выпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да выперці.

2. Выдавацца на паверхню, выпінацца. Твар.. [танкіста] быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Вера бачыла яго чорныя ўскудлачаныя валасы і вострыя лапаткі, што выпіралі з-пад бэзавай тэніскі. Асіпенка. // перан. Разм. Яскрава выяўляцца, прарывацца. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне тады здавалася, так падабаецца дзяўчатам; выпірала нейкая вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі пранікліва. Карпюк. Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.

2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.

3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблі́зіць, збліжу, зблізіш, зблізіць; зак., каго-што.

1. Перамясціць на больш блізкую адлегласць, наблізіць адно да другога. Зблізіць канцы дроту. Зблізіць электроды. // Устанавіць больш цесную сувязь, узаемадзеянне паміж чым‑н. Зблізіць навуку і вытворчасць.

2. Стварыць блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны паміж кім‑н. Тое, што Ірын бацька ведаў наш раён, што ён там праводзіў калектывізацыю і што ён расказваў мне пра гэта за чаем, неяк адразу зблізіла мяне з гэтым суровым на выгляд чалавекам. Сабаленка. [Каморнік] першы раз сказаў .. [Ганне] «ты», і гэта канчаткова зблізіла іх. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мядо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мёду. [Людвік] выбраў чыстую мясцінку на прызбе, паставіў на ёй мядовую рамку і выйшаў на вуліцу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з мёду, на мёдзе. Мядовы пернік. Мядовы квас.

2. Які пахне мёдам. Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам. В. Вольскі. // Падобны колерам на мёд, жоўта-залацісты. [Сонца] кідаецца на абшар, аблівае яго мядовым колерам. Бядуля.

3. перан. Саладжавы, прытарна-пяшчотны, ліслівы (пра голас). — Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць урачу, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.

•••

Мядовы месяц гл. месяц.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нічо́га 1,

гл. нішто ​1 (у 1 знач.).

нічо́га 2,

1. прысл. Тое, што і нішто ​2 (у 1 знач.). Жывецца мне нічога.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што, не шкодзіць. Усе даўно стаміліся, а яму нічога.

3. у знач. пабочн. Неістотна, не мае значэння; абыдзецца. — [Васіль:] — Калі пачаць усё расказваць, дык і жыцця не хопіць, .. я і так вас затрымаў, адарваў ад кампаніі. — Нічога, нічога, — адказвае жанчына, — расказвайце. Арабей. — Нічога, знойдзем, — прамовіў дзядзька і павёў хлопца назад у лес. — Шапка — не іголка, знойдзем... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пахадзіць без мэты, гуляючы. Я схадзіў у Зазер’е і на адзіноце паблукаў па асеннім лесе. Краўчанка. Сон.. не ішоў, і заставалася толькі пакінуць цеснаватую хату і паблукаць па вечаровай вуліцы. Шахавец.

2. Пахадзіць у пошуках чаго‑н. Нямала .. [Пеця] яшчэ паблукаў, пакуль знайшоў патрэбную дарогу. Сіняўскі. Варта было яшчэ паблукаць па кніжных магазінах, перакусіць, а потым зашыцца куды-небудзь у парк. Навуменка.

3. Разм. Павандраваць, пахадзіць. Калі нельга многа — хоць бы трохі Паблукаць бы мне па ўсёй зямлі. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Паставіць подпіс для пацвярджэння, пасведчання чаго‑н. Шафёр працягнуў Веньяміну дарожны ліст. — Падпішыце. Мне на базу трэба. Навуменка. // Прыняць якія‑н. абавязацельствы, умовы і пад., змацоўваючы іх подпісам (подпісамі). Падпісаць дагавор. □ Вярнуўшыся з Прыстанькі з усімі асцярогамі, настаўнікі разышліся хто куды, з тым, аднак, каб вечарам сабрацца ў школе для абмеркавання пастановы і падпісаць яе. Колас.

2. Зрабіць які‑н. надпіс, паметку на чым‑н. Падпісаць сшытак.

3. Уключыць у лік падпісчыкаў. Падпісаць на газеты і часопісы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плаку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія, звешаныя ўніз галіны (пра некаторыя дрэвы і кусты). Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад. Купала. Чучаны былі аддзелены ад Сёмкава Гарадка поплавам, праз які перакінута грэбля, абсаджаная плакучымі вербамі. Новікаў. // Які звісае ўніз, апушчаны ўніз (пра галіны такіх дрэў). Мне раптам уяўляецца, што ўсе гэтыя бярозы сталі ў паўабхвата таўшчынёю, голле на іх густое, плакучае... Кулакоўскі.

2. Уст. Тое, што і плаксівы. Пры гасцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

1. Зрабіць ясным, добра бачным. [Зазімак] падмарозіў зямлю, размаляваў ледзь прыкметнымі ўзорамі шыбы на вокнах, праясніў неба. Даніленка.

2. Зрабіць ясным, зразумелым; выясніць. [Сакратар:] — Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць. Шамякін. — Толькі мне самому не зусім ясна адна рэч, — задуменна прамовіў Толя. — А ты скажы ўсім, можа, мы праяснім яе, — параіў Паўлік. Рунец.

3. Зрабіць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). У хуткім часе адна падзея праясніла яе [Таццяніны] думкі .. Ды і не толькі яе... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)