ЛАЎРЭ́НСІЙ (лац. Lawrencium),

Lr, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 103, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 253—260; найб. устойлівы — ​260Lr (перыяд паўраспаду 180 с). Першыя надзейныя звесткі пра элемент 103 атрыманы ў СССР Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі (1965—67). Назва элемента ў гонар амер. фізіка Э.А.Лоўрэнса канчаткова не прынята.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭ́МБАЎСКІ ЗРУХ узроўняў энергіі,

невялікія адрозненні энергій электрона ў атаме вадароду і вадародападобных атамах для некаторых станаў, у якіх, паводле Дзірака ўраўнення, энергіі павінны супадаць. Эксперыментальна выяўлены ў 1947 У.Ю.Лэмбам і амер. фізікам Р.​Рызерфардам і тэарэтычна растлумачаны Г.А.Бетэ. У квантавай электрадынаміцы Л.з. тлумачыцца тым, што ўплыў на электрон яго ўласнага поля залежыць ад стану электрона. Гл. таксама Тонкая структура.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,

вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.​Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.​Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).

Літ.:

Семиотика языка и литературы. М., 1983;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́РКІ элементаў,

лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш. геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.​М.​Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.​Я.​Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.​І.​Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.​Л.​Фогт і В.​М.​Гольдшміт, амер. Г.​С.​Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.​П.​Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕНГЕЙМЕР ((Oppenheimer) Роберт) (22.4.1904, Нью-Йорк — 18.2.1967),

амерыканскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Нац. А́Н ЗША (1941), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1925). З 1929 у Каліфарнійскім ун-це, адначасова ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1936 праф.). У 1943—45 кіраваў стварэннем амер. атамнай бомбы. З 1947 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане (у 1947—66. дырэктар). У 1947—52 старшыня ген. кансультатыўнага к-та Камісіі па атамнай энергіі ЗША. За выступленне супраць стварэння вадароднай бомбы ў 1954 адхілены ад сакрэтных работ. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці, фізіцы касм. прамянёў і тэарэт. астрафізіцы, тэорыі элементарных часціц. Распрацаваў квантавую тэорыю будовы двухатамных малекул (разам з М.Борнам; 1927), тэорыю ядз. рэакцыі зрыву (працэс О.—Філіпса; 1935), каскадную тэорыю касм. ліўняў (1937), першую мадэль нейтроннай зоркі (1938). Прэмія імя Э.​Фермі 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Летающая трапеция. Три кризиса в физике. М., 1967.

Літ.:

Рузе М. Роберт Оппенгеймер и атомная бомба: Пер. с фр 2 изд. М., 1965.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Опенгеймер.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

макарты́зм

[ад англ. J. McCaithy = прозвішча амер. сенатара (1909—1957)]

палітычная плынь у ЗША у 50-х гадах 20 ст., звязаная з прыняццем антыдэмакратычнага заканадаўства, з узмацненнем «халоднай вайны».

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гардэ́нія

(н.-лац. gardenia, ад англ. Garden = прозвішча амер. батаніка 18 ст.)

вечназялёная кустовая расліна сям. марэнавых з духмянымі белымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мо́рзе

[англ. S. Morse = прозвішча амер вынаходцы (1791—1872)]

тэлеграфны код, дзе кожнай літары алфавіта адпавядае вызначаная камбінацыя кропак і рысак; выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі на адлегласць; азбука м.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АТАПА́СКІ, атабаскі (саманазва дэнэ,

на-дэнэ),

група роднасных па мове індзейскіх плямёнаў (апачы, навахі, чайпеваі, кучыны, кенайцы і інш.). Патомкі перадапошняй міграцыйнай хвалі з Азіі ў Паўн. Амерыку (12 ст.). Жывуць на Алясцы, на Пн Канады, на ўзбярэжжы Ціхага ак. ад штата Вашынгтон да паўд.-ўсх. Каліфорніі, у штатах Арызона, Нью-Мексіка, Аклахома. Частка асімілявана амер. культурай, але большасць жыве з паляўніцтва, гандлю футрам, рыбалоўства.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖЫП»

(Jeep),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў павышанай праходнасці рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1963. Прататып — армейскія аўтамабілі «Віліс» і «Форд», якія выпускаліся ў гады 2-й сусв. вайны. Мадэлі поўна- або заднепрывадныя (з магчымасцю далучэння пярэдняга прывода); магутнасць рухавіка да 89—162 кВт, найб. скорасць да 180 км/гадз, аб’ём грузавога адсека 0,35—2,2 м³.

Да арт. «Джып». Грузапасажырскі аўтамабіль «Джып-Чэрокі».

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)