комплекс устройстваў і сродкаў для вырашэння ваен. задач у космасе і з космасу, у т. л. з размяшчэннем асобных сістэм на Зямлі і інш. нябесных целах. Уключае касмічныя комплексы, розныя сродкі паражэння, а таксама выяўлення, суправаджэння, навядзення, баявога кіравання і энергет. забеспячэння. Да сродкаў паражэння адносяцца; прамянёвая зброя (лазерная), пучковая зброя, кінетычная і ЭМВ-зброя (пучкі хваль міліметровага дыяпазону або моцнатокавы пучок зараджаных часціц, які выпраменьвае ў шырокім спектры частот). Найб. перспектыўнай і эфектыўнай лічаць лазерную зброю наземнага базіравання. Эфектыўнасць К.з. значна ўзрасла з выкарыстаннем шматразовых трансп.касм. караблёў тыпу «Шатл» (ЗША). У цяперашні час даследаванні і распрацоўка К.з. перанесены з стратэгічных сістэм у тактычныя, у т. л. ў сістэмы проціракетнай абароны тэатра ваен. дзеянняў (ЗША, Ізраіль і інш.).
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
Борчев М.А. Околоземный космос как возможная сфера вооруженной борьбы // Военная мысль. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),
рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус.хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус.нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЧАТЫЯ ЧЭ́РВІ (Annelida),
анеліды, кальчацы, тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.
Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв.сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.
Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 30.8.1941, в. Сукманаўка Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед.н. (1991), праф. (1994). Акад. Каралеўскай акадэміі дактароў Іспаніі (1993). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1966). У 1969—83 і з 1994 працуе ў ім, у 1983—94 у Бел.дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах эпілепсіі і яе хірург. лячэння. Адзін з аўтараў адкрыцця «Заканамернасці змянення ўласных акустычных ваганняў галаўнога мозга» (1991), распрацоўкі сістэмы камп’ютэрнай дыягностыкі вострых хвароб ц. н. с. і метаду рэдыслакацыі мазгавога ствала ў выпадках яго зрушвання і пры ўшчамленнях, абумоўленых унутрычарапной гіпертэнзіяй.
Тв.:
Смещения и ущемления мозгового ствола. Мн., 1968 (разам з М.С.Місюком, С.М.Рагульчанкам);
Острая внутричерепная гипертензия. Мн., 1974 (раэам з А.Я.Семаком);
Основы топической диагностики заболеваний нервной системы. Мн., 1974 (у сааўт.);
Нервные болезни. Мн., 1977 (разам з М.С.Місюком, А.М.Гурленем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛЬВАННЕў карбюратарных рухавіках,
узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.
З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАЎНІ́ЦТВА ПА АЭРАНА́ЎТЫЦЫ І ДАСЛЕ́ДАВАННІ КАСМІ́ЧНАЙ ПРАСТО́РЫ (National Aeronauticas and Space Administration; НАСА),
ведамства ўрада ЗША. Створана ў 1958 для даследавання праблем палётаў у атмасферы Зямлі і касм. прасторы. Каардынуе дзейнасць па распрацоўцы, выпрабаванні і выкананні палётаў аэракасм. апаратаў, даследаванні, асваенні і выкарыстанні касм. прасторы і інш.
НАСА аб’ядноўвае 10 н.-д. цэнтраў, найбуйнейшыя з якіх: Касм. цэнтр імя Л.Джонсана ( г. Х’юстан, штат Тэхас), Цэнтр Маршала (г. Хантсвіл, штат Алабама), Цэнтр імя Дж.Кенэдзі на мысе Канаверал (штат Фларыда), Цэнтр касм. палётаў імя Р.Годарда (Грынбелт, штат Мэрыленд), Н.-д. цэнтр імя Эймса. НАСА здзейсніла большасць касм. праграм ЗША, найб. важныя: «Апалон» «Спейс шатл». «КХТ» (стварэнне касм. тэлескопа імя Э.Хабла), даследаванне планет Сонечнай сістэмы пры дапамозе касм. апаратаў «Піянер», «Вояджэр». У канцы 1990-х г.НАСА ўдзельнічае ў стварэнні міжнар.касм. станцыі і аэракасм. самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
шматэтапная сістэма кіравання, што каардынуе і інтэгруе дзеянне нерв.сістэмы і гумаральных фактараў крыві, лімфы, тканкавай вадкасці на фізіял. працэсы ў арганізме жывёл і чалавека. Падтрымлівае адноснае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма (гамеастаз) і яго прыстасаванасць да ўмоў існавання. Мае нерв. механізмы вядучых звёнаў рэгуляцыі і хім. рэчывы (гармоны, медыятары, метабаліты) для перадачы сігналаў паміж клеткамі і ўнутры клетак. Складаецца з кіравання (працэсы, што адбываюцца ў нерв. элементах), сінтэзу (утварэнне малекул гумаральнага рэгулятара ў сакраторных клетках), сакрэцыі (выдзяленне гумаральнага рэгулятара з клетак у кроў), транспарту (перанос малекул па крыві, лімфе і міжклетачнай вадкасці), эфекту (узаемадзеянне гумаральнага рэгулятара з клетачнымі рэактыўнымі сістэмамі, што выклікае пэўныя метабалічныя і функцыян. змены ў клетках органа-мішэні), метабалізму (біяхім. пераўтварэнні малекул гумаральнага рэгулятара і вывядзенне з арганізма).
Літ.:
Акмаев И.Г. Структурные основы механизмов гипоталамической регуляции эндокринных функций. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫГМА́ТЫКА,
1) адзін з двух аспектаў сістэмнага даследавання мовы, які проціпастаўляецца сінтагматыцы, — вывучэнне элементаў мовы і класаў гэтых элементаў, што знаходзяцца ў адносінах проціпастаўлення, выбару аднаго з узаемавыключальных элементаў.
2) Вучэнне пра будову і структуру парадыгмаў розных тыпаў, іх класіфікацыю, а таксама аб’яднанне ў больш складаныя адзінствы.
Парадыгматычныя адносіны праяўляюцца ў парадыгматычным проціпастаўленні (тоеснасці і адрозненні, проціпастаўленасці і ўзаемазамяняльнасці) моўных адзінак. Яны будуюцца на розных відах падабенства (сувязі) паміж моўнымі адзінкамі: фармальнага («снег», «снега», «снегу», «снег», «снегам», «снезе» — марфал. парадыгма), фармальна-семантычнага («выкладчык», «дарадчык», «аб’ездчык», «разведчык» — словаўтваральная парадыгма на падставе агульнасці суфікса і яго значэння «вытворца дзеяння»), семантычнага («ісці», «крочыць», «шыбаваць», «дыбаць», «цягнуцца» — лексічная парадыгма на падставе агульнага значэння «ісці»), У некат. кірунках сучаснай лінгвістыкі П. разглядаецца як сістэма мовы, а сінтагматыка — як рэалізацыя гэтай сістэмы ў працэсе пабудовы выказвання (тэксту).
Літ.:
Степанов Ю.С. Методы и принципы современной лингвистики. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАУ́Р’Я,
дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э.Засн.Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст.паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ КЛІ́МАТУ, паляпшэнне клімату,
комплекс мерапрыемстваў з мэтай змены клімату ў патрэбным чалавеку кірунку (паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва, развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі і інш.). Пры сучасным узроўні развіцця навукі і тэхнікі М.к. можа праводзіцца на невял. тэрыторыях і пераважна ў каляземным слоі паветра. Непасрэдна М.к. робяць рэдка, амаль заўсёды яна з’яўляецца ўскосным вынікам меліярацыі. Магчыма ўздзеянне на скорасць ветру, т-ру і вільготнасць паветра і глебы, аэрацыю глебы, вышыню і шчыльнасць снегавога покрыва і інш. Для барацьбы з замаразкамі і павелічэння вегетац. перыяду ўжываецца дымленне, арашэнне, штучны абагрэў, зачарненне снегавога покрыва. Асушэнне і арашэнне паляпшае водна-паветраны і цеплавы рэжым глебы і каляземнага слоя паветра. Лясныя палосы і насаджэнні садзейнічаюць памяншэнню скорасці ветру, больш раўнамернаму размеркаванню снегу, павелічэнню вільготнасці і т-ры паветра. У буйных гарадах шкодны ўплыў клімату горада памяншаецца стварэннем рацыянальнай сістэмы забудовы і правядзеннем азелянення і інш.