ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,

жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),

якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт. Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.​Ф.​Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш. бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.​Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.​С.​Мяцельскай і Я.​М.​Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт. Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.​М.​Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.​І.​Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.​М.​Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.​У.​Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: 3 гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.​Ф.​Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.​В.​Абабуркі (1979), і інш.

Літ.:

Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лі́ра1

(польск. lira < лац. lyra, ад гр. lyra)

1) старажытнагрэчаскі струнны шчыпковы музычны інструмент;

2) даўнейшы струнны фрыкацыйны музычны інструмент вандроўных беларускіх музыкантаў-песняроў (лірнікаў);

3) перан. творчасць паэта, паэзія (напр. змоўкла л. Купалы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анабапты́зм

(гр. anabaptismos = паўторнае хрыпічэнне)

рэлігійны рэфармацыйны рух пераважна ў Германіі, Швейцарыі і Нідэрландах 16 ст. супраць афіцыйнай царквы і яе догматаў, а таксама супраць феадальнага прыгнёту; знаходзіў паслядоўнікаў і сярод рамеснікаў некаторых беларускіх гарадоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРАДУ́ЛЬКА (Леанід Сцяпанавіч) (н. 1.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1982). Скончыў Віцебскае культ.-асв. вучылішча (1979). З 1964 кіраўнік нар. ансамбля танца «Лявоніха» Віцебскага гар. цэнтра культуры. За час працы з калектывам падрыхтаваў больш як 20 праграм. Сярод пастановак: «Вянок беларускіх танцаў», бел. фалькл. танцы «Кругавая кадрыля», «Таўкуша», «Навалюдная «Лявоніха», харэагр. кампазіцыі «Скрыпяць мае лапці», «Касіў Ясь канюшыну», «У імя жыцця», «Алімпійскі факел», «Сонца Радзімы», «Час — наперад!», «Памяць», «Хатынь» і інш.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр. т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа, сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксама нар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ НАСТА́ЎНІЦКІЯ КУ́РСЫ ў Латвіі.

Дзейнічалі ў 1921—44 (з перапынкамі). Адкрыты 1.12.1921 у г. Даўгаўпілс як аднагадовыя. Кіраўнікі К.​Езавітаў, Э.​Будзька, А.​Якубецкі і інш. У 1923 пераведзены ў Рыгу. На курсах выкладалі І.​Дварчанін, М.​Гарэцкі, П.​Мядзёлка, з лекцыямі выступаў А.​Луцкевіч. Дзейнічалі гурткі маст. самадзейнасці. Сярод выпускнікоў паэты У.​Жылка, П.​Сакол (Масальскі), Э.​Вайвадзіш, празаік В.​Вальтар, мастакі П.​Мірановіч, А.​Салаўёў і інш.

С.​С.​Панізнік.

Выкладчыкі і навучэнцы Беларускіх дзяржаўных настаўніцкіх курсаў. Даўгаўпілс. 1922.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАДУ́БСКІ (Іван Аляксандравіч) (н. 17.9.1947, в. Краўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1973, клас Л.Івашкова). З 1974 саліст Ансамбля песні і танца БВА, з 1982 — Бел. філармоніі. Валодае прыгожым яркім голасам шырокага дыяпазону, сцэн. абаяльнасцю. У канцэртным рэпертуары арыі з опер рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, камерная лірыка сучасных кампазітараў, у т. л. беларускіх У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),

расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Д-р філал. н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел. нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус. геагр. т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел. літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.

Я.​М.​Рамановіч.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэклама́тар, ‑а, м.

1. Той, хто выступае з дэкламацыяй. Юны харыст стаў заўзятым дэкламатарам, выступаў з чытаннем вершаў беларускіх паэтаў. «Полымя». Хор хлопцаў спаборнічаў з дзявочым хорам. Іх перапынілі дэкламатары. Мальдзіс.

2. Зборнік твораў для дэкламавання. Вычытаў у старым рускім дэкламатары прозвішча рускага паэта «П. Мінскій». І ахрысціў сябе больш арыгінальна: Усяслаў Барвінец. Таўлай.

[Лац. declamator.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нягла́дкі, ‑ая, ‑ае.

Няроўны, шарахаваты. Нягладкая дошка. // перан. Які мае ў сабе пэўныя хібы, заганы; немілагучны (пра вершы, прамовы і пад.). Хоць у Багушэвіча і сустракаюцца часамі нягладкія, неадшліфаваныя вершы, хоць яго некаторыя вершы збіваюцца на сілабічную метрыку, усё ж па паэтычнаму майстэрству ніхто з беларускіх паэтаў XIX ст. не можа зраўняцца з Багушэвічам. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)