Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т. л. творы духоўнай музыкі бел. кампазітараў мінулага (С.Манюшкі, М.Равенскага, М.Шчаглова, М.Анцава, А.Туранкова) і сучасных (С.Бельцюкова, А.Залётнева, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, А.Рашчынскага, А.Хадоскі, Л.Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.Бартнянскага, А.Ведаля, В.Казлоўскага, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, месы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, А.Дыябелі, рэквіемы Л.Керубіні, М.Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар, фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУР ((Moore) Генры) (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),
англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж.мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).
Літ.:
Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.
С.І.Пракоп’ева.
Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ДЗЕ (Мікалай) (Ніко) Якаўлевіч (26.9.1843, г. Кутаісі, Грузія — 1.4.1928),
грузінскі і рас. публіцыст і літ. крытык, дзеяч нац.-вызв. і дэмакр. руху ў Грузіі. Д-р права (1868). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя, 1868). Друкаваўся з 1860, быў блізкі да М.Г.Чарнышэўскага. У 1861 за ўдзел у рэв. дзейнасці выключаны з Пецярбургскага ун-та і арыштаваны. У 1864—69 у эміграцыі ў Францыі і Швейцарыі. Супрацоўнічаў у газ.«Колокол» А.І.Герцэна, удзельнічаў у дзейнасці рас.рэв.-дэмакр. групы «Маладая эміграцыя», выданні час. «Подпольное слово» і «Современность». З 1870 у Тбілісі, разам з І.Р.Чаўчавадзе і інш. ўзначаліў груз.нац.-вызв. рух. У 1878—80 выдаваў ліберальную газ. «Обзор». У 1881—83 у Пецярбургу, супрацоўнік час.«Отечественные записки». З 1886 у Грузіі, адзін з кіраўнікоў ліберальнага руху «Меарэ-дасі» («Другая група»). У 1894—1912 гар. галава г. Поці. Быў чл. урада Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі (1918—21). З 1920 у Лондане. У 1924 вярнуўся на радзіму. У літ.-крытычных артыкулах выступаў як паслядоўны прыхільнік рэаліст. метаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад піра... + электрычнасць),
узнікненне эл. зарадаў на паверхні некат. крышталёў (піраэлектрыкаў) пры іх награванні ці ахаладжэнні. Да піраэлектрыкаў адносяць крышт.дыэлектрыкі, што палярызуюцца ў адсутнасці эл. поля і інш. знешніх уздзеянняў (т. зв. спантанная палярызацыя). Даследавалася Д.Брустэрам, П.Кюры, Ф.Эпінусам.
Пры награванні адзін край піраэлектрыка зараджаецца дадатна, пры ахаладжэнні — адмоўна, другі — наадварот. Паяўленне зарадаў на паверхні піраэлектрыка звязана са зменай існуючай у ім палярызацыі пры змене т-ры крышталя, а таксама і пры дэфармаванні (піраэлектрыкі з’яўляюцца п’езаэлектрыкамі) Асобная група піраэлектрыкаў — сегнетаэлектрыкі, у якіх пры награванні да пэўнай т-ры спантанная палярызацыя знікае і крышталь пераходзіць у непіраэл. стан. Існуе эфект, адваротны піраэлектрычнаму. Калі крышталь змясціць у эл. поле, то яго палярызацыя змяняецца, што суправаджаецца награваннем ці ахаладжэннем крышталя (электракаларычны эфект). Піраэлектрыкі выкарыстоўваюць у тэхніцы ў якасці індыкатараў і прыёмнікаў выпрамяненняў. Іх дзеянне заснавана на рэгістрацыі эл. сігналаў, што ўзнікаюць у піраэлектрыках пры змене т-ры пад уплывам выпрамянення.
Літ.:
Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ.М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп (каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.Я.Арцем’еў, П.Ф.Самародкаў, Я.Х.Сташкевіч, С.В.Сухавей), у вёсках Домнікі (А.М.Філіпаў), Дрэтунь (М.Д.Свірыдзенка), Залессе (К.М.Макараў), Казімірова (Ф.Дз.Максімаў), Палата (П.Ф.Сташкевіч), Пруды (А.Я.Марчанка), Узніцы (П.Я.Кірыленка), Юравічы (Дз.А.Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел.партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.