*Лядні́к 1, ле́днік ’склеп, лядоўня’ (чач., ветк., Мат. Гом.) — з рус. ле́дник, ледни́к ’тс’. Лядоўнік ’тс’ (бых., там жа) — кантамінацыя з леднік і лядоўня.

Ляднік 2 ’скопішча вялікай масы паўзучага лёду, глетчар’ (ТСБМ) у якасці культурнага тэрміна з рус. ледни́к ’тс’.

Ляднік 3 ’абабак, Boletus scaber’ (Мядзв.; бялын., Нар. сл.; кругл., Жыв. сл., Мат. Маг.; круп., Сл. ПЗБ, БЛ, 6, 23), ’грыбы’ (Баркалабаўскі летапіс). Да ля́да 2. Названы паводле месца, дзе яны растуць (як палявыя грыбы, пожя́рны грыб).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галава́. Слова прасл. паходжання: рус. голова́, укр. голова́, польск. głowa, чэш., славац. hlava, ст.-слав. глава, балг. глава́, серб.-харв. гла́ва і г. д. Прасл. *golva (acc. sg. *golvǫ). Роднасныя: літ. galvà, ст.-прус. galwan (acc. sg.). Далейшыя сувязі няпэўныя. Падрабязны агляд версій гл. Фасмер, 1, 429; Слаўскі, 1, 292–293. У якасці геаграфічнай назвы ў бел. мове вядома галава́ ’паўвостраў на павароце рэчкі; калена ракі’ (Яшкін). Прасл. golva дае шмат вытворных праславянскага характару: галава́, галаве́нь, галаві́зна, галаўня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катэ́дж ’катэдж’ (ТСБМ, БРС). З тым жа значэннем рус. котте́дж, укр. коте́дж. Запазычанне з англ. мовы. Параўн. англ. cottage ’тс’ (утварэнне ад cot ’хаціна’ суфіксам ‑age). Спачатку слова папала ў рус. мову (у сярэдзіне XIX ст.; упершыню сустракаецца ў раманс Ганчарова «Абломаў») і мела націск крыніцы — ко́ттедж. У якасці варварызма рус. коттедж адзначалася яшчэ ў «Путевых письмах» Грэча (1839 г.). Падвойны націск (ко́ттедж, котте́дж) зафіксаваны ў слоўніку Ушакова (1935 г.), сучасны націск (на другім складзе) замацаваўся значна пазней.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клу́мпы ’драўляны абутак на драўлянай падэшве’ (Сл. паўн.-зах.)., Балтызм. Параўн. літ. klumpės ’тс’ (там жа, 2, 480). Гл. клумбы, клембы. Бел. клумпы, клумбы, клёмбы, польск. klumpte, kłompie ’тс’, рус. пск. клумба ’тс’ лічацца балтызмамі. У якасці крыніцы прыводзяцца літ. klumpė, klumpis, kliimbė, klumbis ’чаравік на драўлянай падэшве або цалкам драўляны’, лат. klumpąs ’тс’ (Зданцэвіч, LP, 8,∼342; Урбуціс, Baltistica, V (I), 61; Лаўчутэ, Балтизмы, 30–31). Аб паходжанні балтыйскіх форм гл. Фрэнкель, 275; Тапароў, K–L, 78–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мірон 1, міронка ’вусач, Barbus, barbus L.’ (бас. Дняпра, Жук.; Дэмб. 2; ТСБМ), рус. мирон, мерён, мерёна ’вусач, Cyprinus barbus’, пск. ’ялец, Squalius leuciscus L.’ наўг., пск. ’галавень, Squalius cephalus L.’ Не зусім ’ясна. Міклашыч (202), Мацэнаўэр (LF, 10, 325), Фасмер (Этюды, 130) у якасці крыніцы прыводзяць ст.-грэч. μύραινα ’марскі вугор’, што больш адпавядала б ст.-рус. мѣрена ’пячкур’, ’вусач’ (XVI ст.) і морона (XIV ст.). Непераканаўча Праабражэнскі (1, 538), які выводзіць назву рыбы з імя Антон.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубе́ль ‘трубач; той, хто трубіць’ (валож., ашм., Стан.). Рэдкае словаўтварэнне з суф. ‑ель назоўнікаў у якасці назвы асобы, “схільнай да пэўнага дзеяння” (Сцяцко, Афікс, наз., 38), магчыма, пад уплывам літоўскага суф. ‑ėlis, параўн. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 119. Да труба 1 (гл.); поўнае фармальнае супадзенне па паходжанні з в.-луж. trubjel ‘поўнае сцябло’, ‘комін’, гл. Шустар-Шэўц, 1535; параўн. таксама н.-луж. tšubal ‘труба’, чэш. trouble ‘комін’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *trǫbjel ‘трубка’ (Сной₂, 785).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.​Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.​Хадкевіча. У 1623 Я.​Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.​Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.​Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.​Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.​Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,

работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.

Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл. Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж. сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.

Літ.:

Основы строительного дела. Мн., 1980.

І.​І.​Леановіч.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),

спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).

Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл. Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.

Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА́РЫУМ (ад лац. aguarium вадаём),

1) пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з метал. каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя, прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мае адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). У якасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок. У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т. л. сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі, палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш. водныя расліны.

2) Спец. навук. ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыумы для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх наз. акіянарыум.

Тыпы акварыумаў: 1 — трохвугольны; 2 — шарападобны; 3 — прамавугольны каркасны, 4 — цыліндрычны; 5 — убудаваны ў мэблю; 6 — насценны.

т. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)