тугая гума. Тугая спружына. // Які вызначаецца вялікай сілай; напружаны. У шыбах зашумеў, засвістаў тугі сустрэчны вецер, і нейкі час чуваць былі толькі гэты шум і свіст, толькі песня вялікай хуткасці. Палтаран. Калючая, тугая вада страляе з крана. Вялюгін. Над прыціхлай зямлёй павіс тугі гул танкавых матораў, з-за лесу паказаліся лабатыя, з вуглаватымі вежамі машыны. «ЛіМ».

4. перан. Непадатлівы або скупы на што‑н., у якіх‑н. адносінах (пра чалавека). [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое гета, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. [Афіцэр:] — Ціха! Глядзіце, каб вам не захацелася плакаць. — На плач мы тугія... — сказаў нехта з кутка. Пестрак. // Які марудна, з вялікімі цяжкасцямі ўспрымае, засвойвае што‑н. (пра разумовыя здольнасці чалавека). Нягледзячы на ўзрост — яму ўжо ішоў трэці год — хлапчук быў вельмі тугі на мову. Васілевіч.

5. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «камяк», «камок»). Які сціскае моцна горла (пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.). Горкі тугі камяк вырас у грудзях, падступіў пад горла. Навуменка. У Паўла то падкочваўся к горлу тугі камок, то яму рабілася смешна. Грахоўскі.

•••

Тугі кашалёк гл. кашалёк.

Тугі (тугаваты) на вуха — які дрэнна чуе, недачувае, глухаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс. км². Нас. 950 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г. Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.

Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс. н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняў б.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.​Разіна (1670—71) і Е.​Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс. чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.

У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт. вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.

Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн. шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).

Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сць сінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс. т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч. прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс. га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс. га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс. т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс. т, мяса — 59,8 тыс. т, яец — 244,9 млн. шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс. км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.

Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.​Дарафееў, Ф.​Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.​Безбародава, Ф.​Бяздольнага, А.​Дарагойчанкі, Дз.​Марскога, Ф.​Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.​Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.​Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.​Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.​Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.​Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.​Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.​Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.​Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.​Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.​Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял. Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.​Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.​Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.​Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.​Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.​Ларыёнава, М.​Кяшкіна, М.​Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.​Вячканава, І.​Дзевіна і інш. Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.​Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.​Ацяніна, А.​Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.​Малькіна, П.​Таропкіна, А.​Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.​Косава (перакладчыкі М.​Калачынскі, У.​Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.​Калінкін).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.​А.​Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.​І.​Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.​А.​Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.​В.​Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.​Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.​А.​Панкоў, А.​А.​Радыёнаў, І.​І.​Сядзельнікаў, В.​Дз.​Хрымаў, партрэта — У.​Дз.​Ілюхін, Я.​А.​Наздрын, пейзажа — В.​А.​Бядноў, А.​А.​Мухін, В.​А.​Петрашоў, скульптуры — М.​М.​Абухаў, графікі — А.​І.​Каровін, М.​С.​Макушкін, Л.​С.​Трамбачэўская-Шаніна. Традыц. нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб. стараж. нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.​Сярова, Б.​Трошын, М.​Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.​Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.​Воінаў, Г.​Сураеў-Каралёў, Г.​Удовін, Н.​Кошалева, М.​Міцін; дырыжор М.​Фралоўскі; спевакі Р.​Бяспалава, М.​Антонава, А.​Кулікова, В.​Кіушкін, Дз.​Ерамееў, І.​Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-р муз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі нар. тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.​Аржадзеева, В.​Далгоў, Н.​Іваноў, С.​Калганаў, І.​Кудзелькіна, Г.​Мялехін і інш.

Літ.:

История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;

Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;

Бояркин Н.И. Мордовское народное музыкальное искусство. Саранск, 1983;

Яго ж. Становление мордовской профессиональной музыки. Саранск, 1986;

Памятники мордовского народного музыкального искусства. Т. 1. Саранск, 1981.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Мардовія. Мардоўскі запаведнік.
Да арт. Мардовія. Рака Сура.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дзень, дня; Р мн. дзён; м.

1. Частка сутак, час ад усходу да заходу сонца, ад раніцы да вечара. Ціхія ясныя дні, пасля дажджоў, палалі сонцам. Чорны. Ад лагера да Кромані.. не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль. // Дзённае святло. [Маці] устала да дня, напякла бліноў ды прылегла адпачыць. Ваданосаў. — Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае! Купала.

2. Суткі, прамежак часу ў 24 гадзіны. У тыдні сем дзён. □ Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў. // Прамежак часу ў сутках або цэлыя суткі, прысвечаныя пэўнаму роду заняткаў, дзейнасці. Дзень адпачынку. Святочны дзень. Кірмашовы дзень. Прыемны дзень.

3. Дакладна вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой‑н. падзеі, святкаванню чаго‑н. Дзень Канстытуцыі. Міжнародны жаночы дзень. □ У той вечар яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з таварышаў; у брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось.

4. толькі мн. (дні́, дзён). Пэўны час, перыяд жыцця. Дні дзяцінства. □ Апошнія канікулы былі самымі шчаслівымі, светлымі днямі жыцця. Шамякін. Дні прайшлі, На галаву апалі Замаразкі першай сівізны. Панчанка.

•••

Дзень адкрытых дзвярэй — дзень вольнага доступу (з мэтай азнаямлення з прадпрыемствам, навучальнай установай і г. д.).

Павестка дня гл. павестка.

Палярны дзень — частка года за палярным кругам, на працягу якой сонца не заходзіць.

Парадак дня гл. парадак.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі нельга есці скаромнае.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, прызначаная для работы, службы.

Разгрузачны дзень — дзень з аблегчанай дыэтай, які назначаецца для асоб, схільных да паўнаты.

Санітарны дзень — дзень, у які праводзіцца санітарны агляд службовага памяшкання.

Светлавы дзень — частка сутак, на працягу якой свеціць сонца.

Скаромны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі дазваляецца есці малочную і мясную ежу.

Абы дзень да вечара — абы-як, не выяўляючы старання, зацікаўленасці да работы, да жыцця.

Белым днём — удзень, днём.

Грош цана (у базарны дзень) гл. цана.

Гэтымі днямі; на гэтых днях — некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён.

Да канца дзён (сваіх) гл. канец.

Дзень ада дня — а) з кожным днём, паступова. — Дык вот я нешта не бачу, каб дзень ада дня лепш рабілася, — падцвяліў Конан. Лобан; б) штодзень, кожны дзень. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй — хоць бы што! Мележ.

Дзень добры!; Добры дзень! — прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём.

Дзень за днём — з кожным днём, паступова.

Дзень і ноч — увесь час, пастаянна, бесперапынна.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

Дні злічаны чые — мала засталося жыць каму‑н.

Жыць сягонняшнім днём гл. жыць.

Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.

Заднім днём — больш раннім, чым было на самой справе.

Заўтрашні дзень — недалёкай будучыня; тое, што будзе.

З дня на дзень — а) у бліжэйшыя дні (чакаць каго‑, чаго‑н. і пад.). З дня на дзень чакаўся прыезд меліяратараў. Дуброўскі; б) увесь час, з аднаго дня на другі (адкладваць і пад.). [Ганна] збіралася з дня на дзень паўтарыць паездку, ды... усё не магла сабрацца. Гартны; в) з кожным днём, паступова.

З дня ў дзень — а) кожны дзень, некалькі дзён запар. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць. Мележ; б) з кожным днём, паступова. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба. Краўчанка.

Злоба дня гл. злоба.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Лічаныя дні — мала часу; нядоўга.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

На злобу дня гл. злоба.

На схіле дзён гл. схіл.

Не па днях, а па гадзінах гл. гадзіна.

Судны дзень — а) паводле рэлігійных уяўленняў, дзень «страшнага» суда, дзень канца свету; б) час расплаты за злачынствы. Судны дзень набліжаецца. З хмары хутка грозных маланак штыкі Па варожых галовах удараць. Куляшоў.

Сярод белага дня — удзень, днём.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чуць дзень — вельмі рана, як толькі пачало світаць.

Як дзень белы — увесь дзень, цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлях, ‑у, м.

1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей. Чорны. — Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях. Скрыган. Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе. Кірэенка. // Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка. Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок. Мурашка. // Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях... Колас. Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. В. Вольскі. // Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.

2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе. Шамякін. Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам. Даніленка. Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына. Брыль. // перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы. «Маладосць».

3. перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі... Маўр.

4. толькі мн. (шляхі́, ‑о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.

5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель. Самуйлёнак.

6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху. Бядуля. А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны. Куляшоў. // перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму. Каваленка. Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту. Гіст. бел. сав. літ. // перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам. Гіст. бел. літ. мовы. Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой. Шахавец.

7. перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай. Брыль. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным. Шкраба. // Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім. Смагаровіч. Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках. Тармола. [Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху. Васілевіч.

8. перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі. Карпаў. Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны! Гілевіч.

•••

Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.

Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.

Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт. Лыч.

Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.

Жыццёвы шлях — жыццё.

Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).

На шляху да чаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.

Саступіць з (свайго) шляху гл. саступіць.

Стаць на шлях чаго, які гл. стаць.

Стаць (стаяць) на шляху чыім, у каго гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)