НІ́КАНЧЫК (Пётр Іванавіч) (н. 20.4.1932, в. Слабада Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграноміі. Чл.-кар. Акадэміі агр. н. Беларусі (1992), д-р с.-г. н. (1987). Скончыў БСГА (1957). З 1963 у Бел. НДІ земляробства, з 1988 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (заг. лабараторыі). Навук. працы па распрацоўцы комплексных, рэсурсазберагальных, эканамічна і экалагічна абгрунтаваных сістэм выкарыстання зямлі на прынцыпах адаптыўнай інтэнсіфікацыі земляробства, удасканаленні глебава-экалагічных севазваротаў і структуры пасяўных плошчаў для розных тыпаў глеб і спецыялізацыі гаспадарак, спалучэнні іх з сістэмамі ўгнаенняў, апрацоўкі глебы і аховы раслін ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў.

П.І.Ніканчык.

Тв.:

Интенсивное использование пашни. Мн., 1995;

Проблемы севооборотов в условиях интенсификации земледелия // Весці Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 2;

Основные направления развития современного земледелия // Науч. тр. по земледелию и растениеводству. Жодино. 1999. Вып. 36.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЎВА́ЖНЫ ((Nieuważny) Фларыян) (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),

польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.​Цютчава, А.​Чэхава, У.​Маякоўскага, І.​Эрэнбурга, Р.​Скаварады, Т.​Шаўчэнкі, Л.​Украінкі і інш. усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Брыля, В.​Быкава, У.​Караткевіча, І.​Мележа, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.​Купалы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Р.​Барадуліна, Брыля, Н.​Гілевіча, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, В.​Іпатавай, Караткевіча, У.​Някляева, А.​Кудраўца, А.​Разанава, М.​Стральцова і інш.

А.​Л.​Верабей.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІЦВІ́НЫ»,

бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.​Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш. Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел. нар. песень, абрадавая і танц. нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) i IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЧМЕЛЬ (Іосіф Фадзеевіч) (1907 — сак. 1942),

бел. гісторык. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т. У 1935—41 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Асн. навук. працы прысвечаны нац.-вызв. барацьбе бел.народа. Лічыў, што нац. і рэліг. прыгнёт бел. народу з боку польскіх паноў падштурхнуў яго да ўз’яднання з Расіяй, спрыяў аб’яднанню яго нац.-вызв. і антыфеад. барацьбы ў адзіную плынь. Сял. рух пач. 1860-х г. і паўстанне 1863—64 звязаў з сял. рэформай 1861. Лічыў К.​Каліноўскага найб. радыкальным правадыром паўстання, выразнікам і абаронцам інтарэсаў прыгнечанага сялянства. Даследаваў барацьбу бел. народа супраць польскіх акупантаў у грамадз. вайну. Аўтар працы «Нарыс гісторыі барацьбы беларускага народа супраць польскіх паноў» (1940).

Літ.:

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.

М.​У.​Токараў.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫЧ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 25.2.1935, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. Hau. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1986). Д-р эканам. н. (1973), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Брат Л.М.Лыча. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1958). У 1958—61 на Брэсцкай абл. с.-г. доследнай станцыі; з 1967 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1977 у БелНДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі (нам. дырэктара). З 1988 дырэктар Ін-та эканомікі і адначасова з 1992 акад.-сакратар Аддзялення гуманіт. навук Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы павышэння эканам. эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, у т. л. меліярацыі, кіравання нар. гаспадаркай, эканам. суверэнітэту, міждзярж. эканам. інтэграцыі.

Тв.:

Размещение и специализация сельского хозяйства Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.);

Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. Мн., 1988;

Эффективность использования производственных ресурсов. Мн., 1990.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),

польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.​Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.​Гайдук, М.​Кавыль, А.​Лойка, Я.​Семяжон.

Тв.:

Wybór poezji. Warszawa, 1960;

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),

бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.​Бычкоўскім, Б.​Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ. «Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦК Бел. нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ. «Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час. «Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г. час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЙПС ((Pipes) Рычард Эдгар) (н. 11.7.1923, г. Цешын, Польшча),

амерыканскі гісторык, палітолаг. З 1940 у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950). У 1962—63 дырэктар Цэнтра навук. даследавання Расіі. З 1963 праф. рас. гісторыі Гарвардскага ун-та. У 1981—82 саветнік па Сав. Саюзе прэзідэнта ЗША Р.​Рэйгана. Аўтар прац «Еўропа пасля 1815 г» (1970), «Расія пры старым рэжыме» (1974), «Амерыканска-савецкія адносіны ў эру разрадкі» (1981), «Камунізм: знікаючы прывід» (1993), «Расія пры бальшавіцкім рэжыме» (1994) і інш. У кн. «Утварэнне Савецкага Саюза: камунізм і нацыяналізм. 1917—1923 гг» (1954, перавыд. 1968) вызначыў ролю і месца ў пач. 20 ст. бел. нац.-вызв. руху (у т. л. БСГ), разглядаў унутр. і знешнія абставіны, якія не дазволілі замацаваць бел. дзяржаўнасць у форме БНР.

Тв.:

Бел. пер. — Мінуўшчына Расеі і яе будучыня // Arche. 2000. № 1.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКАЯ (Вера Ігнатаўна) (літ. псеўд. Вера Мурашка, Беларуская Мурашка; 24.3.1896, в. Агароднічкі Падляскага ваяв., Польшча — 23.1.1981),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, паэтэса. Скончыла Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, вучылася на Першых бел. настаўніцкіх курсах у Вільні (1919). У 1917 стварыла адну з першых нац. школ у в. Грабавец (Шчучынскі р-н), у 1920 настаўніца ў в. Карма Ігуменскага пав. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтр. саюза беларусак, створанага вясной 1920 у Мінску. Удзельніца Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У сак. 1922 арыштавана польскімі ўладамі і на працэсе 45-і прыгаворана да 6 гадоў турмы. З 1939 настаўнічала ў вёсках Гродзеншчыны і Беласточчыны. Друкавала вершы ў газ. «Беларусь» (Мінск), «Ніва» (Беласток), «Беларускі каляндар» (Вільня). Творчыя матэрыялы М. захоўваюцца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва ў Мінску.

Т.​В.​Кекелева.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.​Вагнера, «Музычныя вечары» Б.​Брытэна паводле Дж.​Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.​Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)