ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯМАРФІ́ЗМ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + грэч. morphe форма),

уласцівасць зерняў мінералаў прымаць пры крышталізацыі толькі ім характэрныя крышталеграфічныя рысы (агранку). Найб. выражаны І. у мінералаў, што крышталізуюцца на пачатковай стадыі фарміравання горных парод з лёгкарухомага асяроддзя (расплаваў, гідратэрмальных раствораў), або ў мінералаў з вельмі высокай крышталізацыйнай уласцівасцю (метакрышталі), якая ўзнікае ў цвёрдым асяроддзі нават на позняй стадыі фарміравання горных парод, асабліва метамарфічных. Ідыяморфныя мінералы: палявыя шпаты, кварц, пірыт і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСІЯ ў геалогіі,

1) І. тэктанічная — завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі. У гэты перыяд з І. звязаны: пачатак росту горных хрыбтоў, змінанне горных парод у складкі, пранікненне магматычных інтрузій і рэгіянальны метамарфізм.

2) І. рэльефу, перавернуты рэльеф — ператварэнне рэльефу агентамі дэнудацыі з узнікненнем зваротных суадносін паміж геал. структурамі і формамі рэльефу (напр., над антыкліналямі размешчаны рачныя даліны, а над сінкліналямі горныя хрыбты).

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ЦІСК,

збіральнае паняцце ў горнай геамеханіцы, якое аб’ядноўвае сукупнасць сілавых палёў, што фарміруюцца ў нетрах Зямлі як вынік натуральных і вытв. уздзеянняў. Гал. ўзбуджальнік горнага ціску — гравітацыя; у меншай ступені фарміруецца за кошт тэктанічных сіл і змены т-ры верхніх слаёў зямной кары, а таксама вытв. дзейнасці па здабычы карысных выкапняў, буд-ва падземных і наземных збудаванняў. Выклікае дэфармаванне масіву горных парод, вядзе да горных удараў і раптоўных выкідаў.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́Г,

мелкаводны камяністы або скалісты ўчастак у рэчышчы ракі з рэзкім падзеннем узроўню вады і вял. скорасцю цячэння. Утвараецца звычайна ў месцах выхаду цяжка размываемых горных парод або нагрувашчвання валуноў і абломкаў горных парод. П. перашкаджаюць суднаходству і лесасплаву. Ніжэй П. часта будуюць ГЭС (напр., Днепрагэс, Усць-Ілімская ГЭС на р. Ангара). На Беларусі П. трапляюцца на рэках Зах. Дзвіна (Вярхоўскі П. вышэй г. Віцебск), Дняпро (Кабяляцкія П. каля г. Орша).

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,

пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз. алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз. тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАФІ́ЗІКА,

раздзел петралогіі, які вывучае сувязь фіз. уласцівасцей горных парод з іх саставам, структурай і гісторыяй фарміравання.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ ЭРО́ЗІЯ,

размыў або змыў цякучай вадой горных парод і глеб, гл. ў арт. Эрозія і Эрозія глебы.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КЛІ́МАТ,

кліматычныя асаблівасці горных мясцовасцей. Залежаць ад вышыні над узроўнем мора і рэзкай кантрастнасці прыродных умоў на невял. прасторы. Адрозніваюць горны клімат на вышыні да 2—3 км і высакагорны клімат. Агульныя асаблівасці горнага клімату: паніжаны атм. ціск, павышаная інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі, у т. л. ультрафіялетавых прамянёў, чысціня паветра (па-за межамі горных катлавін), паніжаныя т-ра і абсалютная вільготнасць паветра, павелічэнне з вышынёй (да пэўнай мяжы) колькасці ападкаў, наяўнасць горна-далінных вятроў.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,

спецыяльныя агульнавайсковыя, артыл., інж. і інш. часці і злучэнні, прызначаныя для вядзення дзеянняў у горнай мясцовасці. У некат. арміях горныя войскі наз. альпійскімі (Францыя, Італія), горнапяхотнымі (ФРГ і інш.), горнастралковымі (СССР да сярэдзіны 1950-х г.). Камплектуюцца пераважна з жыхароў горных раёнаў; забяспечваюцца спец. абмундзіраваннем і амуніцыяй; пяхота горных войскаў можа мець палегчанае ўзбраенне, артыл. часці — горную артылерыю і мінамёты палегчанай канструкцыі, прыстасаваныя для руху ў гарах на ўючных жывёлах і інш.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)