ТУРБІ́ННАЕ БУРЭ́ННЕ,

спосаб праходкі свідравін з дапамогай турбабура. Выкарыстоўваецца для бурэння ў асн. нафтавых і газавых свідравін і дазваляе бурыць звышглыбокія свідравіны.

Турбабур уяўляе сабой шматступеньчатую турбіну, вал якой круціць долата непасрэдна ці праз рэдуктар. Турбіна прыводзіцца ў дзеянне гліністым растворам. які пад ціскам падаецца ў свідравіну па трубах. Адна- і шматсекцыйныя турбабуры выкарыстоўваюцца для бурэння свідравін дыяметрам да 600 мм. Іл. гл. да арт. Буравы інструмент.

т. 16, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ТМЕС,

старажытнаегіпецкі скульптар 14 ст. да н.э. «Начальнік скульптараў» пры двары фараона Аменхатэпа IV — Эхнатона. Працаваў у сталіцы Егіпта пры Эхнатоне — стараж. г. Ахетатон (сучасны Амарна). У 1912 ням. археолаг Л.​Борхарт пры раскопках Ахетатона адкрыў майстэрню Т. з шэрагам партрэтных работ, сярод якіх выявы Эхнатона, царыцы Неферціці і іх шасці дачок. Партрэты вылучаюцца выключнай тонкасцю мадэліроўкі, трапяткой адухоўленасцю вобразаў. Іл. гл. да арт. Егіпет Старажытны.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗУРПА́ЦЫЯ (ад лац. usurpatio авалоданне),

скарочаная назва гвалтоўнага захопу ўлады або гвалтоўнага яе ўтрымання. Ва ўсіх дэмакр. краінах з’яўляецца цяжкім дзярж. злачынствам. КК Рэспублікі Беларусь (арт. 357 ч. 2) устанаўлівае крымін. адказнасць за захоп або ўтрыманне дзярж. улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама за публічныя заклікі да гэтых дзеянняў, у т. л. ўчыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі. У. наогул разглядаецца як прысваенне чужых правоў, паўнамоцтваў.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМУ́РЫЧ Уладзімір Львовіч (н. 1 12.1957, г. Альмецьеўск, Расія),

бел. танцоўшчык. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Варашылаўградскае культ.-асв. вучылішча (1975). З 1978 артыст балета ансамбляў песні і танца Паўд. групы войск (Венгрыя), з 1983 Бел. ваен. акругі, з 1988 Паўн. групы войск (Польшча), у 1992—2000 Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Выконваў сола ў многіх харэаграфічных пастаноўках («Брэсцкая крэпасць», «Беларуская рапсодыя», «Вяселле ў Малінаўцы», «Кадрыль» і інш.).

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАСПІ́НКА, волжскі селядзец (Alosa kessleri),

рыба сям. селядцовых. Пашырана ў Каспійскім моры. Нераст у рэках Волга і Урал.

Даўж. да 52 см, маса да 1,8 кг. Спіна, галава і грудныя плаўнікі амаль чорныя (адсюль назва) або цёмна-фіялетавыя. За жабернымі накрыўкамі з кожнага боку па пляме. Жаберныя тычынкі тоўстыя і грубыя. Прахадная. Пасля нерасту ч. рыб гіне. Корміцца дробнай рыбай. Аб’ект промыслу. Іл. гл. да арт. Селядцовыя.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАВА Вольга Паўлаўна (15.2.1944, в. Загародная Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 26.11.1999),

бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыла Усерас. творчую майстэрню эстр. мастацтва ў Маскве (1972). Творчы шлях пачала ў маст. самадзейнасці. У 1968—96 салістка Бел. філармоніі. Яе творчасці ўласцівы задушэўнасць у перадачы эмацыянальнага зместу песень, у т. л. народных. У рэпертуары пераважалі творы бел. і рас. кампазітараў, бел. нар. песні.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВА́ТАР НЯБЕ́СНЫ,

акружнасць, па якой нябесную сферу перасякае плоскасць, што праходзіць праз яе цэнтр перпендыкулярна да восі свету. Падзяляе нябесную сферу на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Перасякаецца з матэм. гарызонтам у пунктах усходу і захаду. Плоскасць Э.н. паралельная плоскасці экватара зямнога і нахілена да плоскасці гарызонта пад вуглом 90°−φ, дзе φ — шырата месца назірання. Іл. гл. да арт. Нябесная сфера.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮМА́ТАЎ Георгій Аляксандравіч (11.3.1926, Масква — 4.10.1997),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1982). У кіно з 1947. Акцёр сучаснай тэмы. Зняўся ў фільмах: «Маладая гвардыя» (1948), «Розныя лёсы» (1956), «Жорсткасць» (1959), «Парожні рэйс» (1963), «Не забудзь, станцыя Лугавая» (1967), «Адзін з нас», «Афіцэры» (абодва 1971), «Лёс» (1978), «Пятроўка, 38», «Агарова, 6» (абодва 1980), «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (1981), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ Андрэй (сапр. Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),

рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. Пасля Кастр. рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб. арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў матэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКАЎ Генадзь Сцяпанавіч (н. 19.2.1935, г. Магілёў),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1974), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1957). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя Я.​Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавіты нар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасць псіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.​Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.​Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.​Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.​Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Янка («Там і тут» Д.​Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.​Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.​Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).

Літ.:

Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Г.С.Аўсяннікаў.

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)