ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЗІЯ (ад позналац. corrosio раз’яданне) у геалогіі, 1) разбурэнне горных парод або частковае растварэнне мінералаў у выніку хім. (растваральнага) дзеяння прыродных вод. Вада, у якой звычайна растворана пэўная колькасць двухвокісу вугляроду, асабліва моцна ўздзейнічае на вапнякі і інш. лёгкарастваральныя пароды, што можа выклікаць утварэнне розных форм карставага рэльефу (гл. Карст).
2) Раз’яданне, растварэнне і аплаўленне магмай або постмагматычнымі растворамі раней раскрышталізаваных мінералаў і горных парод.
т. 8, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ Аясіо,
халоднае паверхневае цячэнне на ПнЗ Ціхага ак., якое рухаецца з Пн на Пд уздоўж усх. берагоў Курыльскіх а-воў і в-ва Хакайда. Т-ра вады зімой 0—5 °C, летам 8—16 °C. Скорасць 0,5—0,9 км/гадз. Каля 40° паўн. ш. пры сустрэчы з цячэннем Курасіо адбываецца інтэнсіўнае перамешванне паверхневых вод і іх заглыбленне, што дае пачатак Паўночна-Ціхаакіянскаму цячэнню.
т. 9, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» імя У.І.Леніна.
Створана ў 1975 у Магілёве. У складзе аб’яднання: Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі завод штучнага валакна, з-ды: арган. сінтэзу, поліэфірных нітак, рамонтна-мех., па перапрацоўцы прамысл. сцёкавых вод і апрацоўцы асадку; вытв-сць сінт. комплексных нітак. Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, віскозная тэкст. нітка, віскозная абалонка для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, тавары нар. ўжытку.
т. 9, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЖАНЬ,
доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).
т. 10, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПО́Р вады,
павышэнне ўзроўню вады ў рацэ ў выніку ўзвядзення штучнага збудавання або ўтварэння прыродных перашкод (звужэнне рэчышча, нагрувашчванне камянёў, заломы, зажоры, заторы і інш.). Бывае пастаянны (напр., ад плаціны) і часовы. Суправаджаецца памяншэннем нахілаў і скорасці цячэння, характарызуецца велічынёй падняцця ўзроўню і адлегласцю, на якую ён распаўсюджваецца. З нарастаннем велічыні П. павялічваецца акумуляцыя наносаў, зарастанне рэчышча, падымаецца ўзровень грунтавых вод, адбываецца падтапленне і забалочванне прылеглай тэрыторыі.
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ТЫ (ням. Watten ад галанд. wadden прыбярэжныя водмелі),
асушкі, шырокая паласа нізіннага берага мора, якая штодзённа затапляецца пры прылівах і асушаецца пры адлівах. Утвараюцца з наносаў дробнага пяску і глею. Маюць разгалінаваную зменлівую сетку жалабоў сцёку марскіх і рачных вод. Пашыраны на паўд. узбярэжжы Паўн. м., а таксама на берагах Белага, Баранцава, Ахоцкага мораў, Мексіканскага зал. і інш. Месцамі адгароджаны дамбамі ад мора і выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.
т. 4, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКАЛІ́Т (ад гідра... + лакаліт),
купалападобнае ўзвышэнне з ледзяным ядром, разнавіднасць бугроў пучэння (выш. 30—40 м, дыяметр падэшвы 300—400 м). Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні ва ўмовах гідрастатычнага напору. У Якуціі наз. булгунняхі, на Алясцы — пінга. На тэр. Беларусі гідракаліты ўтвараліся ў перыгляцыяльнай зоне мацерыковых зледзяненняў плейстацэну, рэшткі іх зрэдку трапляюцца на паверхні і ў пахаваным стане.
т. 5, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГЕ́ННЫЯ ПРАЦЭ́СЫ, экзагенныя працэсы,
хіміка-фіз. працэсы, якія адбываюцца ў верхніх частках зямной кары і на яе паверхні ад дзеяння на горныя пароды вонкавых сіл (энергіі сонечнай радыяцыі і звязаных з ёю атм. фактараў, дзеяння цякучых вод, сілы цяжару, жыццядзейнасці арганізмаў, тэхн. дзейнасці чалавека і інш.). У выніку гіпергенных працэсаў утвараюцца радовішчы многіх карысных выкапняў (гл. Гіпергенныя радовішчы). У прыродзе цесна звязаны з гіпагеннымі працэсамі. Гл. таксама Гіпергенез.
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЕР (Уладзілен Лазаравіч) (н. 11.11.1925, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1955). З 1994 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні біясінтэзу хларафілу і фотасінтэзу з выкарыстаннем метадаў матэм. і кібернетычнага мадэліравання біяфіз. і біяхім. працэсаў у раслінах. Адзін з аўтараў электракаагуляцыйнага спосабу ачысткі прамысл. сцёкавых вод.
Тв.:
Авторегуляция образования хлорофилла в высших растениях. Мн., 1976.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)