органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розных фізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л.казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯ́ТАРЫ (лац. mediator пасрэднік),
нейратрансмітэры, біялагічна актыўныя рэчывы, якія перадаюць узбуджэнне ці тармажэнне з нервовых клетак на іншыя (нервовыя, мышачныя, залозістыя). Найчасцей М. — нізкамалекулярныя рэчывы, якія ўтвараюцца з амінакіслот, сінтэзуюцца ў нейронах. Да М. належаць ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш., некат. к-ты (напр., α-глютамінавая). У нейронах існуе селектыўнасць прадукцыі М. У залежнасці ад М. розныя нерв. ўтварэнні вегетатыўнай нерв. сістэмы падзяляюць на адрэнэргічныя (норадрэналін) і халінэргічныя (ацэтылхалін). З нерв. клеткі М. паступаюць да перадсінаптычных канцоў нерва, дзе назапашваюцца ў сакраторных пузырках. Пры праходжанні нерв. імпульсу М. вызваляюцца з пузыркоў, звязваюцца з рэцэптарамі на постсінаптычнай мембране, выклікаюць змену яе палярызацыі і далейшае праходжанне імпульсу. Потым М. разбураюцца ферментамі (напр., ацэтылхалін — халінэстэразай), што аднаўляе папярэдні ўзровень палярызацыі мембраны і гатоўнасць сінапсу да перадачы наступнага нерв. імпульсу.
Літ.:
Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;
Руководство по медицине: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМО́Р (Amanita),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.
Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял.актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШЫ́НЫЯ, мышападобныя,
мышы (Muridae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 5 (6) падсям., 100—120 родаў, больш за 480 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. Актыўныя на змярканні і ноччу. Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Удзельнікі цыркуляцыі інфекц. хвароб. 8 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 роды, 7 відаў (пацукі чорны і шэры; мыш дамавая — Mus musculus; мыш жаўтагорлая — Apodemus flavicollis; мыш лясная — A. silvaticus; мыш-малышка — Micromys minutus; мыш палявая, або жытнік — A. agrarius).
Даўж. цела 5—50 см, хваста да 45 см. Морда выцягнутая, завостраная, вочы і вушы вялікія. Поўсць бурая або шэрая з рыжым ці чорным адценнем. Хвост голы. Кормяцца пераважна насеннем, некат. ўсёедныя. Нараджаюць да 22 дзіцянят, да 10 разоў за год. М. — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў. Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіял. і эталагічных даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
aktywny
aktywn|y
1. дзейны;
~y członek organizacji — дзейны член (сябра) арганізацыі;
2. актыўны;
~a postawa — актыўная пазіцыя;
~y stosunek do życia — актыўныя адносіны да жыцця; актыўная жыццёвая пазіцыя;
~y tryb życia — актыўны лад жыцця
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́ (Copepoda),
атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл. рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн.чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСМА́ЦТВА (цюрк.),
антысавецкі ўзброены нац.-рэлігійны рух у Сярэдняй Азіі ў 1917—26. Мэта руху — звергнуць сав. ўладу ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках і адарваць іх ад Расіі. Арганізоўвалася і ўзначальвалася феадаламі і мусульм. духавенствам, мела падтрымку і цесныя сувязі з белай гвардыяй, уладамі Турцыі, Афганістана, Кітая. Непасрэдныя кіраўнікі басмацтва — арг-цыі «Шура-і-Іслам», «Улема», «Алаш» і інш., якія стварылі ў Туркестане аўтаномны ўрад (гл.Какандская аўтаномія). Першыя басмацкія атрады з’явіліся ў канцы 1917 у Какандзе. Вясной 1918 басмачы распачалі актыўныя дзеянні ў раёне г. Ош. У 1918—20 асн. арэнай басмацтва стала Ферганская даліна. У кастр. 1921 у Бухару прыбыў б.ваен. міністр Турцыі Энвер-паша і стварыў адзіную басмацкую армію (каля 16 тыс.чал.), якая вясной 1922 захапіла значную ч.тэр.Бухарскай народнай савецкай рэспублікі. Моцны ўдар атрадам Энвера быў нанесены ў чэрв. 1922, сам ён загінуў у баі ў жн. 1922, да канца года асн. сілы басмачоў у Харэзме і Фергане былі разбіты Чырв. Арміяй. Даўжэй за ўсіх пратрымаліся атрады Джунаід-хана ў Харэзме (ліквідаваны на пач. 1924) і Ібрагімбека ў Бухары (разгромлены ў 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.