ДЖО́БЕР (англ. jobber),

1) гістарычна — прадпрымальнік, які даваў напракат коней з экіпажамі.

2) Біржавы маклер, камісіянер (першапачаткова член Лонданскай фондавай біржы), які ажыццяўляе аперацыі за ўласны кошт (пры нефіксаваным даходзе), уступае ў здзелкі з брокерамі і інш. дзелавымі людзьмі.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРНАСТУПЛЕ́ННЕ,

асобы від наступлення, у якім ажыццяўляецца пераход ад абароны ў наступленне з мэтай разгрому груповак наступаючага праціўніка. Праводзіцца ў стратэг., часам аператыўным маштабе, падрыхтоўваецца ў ходзе абарончай аперацыі. Нярэдка перарастае ў агульнае наступленне, якое завяршае разгром праціўніка.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,

сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКА-МАЗЫ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск левага крыла Бел. фронту (камандуючы ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 8 студз. — 8 лютага ў Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 61-я, 65, 16-я паветр. арміі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Гомельскага, Мінскага і Палескага злучэнняў. Задача аперацыі: разбіць калінкавіцка-мазырскую групоўку ворага, стварыць плацдарм для наступлення ў напрамку Бабруйск—Мінск, часткай сіл — уздоўж р. Прыпяць на Лунінец. У ходзе аперацыі вызвалены Даманавічы (8 студз.), Ельск (11 студз.), Калінкавічы і Мазыр (14 студз.), Азарычы (20 студз.), Лельчыцы (23 студз.); сав. войскі прасунуліся на 60 км, адкінулі праціўніка да р. Пціч і ў раён Петрыкава, нанеслі ворагу значныя страты. 21 злучэнню і часці нададзены ганаровыя найменні «Калінкавіцкіх», 18 — «Мазырскіх».

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

падрыў моста цераз р. Нача на чыг. лініі Барысаў — Крупкі Мінскай вобл. 277-м партыз. атрадам 9 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мост за 8 км на З ад ст. Крупкі меў стратэгічнае значэнне для акупантаў і знаходзіўся пад аховай гарнізона (70 гітлераўцаў). На бліжэйшых ст. Крупкі, Барысаў, Бобр і ў в. Нача размяшчаліся буйныя ням. гарнізоны. У ноч на 9 вер. партызаны атакавалі і знішчылі ахову моста, падарвалі мост. У ходзе аперацыі пусцілі пад адхон састаў з падмацаваннем ахове моста, разграмілі ў в. Нача атрад карнікаў, адбілі ням. падмацаванне з Крупак. У выніку аперацыі рух на магістралі Мінск—Орша быў спынены на 6 сутак.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

страхавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да страхавання жыцця, маёмасці і пад. Страхавыя аперацыі. Страхавы збор.

2. Звязаны з сацыяльным страхаваннем, які займаецца сацыяльным страхаваннем. Страхавы дэлегат. Страхавая медыцына. Страхавы ўрач.

3. Які прызначаны, служыць для забеспячэння каго‑, чаго‑н. у выпадку непрадбачаных няшчасных выпадкаў і стыхійных бедстваў. Страхавы насенны фонд. Страхавыя запасы кармоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМУТАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. commutatus змяненне, пераўтварэнне),

перастаўляльнасць, уласцівасць бінарнай матэм. аперацыі, якая выражаецца тоеснасцю a*b = b*a. Камутатыўныя складанне і множанне лікаў, паліномаў, скалярнае множанне (гл. Вектарнае злічэнне) вектараў і інш. Тэрмін «К.» уведзены франц. матэматыкам Ф.​Сервуа (1815).

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЕ́РМАН»

(«Herman»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.​Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс. чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПАРАТАМІ́Я, чэравасячэнне,

хірургічная аперацыя разразання брушной поласці. Робіцца пры запаленчых, пухлінных і інш. захворваннях, пры раненнях і пашкоджаннях органаў брушной поласці з лячэбнымі (часам дыягнастычнымі) мэтамі. У залежнасці ад размяшчэння органа, віду аперацыі робяць падоўжныя (часцей сярэдзінныя), папярочныя, касыя і вуглавыя разрэзы.

т. 9, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ ПРАСТО́РА,

абагульненне паняцця сукупнасці свабодных вектараў звычайнай 3-мернай прасторы. Л. п. наз. мноства, што складаецца з элементаў любой прыроды (якія наз. вектарамі) і ў якім вызначаны аперацыі складання элементаў і множання іх на лікі. Гл. таксама Вектарная прастора, Гільбертава прастора.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)