агульная назва 3 родаў рыб сям. камбалавых: П. стралазубыя — Atheresthes (2 віды), П. звычайныя, або белакорыя, — Hippoglossus (1 від) і П. чорныя, або сінякорыя, — Reinhardtius (1 від). Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага ак., у т. л. ў Ахоцкім, Баранцавым, Берынгавым і Японскім морах. Донныя рыбы.
Даўж. да 2,3 м, маса да 117 кг (зрэдку да 4,7 м і 340 кг). Цела асіметрычнае, сплошчанае, падоўжанае. Вочы на правым баку. Кормяцца малюскамі, ракападобнымі, рыбай. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНТА́І (Theragra),
род рыб сям. трасковых. 2 віды: М. далёкаўсходні — T. chalcogramma (пашыраны ў паўн.ч. Ціхага ак.) і М. атлантычны — T. finnmarchica (Нарвежскае м.). Жывуць на глыб. 500—700 м. Чародныя.
Даўж. да 75 см, маса да 1,5 кг. Верх цела са шматлікімі цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 3, анальных 2, хваставы з невял. выемкай. Вочы вялікія. Кормяцца ракападобнымі; дробнай рыбай. Ікра пелагічная, дробная; нераст на мелкаводдзі. М. далёкаўсходні — аб’ект промыслу. Тлушч з печані багацейшы на вітаміны за трасковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).
Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯСТЫНІ́Т (ад позналац. mediastinum міжсценне),
запаленне органаў міжсцення (часткі грудной клеткі, дзе знаходзяцца сэрца, стрававод, трахея, буйныя крывяносныя сасуды) чалавека. Адрозніваюць М. першасны (узнікае ў выніку траўмы пры пранікальных раненнях міжсцення) і другасны (ускладненне запаленчых працэсаў грудной поласці, рота, шыі). Працякае ў вострай і хранічнай формах. Пры вострым М. павышаецца т-рацела, назіраецца задышка, тахікардыя і інш., бываюць нерв.-псіхічныя парушэнні. Асн. прыкметы хранічнага М. — сцісканне вен, трахеі, стрававода, пульсуючыя болі за грудзінай і інш. Лячэнне хірург., тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),
грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАНО́ЖКІ (Myriapoda),
падклас наземных членістаногіх. 4 кл. (губаногія, двухпарнаногія, паўраподы—Pauropoda і сімфілы—Symphyla), больш за 53 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Актыўныя ўначы, жывуць пад карой, камянямі, у лясным подсціле. Удзельнічаюць у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары гельмінтаў, шкоднікі грыбоў, агароднінных культур.
Даўж. да 27 см. Цела цыліндрычнае або пляскатае, сегментаванае (да 177 членікаў). На кожным сегменце 1—2 пары ног (адсюль назва). Кормяцца расліннымі рэшткамі, міцэліем грыбоў, дробнымі беспазваночнымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць яйцы. Многія маюць ядавітыя залозы (па баках тулава, на нагасківіцах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАПЁРАПАДО́БНЫЯ (Polypteriformes),
атрад ганоідных рыб. Вядомы з эацэну (каля 40 млн.г. назад). 1 сям. (мнагапёравыя—Polypteridae), 2 роды (мнагапёры—Polypterus і каламаіхты—Calamoichthis), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі. Актыўныя ўначы.
Даўж. да 1,2 м. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (да 18). Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАГЕНЕТЫ́ЧНЫЯ СМАКТУНЫ́, монагенеі, смактуны-мнагавуснікі (Monogenea, або Monogenoidea),
клас плоскіх чарвей. 2 падкл., каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 5 сям., 50 відаў. Эктапаразіты рыб (на скуры, шчэлепах), некат. — эндапаразіты земнаводных, паўзуноў (напр., чарапах). Кожны від М.с. паразітуе на сваім гаспадары.
Даўж. ад 0,02 да 50 мм. Цела плоскае, падоўжанае. На заднім канцы прымацавальны дыск з кручкамі, двухстворкавымі клапанамі або прысоскамі, падобнымі да рота (адсюль назва — мнагавуснікі). Гермафрадыты Адкладваюць яйцы, некат. жывародныя. Развіццё без змены гаспадароў і змены пакаленняў (адсюль назва — монагенеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кунгфу́
(кіт. kung fu)
сістэма кітайскай аздараўленчай гімнастыкі і спартыўнай барацьбы; спосаб самаабароны без зброі, заснаваны на рэзкіх ударах нагой або рукой па болевых пунктах цела праціўніка.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)