акт

(лац. actus)

1) аднаразовае праяўленне якой-н. дзейнасці, учынак, падзея (напр. тэрарыстычны а.);

2) афіцыйны дакумент, які пацвярджае што-н. (напр. заканадаўчы а., а. экспертызы);

3) закончаная частка драматычнага твора, спектакля (напр. другі а. п’есы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

арыенці́р

(ням. Orientier, ад лац. oriens, -ntis = усход)

1) добра бачны на мясцовасці прадмет або элемент рэльефу, па якім можна вызначыць сваё месцазнаходжанне, знайсці пэўны аб’ект;

2) перан. кірунак дзейнасці, мэта, устаноўка (напр. выбраць надзейны а.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

камуфля́ж

(фр. camouflage)

1) спосаб маскіроўкі, пры якім прадметы, будынкі, ваенная тэхніка фарбуюцца ў плямы рознага колеру;

2) перан. падманныя дзеянні, маскіроўка якой-н. дзейнасці, ашуканства;

3) біял. здольнасць некаторых жывёл прымаць афарбоўку прадметаў навакольнага асяроддзя.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЫТ, побыт,

пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́ВІЧ (Яфім Яфімавіч) (27.2.1888, Мінск — ?),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). У 1-ю сусв. вайну на фронце, прапаршчык, штабс-капітан. Удзельнік Усебел. з’езда 1917, чл. яго прэзідыума. Міністр юстыцыі і фінансаў (да ліп. 1918) у Народным сакратарыяце Беларусі. Дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне і інш. У 1919 арыштаваны палякамі як дзеяч БНР. У 1918—19 чл. Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). 1.10.1920 арыштаваны асобым аддзелам Зах. фронту па падазрэнні ў контррэв. дзейнасці, вызвалены праз 6 месяцаў. У 1920—22 служыў у чыг. часцях Чырв. Арміі ў Гомелі. Удзельнічаў у правядзенні ліквідацыйнага з’езда БПС-Р (чэрв. 1924). У 1925—30 упаўнаважаны Наркамфіна БССР, з 1931 працаваў у Белшвейаддзяленні ВСНГ. У 1932 арыштаваны ДПУ БССР і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Свірлагу, дзе ў 1936 зноў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1963, па 2-м — у 1992.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,

сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст. г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.

Літ.:

Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;

Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;

Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.

т. 2, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЎЗЕНЬ,

адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр. ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.

Апоўзень: 1 — пачатковае становішча схілу; 2 — непарушаны схіл; 3 — апоўзневы блок; 4 — паверхня слізгання; 5 — пляцоўка апоўзневай тэрасы; 6 — сцяна зрыву апоўзня; 7 — напорны апоўзневы вал; 8 — урэз ракі.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ГАСПАДА́РКІ І КУЛЬТУ́РЫ (БІГіК),

арганізацыя культ.-асв. і гасп. кірунку ў Зах. Беларусі. Дзейнічаў з чэрв. 1926 да 4.12.1936 як філіял Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Стваральнікі і кіраўнікі А.​Станкевіч, Ф.​Ярэміч, В.​Багдановіч, У.​Казлоўскі, В.​Рагуля, В.​Гадлеўскі, А.​Уласаў. Асн. мэта — арганізацыя культ.-асв. працы і гасп. дзейнасці праз стварэнне бібліятэк, клубаў, с.-г. кааператываў, забеспячэнне сялян с.-г. тэхнікай і пашырэнне с.-г. ведаў. У сярэдзіне 1927 БІГіК налічваў 52 гурткі, у 1934—35 — 80 гурткоў (аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс. чал.) у Віленскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім і Баранавіцкім пав. Іх уплыў пашыраўся на частку бел. інтэлігенцыі і сялянства пераважна каталіцкага веравызнання. Кіраўніцтва БІГіК знаходзілася ў канфрантацыі з КПЗБ, рэв.-дэмакр. арг-цыяй Беларуская сялянска-работніцкая грамада, культ.-асв. арг-цыяй Таварыства беларускай школы (ТБШ). У пач. 1936 па ініцыятыве ЦК КПЗБ на глебе барацьбы за школу на роднай мове намецілася супрацоўніцтва паміж ТБШ і БІГіК. У канцы 1936 дзейнасць БІГіК забаронена польскімі ўладамі.

У.​Ф.​Ладысеў.

Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1921 як Дзярж. выд-ва БССР на базе створанага ў 1920 Бел. аддзялення Дзярж. выд-ва РСФСР, якому акрамя падрыхтоўкі ўласных выданняў было даручана рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці на Беларусі, улік і размеркаванне паперы, распаўсюджванне друкаваных твораў. З 1922 у складзе Дзярж. трэста выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі (Белтрэстдрук). У 1924 на базе Белтрэстдруку і кааператыўнага выд-ва «Савецкая Беларусь» створана Бел. дзярж. выд-ва БССР (ДВБ). У Вял. Айч. вайну з 1942 працавала ў Маскве [да 1943 як выд-ва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь»], з 1944 у Мінску. Назва «Беларусь» з 1963. Выпускае грамадска-паліт., мастацка-публіцыстычную, краязнаўчую, вытворча-тэхн., мед., мастацтвазнаўчую і муз. л-ру, маст. альбомы, плакаты, паштоўкі, адрыўныя календары. У першыя гады існавання выпускала таксама перыяд. выданні, да 1951 навукова-пед., да 1961 с.-г., да 1972 маст. і дзіцячую л-ру, крытычныя і літ.-знаўчыя творы. З яго вылучыліся выд-вы: у 1951 «Народная асвета», у 1961 «Ураджай», у 1972 «Мастацкая літаратура».

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (выканком) Савета дэпутатаў,

выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)