ПЛАДАВО́ДСТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІП) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у пас. Самахвалавічы Мінскага р-на на базе галіновых аддзелаў і лабараторый БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва.
БелНДІП правапераемнік Бел.аддзялення Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (створана 10.10.1925 на базе саўгаса «Лошыца 1-я» Мінскага р-на пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава). У 1931 на базе Бел.аддзялення ў в. Лошыца 1-я засн.Бел. занальная плодаагароднінная доследная станцыя, рэарганізаваная ў 1956 разам з Русінавіцкай агароднінабульбаводчай селекцыйнай станцыяй у БелНДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1964 у пас. Самахвалавічы; у 1972—90 БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва).
Асн. кірункі навук. дзейнасці: селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, малапашыраных культур, вінаграду і іх прышчэпаў; збор і захаванне генет. рэсурсаў пладовых і ягадных культур; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытв-сці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад, тэхналогій вытв-сці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; селекцыйнае паляпшэнне плем. і прадукц. якасцей пчол, удасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка навук. і эканам. прагнозаў і комплексных праграм развіцця садоўніцтва і пчалярства на Беларусі; праектаванне і закладка шматгадовых пасадак і інш. У выніку селекцыі ін-там выведзена больш за 150 сартоў пладовых і ягадных культур (44 з іх раянавана на Беларусі), распрацаваны новыя тэхналогіі і методыкі размнажэння, вырошчвання і агратэхнікі; створаны новыя віды кансерваў з лячэбна-прафілакт. ўласцівасцямі. Аспірантура і савет па абароне канд. дысертацый з 1991. Выдае навук.зб. «Пладаводства». У ін-це працавалі і працуюць: Г.А.Баўтута, А.Р.Валузнёў, А.С.Дзевятаў, д-ры с.-г.н. Р.Э.Лойка і В.А.Мацвееў, Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна (Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),
удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г.чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл.Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),
апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.
Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.
Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЧ Мікалай Іванавіч (14.8.1787, С.-Пецярбург — 24.1.1867),
рускі журналіст, пісьменнік, філолаг. Чл.-кар.Пецярб.АН (1827). У 1812—39 рэдактар-выдавец (з 1826 з Ф.Булгарыным) час.«Сын отечества», які да сярэдзіны 1820-х г. быў звязаны з дзекабрысцкімі коламі, пасля 1825 эвалюцыяніраваў да кансерватызму. У 1831—59 з Булгарыным выдаваў газ. «Северная пчела», якая была пад апекай 3-га аддзялення, што загадвала паліт. наглядам. Аўтар рамана «Чорная жанчына» (1834), першай кн. па гісторыі рус. л-ры «Спроба кароткай гісторыі рускай літаратуры» (1822), «Пачатковых правілаў рускай граматыкі» (1828), мемуараў «Запіскі пра маё жыццё» (поўнасцю выд. 1886). З Булгарыным сатырычна апісаны ў бел. паэме «Тарас на Парнасе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ТЫ,
адзін з відаў бяздымнага пораху на аснове нітратаў цэлюлозы, пластыфікаваных нітраэфірамі. Звычайны састаў балістытаў: 50—60% калаксіліну і 25—40% нітрагліцэрыну (нітрагліцэрынавы порах), дыэтыленгліколь дынітрату (дыгліколевы порах) ці іх сумесі. У балістыты ўводзяць да 10% парашку алюмінію ці магнію (для вырабу цвёрдага ракетнага паліва), таксама стабілізатары (цэнтраліты), каталізатары гарэння (солі ці аксіды металаў), тэхнал. дабаўкі (вазелінавае масла, воск). Атрымліваюць балістыты змешваннем кампанентаў з вадой; пасля яе аддзялення сумесь апрацоўваюць пры пэўнай тэмпературы і ціску на вальцах. Пры гарэнні балістыты не дэтануюць, але пры павольным тэрмічным раскладанні могуць самазагарацца. Балістыты ўпершыню атрыманы А.Нобелем у 1888. Выкарыстоўваюцца ў ствольнай агнястрэльнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЕЛЬТ Лявонцій Васілевіч (1792, г. Магілёў — 9.5.1862),
ваенны і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў паліт. вышуку ў Расіі. Генерал ад кавалерыі (1856). Скончыў Горны кадэцкі корпус (1807), служыў у пяхоце (да 1830). Ўдзельнік кампаній 1807 і 1812—15, ад’ютант Дз.С.Дахтурова, М.М.Раеўскага. У пач. 1820-х г. масон. З 1830 у Корпусе жандараў, з 1835 нач. штаба корпуса. У 1839—56 адначасова кіраўнік «Трэцяга аддзялення», чл.Гал. ўпраўлення цэнзуры і Сакрэтнага к-та аб раскольніках. Кіраваў праследаваннем паэтаў А.С.Пушкіна і М.А.Някрасава, расследаваў справы Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства і петрашэўцаў. З 1856 у адстаўцы.
Літ.:
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ Анатоль Барысавіч (6.8.1901, г. Харкаў, Украіна — 21.9.1979),
савецкі лесавод, акад.АНСССР (1966). Скончыў Харкаўскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1923). Працаваў у доследным лясніцтве і на Цэнтр. лясной доследнай станцыі Украіны (1923—30), у Ін-це лясной гаспадаркі ў Харкаве (1930—37) і Гомелі (1938—42), ва Усесаюзным НДІ лесаводства і механізацыі лясной гаспадаркі (1942—56), у Ін-це лесу АНСССР (1956—58). У 1958—79 дырэктар Ін-та лесу і драўніны Сібірскага аддзяленняАНСССР. Навук. працы па біяцэналогіі дубовых лясоў стварэнні лесапалос, вырошчванні лясоў прамысл. значэння, вывучэнні лясоў Сібіры, у прыватнасці лясоў басе на воз. Байкал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),
комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц. працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т. л. Беларусі (ін-ты Аддзяленнябіял. навук Нац.АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ГРАМА́ДСКАЯ СЛАВЯ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯнавукі, адукацыі, мастацтваў і культуры (МГСА). Створана ў 1992 у Маскве па ініцыятыве прадстаўнікоў краін СНД. Прэзідэнт Б.Іскакаў. Штаб-кватэра і кіруючыя органы МГСА у Маскве. Складаецца з 7 аддзяленняў прыродазнаўча-навук. і 13 гуманітарна-сац. профілю. Мае рэгіянальныя прадстаўніцтвы і бел. аддзяленне, якое ўтворана ў 1993 (перарэгістравана ў 2000). Яго членамі з’яўляюцца дзеячы навукі і культуры: мастакі, пісьменнікі, кампазітары, акцёры, балетмайстры, дырыжоры, кінарэжысёры. Прэзідэнт Бел.аддзялення МГСА акад.Нац.АН Беларусі В.М.Гурын. Асн. кірункі дзейнасці МГСА — вывучэнне міжслав. культ. сувязей, этнагенезу слав. народаў, арганізацыя і правядзенне сумесных навук. даследаванняў, канферэнцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ЎСКАЯ Галіна Уладзіміраўна (н. 7.6.1939, г. Цвер, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай анкалогіі. Д-рмед.н. (1986), праф. (1989). Скончыла Калінінскі мед.ін-т (1962). З 1970 у Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1972 заг.аддзялення). Навук. працы па нетрадыц. прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых, сродках і спосабах прафілактыкі і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, вызначэнні індывід. радыеадчувальнасці пухліны і арганізма. Распрацавала канцэпцыю макс. тэрапеўтычнай дозы перадаперацыйнага апрамянення хворых. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Комплексное нехирургическое лечение неоперируемого эпидермоидного рака легкого с применением нетрадиционных вариантов лучевой терапии, полихимиотерапии и иммунокоррекции: Факторы прогноза (у сааўт.) // Мед. радиология и радиационная безопасность. 1998. Т. 43, № 5.