ГІПАГЕ́ННЫЯ ПРАЦЭ́СЫ, эндагенныя працэсы,
геалагічныя працэсы, якія адбываюцца пераважна ў нетрах Зямлі, абумоўлены яе ўнутр. энергіяй, сілай цяжару і сіламі, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Да гіпагенных працэсаў адносяцца: распад радыеактыўных рэчываў, розныя хім. рэакцыі і пераўтварэнні падкоркавых мас, раптоўныя разрадкі напружанняў, якія там узнікаюць. Праяўляюцца ў выглядзе тэктанічных рухаў, працэсаў вулканізму, метамарфізму горных парод. Гіпагенныя працэсы абумоўліваюць морфаструктуру зямной паверхні і ў спалучэнні з гіпергеннымі працэсамі ўдзельнічаюць у фарміраванні рэльефу Зямлі. З імі звязана ўтварэнне значнай часткі карысных выкапняў, гл. Гіпагенныя радовішчы.
т. 5, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЫ,
ячэістыя структураваныя дысперсныя сістэмы, утвораныя вял. колькасцю бурбалак газу (дысперсная фаза), раздзеленых тонкімі праслойкамі вадкасці. Разбураюцца ў выніку каалесцэнцыі. Высокастабільныя П., што захоўваюцца на працягу многіх мінут і гадзін, утвараюцца пры дабаўленні ў вадкасць стабілізатараў П., ці пенаўтваральнікаў (мылы, сінт. паверхнева-актыўныя рэчывы). Устойлівыя П. з дыаксідам вугляроду — сродак тушэння пажараў (гл. Вогнетушыцель). П. выкарыстоўваюць у вытв-сці ячэістых канстр. матэрыялаў (напр., пенаметалу, пенабетону, пенапластаў), пры абагачэнні карысных выкапняў (пенная флатацыя).
Літ.: Кругляков П.М., Ексерова Д.Р. Пена и пенные пленки. М., 1990.
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІКО́ВАЕ ТРАНСПАРТАВА́ННЕ, унутрышахтавае транспартаванне,
перамяшчэнне карыснага выкапня і інш. грузаў, а таксама перавозка людзей па падземных горных вырабатках і па паверхні зямлі (у межах тэр. рудніка, шахты). Ажыццяўляецца стужачнымі, скрабалкавымі, хістальнымі і інш. канвеерамі, лакаматывамі, вагонамі, самаходнымі ваганеткамі, цялежкамі, канатна-скрэпернымі ўстаноўкамі. Выкарыстоўваецца таксама гідраўлічны транспарт, гравітацыйнае транспартаванне, пнеўматычны транспарт. Пад’ём і апусканне карысных выкапняў, горнай пароды, абсталявання і людзей з шахты на паверхню робіцца клецевай, скіпавай або камбінаванай пад’ёмнай устаноўкай з загрузачнымі і разгрузачнымі прыстасаваннямі, бункерамі, капрамі (т. зв. рудніковы пад’ём).
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
по́шукі, ‑аў; адз. пошук, ‑а, м.
1. Адшукванне каго‑, чаго‑н. Доўгія пошукі сям’і не далі вынікаў, але .. [Апанас] знайшоў сястру і яна прыехала да яго. Дуброўскі. Па дарозена горад выцягнуўся абоз у пошуках новага прыстанішча. Лобан. Маладых пісьменнікаў захаплялі пошукі дынамічнага, эмацыянальнага стылю. Адамовіч. Але .. [карэкціроўшчык], выклікаўшы самалёт, згубіў пеленг, не давёў пошук да канца. Ваданосаў.
2. Разведачныя работы па адшуканню карысных выкапняў. Геалагічныя пошукі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́хта, ‑ы, М ‑хце, ж.
1. Сістэма падземных збудаванняў, дзе здабываюцца падземныя выкапні, або месца правядзення якіх‑н. падземных работ. Шахта будаўніцтва метро. □ Сон маладзецкі шахцёрскі Там абрываюць гудкі. З горада Салігорска У шахты ідуць гарнякі. Звонак. // Горнапрамысловае прадпрыемства, якое вядзе падземную здабычу карысных выкапняў. На заводы, шахты, гуты Прыйшла фабрычная вясна. Таўбін.
2. Спец. Вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых канструкцыях. Ліфтавыя шахты. Вентыляцыйная шахта.
[Ням. Schacht.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скру́бер
(англ. scrubber, ад scrub = скрэбці)
1) цыліндрычны апарат для ачысткі прамысловага газу шляхам прапускання праз распыленую вадкасць;
2) барабанная машына для прамывання карысных выкапняў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
тэлетэрма́льны
(ад тэле- + тэрмальны);
т-ыя месцанараджэнні — залежы карысных выкапняў, аддаленыя ад глыбінных магматычных парод, з якімі мяркуецца іх роднасная сувязь праз гарачыя водныя растворы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВА́ХРУШАЎ (Валянцін Аляксандравіч) (н. 28.2.1919, в. Выстаўка Спірыдонаўская Вілягодскага р-на Архангельскай вобл., Расія),
бел. геолаг. Д-р геал. н. (1964), праф. (1971). Скончыў Свярдлоўскі горны ін-т (1943). Працаваў у Сібірскім аддз. Расійскай АН. З 1978 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па мінералогіі, петраграфіі і геахіміі горных парод і радовішч карысных выкапняў Урала і Сярэдняй Азіі, Зах. і Усх. Сібіры, Беларусі. Упершыню вылучыў скарнава-рудную фармацыю як самаст. генетычны тып залатарудных радовішч. Сааўтар адкрыцця новага мінералу — шабыніту.
Тв.:
Рудные минералы изверженных пород. Новосибирск, 1980.
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, аэрагеафізічная здымка,
сукупнасць метадаў вымярэння натуральных ці штучных фіз. палёў Зямлі апаратурай, устаноўленай на лятальных апаратах. Уключае аэрагамаздымку, аэрамагнітную здымку, аэраэлектраразведку і інш. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, рудаў металаў, радыеактыўных рудаў), для тэктанічнага раянавання і геал. картаграфавання. Інтэнсіўнасць фіз. палёў, асабліва рудных целаў, затухае пры аддаленні ад зямной паверхні, таму аэрагеафізічная разведка найчасцей выконваецца з невял. вышыні (да 300 м) у маштабе 1:10 000 — 1:200 000. Ад наземных метадаў разведкі адрозніваецца аператыўнасцю і магчымасцю праводзіць яе ў цяжкадаступных раёнах.
т. 2, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)