КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),

каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб. стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.

Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп. пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.

А.​А.​Ярашэвіч (гісторыя), С.​А.​Сергачоў (архітэктура).

Тыповы план кляштара: 1 — касцёл; 2 — сакрысція; 3 — клуатр; 4 — студня; 5 — зала капітула; 6 — трапезная зала (рэфекторый); 7 — кухня; 8 — дом абата; 9 — шпіталь.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

аб’екты расліннасці і флоры, якія маюць навук., культ.-пазнавальную, гіст., эстэт. каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай. На Беларусі каля 180 батанічных помнікаў прыроды рэсп. значэння: старадаўнія паркі — Бальценіцкі і Вердаміцкі (гл. адпаведныя артыкулы), Вялікамажэйкаўскі (Шчучынскі р-н), Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівілімонтаўскі (Клецкі р-н) і інш.; каштоўныя ўчасткі лесу — Барысаўскае лесанасаджэнне, Барэцкая (Івацэвіцкі р-н), Вепрынская (Чэрыкаўскі р-н) і Шолкавіцкая (Чарнейкаўская; Рэчыцкі р-н) дубровы і інш.; насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — Вінклераўскі (Нясвіжскі р-н) і Ліноўскі (Пружанскі р-н) хвойнікі, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай (Баранавіцкі р-н) і інш.; раслінныя згуртаванні на межах арэалаў, у месцах, аддаленых ад асн. вобласці свайго пашырэння, — Бёрдаўскае лесанасаджэнне (Клічаўскі р-н), Добрушскія і Маларыцкія ельнікі і інш., а таксама з рэдкімі, рэліктавымі і тымі, якія знікаюць, відамі раслін — Вятчынскае месца росту рададэндрану жоўтага (Жыткавіцкі р-н), Восаўскае і Церабежскае насаджэнні карэльскай бярозы (Івацэвіцкі р-н) і інш.; дрэвы мясц. парод (асабліва вылучаюцца ўзростам, памерамі, прыгажосцю ці звязаныя з гіст. падзеямі) і унікальныя дрэвы-інтрадуцэнты (больш за 50). Гл. таксама Дрэвы-помнікі.

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Охрана важнейших ботанических объектов Украины, Белоруссии, Молдавии. Киев, 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Батанічныя помнікі прыроды: дуб пірамідальны (1) і змеепадобныя елкі (2) у Брэсце, дуб-волат (3) у Буда-Кашалёўскім раёне.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,

комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС, Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус,

з 1857 Аляксандраўскі кадэцкі корпус, сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да вайск. службы. Існаваў у 1842—63 у Брэсце. Засн. на сродкі казны, а таксама памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губ. Найменне «Аляксандраўскі» — у гонар Аляксандра II, будучага імператара, які ў 1849—55 быў гал. начальнікам (шэфам) кадэцкіх карпусоў Расіі. Размяшчаўся ў пераабсталяваным будынку бернардзінскага кляштара на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Разлічаны на 400 навучэнцаў (кадэтаў). На вучобу прымаліся дзеці дваран, штаб- і обер-афіцэраў ва ўзросце 9,5—11,5 года. Выкладаліся агульнаадук. прадметы за курс гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія вучылішчы. У сувязі з пачаткам Крымскай вайны 1853—56 і абвяшчэннем ваен. становішча ў Брэсцкай крэпасці Брэсцкі кадэцкі корпус у 1854 пераведзены ў Маскву, а ў 1860 — у Вільню, дзе ў 1863 у сувязі з рэформай ваенна-навуч. устаноў скасаваны. Многія з выхаванцаў корпуса пазней сталі дзеячамі рэв. руху ў Расіі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы, у т. л. П.​І.​Адамовіч, Я.​В.​Дамброўскі, Я.​Ф.​Кульчыцкі, Б.​В.​Люгайла, І.​А.​Падбельскі, З.​У.​Падлеўскі, Б.​С.​Паўловіч, Я.​А.​Пыдзеўскі, М.​В.​Сакалоў, А.​Г.​Стаброўскі, П.​Ф.​Уладычанскі і інш.

Ш.​І.​Бекцінееў, Н.​М.​Кірылава.

т. 3, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІМНА́ЗІЯ (ад лац. pro замест + гімназія),

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Узнікненне П выклікана недахопам сродкаў на ўтварэнне неабходнай колькасці поўных гімназій. Ствараліся ў адпаведнасці са статутам гімназій і прагімназій (1864), у мясцовасцях, дзе не было гімназій, адкрываліся П. з класічным або рэальным курсам. Мелі 4 класы (пазней у некат. мужчынскіх П. — 6 класаў). Навуч. планы і праграмы П. адпавядалі 4 малодшым класам гімназіі Выкладаліся: закон Божы, рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, матэматыка, чарчэнне, чыстапісанне, маляванне. У жаночых П. даваліся навыкі і рукадзелля, у мужчынскіх — лац. і да 1901 грэч. мовы. Выпускнікоў П. прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. З 1866 П. рыхтавалі і настаўнікаў прыходскіх вучылішчаў. На Беларусі першыя П. адкрыты як эксперымент у 1860 у Свіслачы і Маладзечне. У сярэдзіне 1860-х г. закрыты, а замест іх створаны настаўніцкія семінарыі. Пасля рэарганізацыі павятовых вучылішчаў у 1865—66 школы ў Брэсце, Гомелі і Бабруйску пераўтвораны ў 5-класныя рэальныя П. (у 1866—71 атрымалі статус класічных з выкладаннем лац. і грэч. моў). У 1865 у бел. П. 123 выхаванцы, у 1876—600, у 1879—746, у 1881—826, у 1890—568. З пачаткам 1-й сусв. вайны і акупацыяй ням. войскамі часткі тэр. Беларусі некат. П. закрыты, частка эвакуіравана. У 1916 засталіся 22 П. У 1917—18 П. скасаваны.

Літ.:

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,

партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб. к-та «П.» уваходзілі І.​М.​Яфрэмаў, М.​М.​Кавалеўскі, М.​М.​Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.​І.​Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-т яўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.

Літ.:

Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;

Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.

М.​М.​Забаўскі.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КА ў Нясвіжы.

Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.​Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АН БССР. У Вял. Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковай Нац. АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 13, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХ у архітэктуры,

пірамідальнае, купальнае або яруснае завяршэнне будынкаў, звычайна раскрытае ў інтэр’ер. Шырока вядомы ў культавай архітэктуры многіх краін Еўропы, у 15—19 ст. быў адметнай рысай храмаў Беларусі, Расіі, Украіны. У мураванай архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. у выглядзе барабанаў на ветразях і ступеньчатых арках (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку). У архітэктуры Адраджэння (16 — 1-я пал. 17 ст.) купальны верх звонку аздаблялі аркатурай і інш. (кальвінскі збор у Смаргоні). У архітэктуры барока і класіцызму верх набыў стройныя прапорцыі, упрыгожваўся скульптурай і жывапісам (фарны касцёл у Нясвіжы, Петрапаўлаўскі касцёл у Гомелі і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. верх шырока выкарыстоўвалі ў культавых будынках стыляў псеўдарускага і «мадэрн» (Сімяонаўская царква ў Брэсце, мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на). У драўляным дойлідстве Беларусі вядомы з 16 ст. (Успенская царква Ляшчынскага манастыра пад Пінскам). Звычайна меў вянковую канструкцыю. Архаічныя вярхі пірамідальныя (Георгіеўская царква ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на). У 18 ст. пад уплывам барока пашырыліся ярусныя вярхі (асн. тыпы: чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і васьмярык на чацверыку), у якіх выкарыстоўваліся канструкцыі заломаў і ветразяў (цэрквы Ільінская ў Віцебску, Міхайлаўская ў в. Рубель Столінскага, Мікалаеўская ў в. Старая Беліца Гомельскага р-наў і інш.). Часта завяршаўся верх купалкамі, вежачкамі, крыжамі, шпілямі і інш.

Ю.​А.​Якімовіч.

Асноўныя тыпы драўляных вярхоў (у разрэзе): 1 — чацвярык на чацверыку, з заломам; 2 — васьмярык на чацверыку, з ветразямі; 3 — васьмярык на чацверыку, з заломам і ветразямі; 4 — на дзвюх падоўжных бэльках.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма планавых мерапрыемстваў па стварэнні, зберажэнні і выкарыстанні зялёных насаджэнняў; састаўная ч. горадабудаўніцтва. Выконвае структурна-планіровачныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, дэкар.-маст. функцыі.

Паводле прызначэння аб’екты З.б. падзяляюць на насаджэнні агульнага карыстання (паркі, сады, скверы, бульвары, пасадкі на вуліцах, плошчах і інш.) і абмежаванага карыстання (насаджэнні на тэр. школ, бальніц, дзіцячых садоў, дамоў адпачынку і санаторыяў, прамысл. прадпрыемстваў, сядзіб калгаснікаў, вакол вадаёмаў і інш.). Элементамі З.б. лічаць: масівы, групы, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, кветкавае афармленне, алеі; да іх далучаюць таксама добраўпарадкаванне азялененых тэрыторый: дарожна-сцяжынкавыя сеткі, аб’екты паркавага дэкору (вазы, скульптуры, фантаны і інш.), быт. абслугоўвання (лаўкі, навесы, альтанкі, павільёны і інш.). Пры распрацоўцы праектаў садоў і паркаў улічваюць дынаміку росту дрэў, стан і афарбоўку іх крон у залежнасці ад пораў года. У сістэму зялёных насаджэнняў уваходзяць і загарадныя паркі (леса-, луга-, гідрапаркі, гіст., этнагр., мемарыяльныя) і зоны адпачынку. У комплексе З.б. асобна вылучаюць азеляненне, ландшафтную архітэктуру, садова-паркавае мастацтва.

На Беларусі ў З.б. выкарыстоўваюць прыёмы планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у адзінстве з прыродным ландшафтам. З улікам патрабаванняў З.б. створаны паркі імя Я.​Купалы ў Мінску, культуры і адпачынку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Жлобіне, Оршы, парк «Юбілейны» ў Гродне, бульвары і інш. Плошча зялёных насаджэнняў у Мінску 3216,4 га, што складае 19 м² на 1 чал. (1997); работы па З.б. вядзе акц. прадпрыемства «Мінскзелянбуд».

Літ.:

Боговая И.О., Теодоронский В.С. Озеленение населенных мест. М., 1990;

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.​П.​Вадап’янава.

Да арт. Зялёнае будаўніцтва. Цэнтральная плошча г. Маладзечна.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬВІНІ́ЗМ,

адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.

На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.​Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.

Літ.:

Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;

Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969.

А.​А.​Цітавец.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)