Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр.гас, газ ’газа’. Польск.gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр.гасРудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг.газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур.gaz yaǧi (а гэта калька з англ.gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум.gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг.gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.
Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск.gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.
Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ, азоту вокіслы,
злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр.нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААЧЫ́СТКА,
комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.
Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл.Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ЗВА́РАЧНАЯ,
1) прыстасаванне, якое пры дугавой зварцы забяспечвае замацаванне электрода, падвод да яго эл. току і падачу ахоўнага газу ў зону зваркі.
2) Прыстасаванне для газавай зваркі і кіслароднай рэзкі, у якім паліва змешваецца з паветрам або кіслародам для атрымання ўстойлівага канцэнтраванага полымя. Адрозніваюць гарэлку зварачную для ручной і паўаўтам., а таксама для аўтам. зваркі.
Гарлка зварачная для электразваркі мае токаправодны муштук са зменным наканечнікам. Праз сапло падаецца газавы струмень, які ахоўвае зварачную ванну і электрод ад уздзеяння паветра. У гарэлцы зварачнай для газавай зваркі гаручыя газы змешваюцца і паступаюць у муштук. Гэтыя гарэлкі бываюць адна-, двух- і шматполымныя, нізкага (з інжэктарам для падсмоктвання гаручага газу) і высокага (у іх газ падаецца з газагенератараў або балонаў) ціску. Гарэлкі зварачныя для рэзання металаў маюць дадатковыя каналы падачы кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),
хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.
Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл.Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.
Да арт.Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),
1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.
2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗА́ЦЫІ ПАТЭНЦЫЯ́Л, патэнцыял іанізацыі,
фізічная велічыня, роўная мінім. паскаральнай рознасці патэнцыялаў, якую неабходна прыкласці, каб надаць электрону кінетычную энергію, дастатковую для іанізацыі часціцы (малекулы, атама, іона). Вызначае энергію іанізацыі E — мінім. энергію, неабходную для выдалення электрона з часціцы на бясконцасць, E = eV, дзе V — І.п., е — элементарны эл. зарад. І.п. вымяраюць у вольтах, колькасна ён роўны энергіі іанізацыі ў электрон-вольтах. Разам з роднасцю да электрона вызначае электраадмоўнасць атамаў і малекул.
Адрозніваюць першы, другі і г.д. І.п., якія адпавядаюць выдаленню з часціцы першага, другога і г.д. электронаў. Першыя І.п. вядомы для атамаў усіх хім. элементаў (мінім. І.п. маюць шчолачныя металы: цэзій 2,893 В, літый 5,39 В; макс. — інертныя газы: гелій 24,58 В, радон 10,745 В) і некалькіх тысяч малекул (для якіх І.п. ад 5 да 20 В). Значэнні І.п. выкарыстоўваюць пры разліках тэрмахім. працэсаў у іанізаваных газах і плазме (газаразрадныя прылады, працэсы ў верхніх слаях атмасферы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРА,
сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.
Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш.газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл.Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.
На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,
накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.
У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн.плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.А.Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.