адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.

2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.

3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. Верчучы, падлажыць пад сябе; падгарнуць. Піліп Андрэевіч узяў у мяне папяроску, закурыў, ямчэй падвярнуў пад галаву падушку. Краўчанка.

2. Няёмка падагнуўшы, пашкодзіць; вывіхнуць. Пасля дажджу раз пакаўзнулася [Маня] на роўнай дарозе, упала і падвярнула нагу. Васілевіч.

3. Крута звярнуўшы, пад’ехаць куды‑н.; накіраваць. Падвярнуць падводу да крайняй хаты. Падвярнуць лодку да берага.

4. Падварушыць, крыху павярнуць. Падвярнуць сена.

5. безас. Аб раптоўным адчуванні млоснасці, болю і пад. Стала душна, падвярнула пад грудзі. Блажыла. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нырэ́ц, ‑рца, м.

1. Скачок у ваду з галавой. Даць нырца.

2. Той, хто ўмее ныраць, хто добра нырае. Нік крышачку зайздросціў ім, гэтым вялізным жывёлінам. Зайздросціў іх спрыту, іх майстэрству нырцоў. Лынькоў. [Язэп] кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога: дужа глыбокую зрабілі копанку для нырцоў. Ваданосаў.

3. Вадаплаўная птушка сямейства качыных, якая здабывае сабе корм, ныраючы пад ваду. Чырвананосы нырэц.

4. У боксе — прыём, калі баксёр хутка прыгінаецца, каб ухіліцца ад бакавых удараў у галаву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паскупі́цца, ‑скуплюся, ‑скупішся, ‑скупіцца; зак.

Праявіць скупасць, празмерную эканомію. Мікодым, хоць і быў жмінда, на гэты раз не паскупіўся. Сабаленка. У нядзелю пайшла Маўра на базар прадаваць шчаўе... Да базары паскупілася пусціць дзешавей, прасядзела ледзь не да вечара. Сяркоў. — Сёння Амархан не паскупіўся, плоў прыгатаваў, — адказаў Мікола. Даніленка. // на што. Даць, выказаць мала чаго‑н. Паскупіцца на пахвалу. □ Але ж яшчэ не было такога, каб паляўнічы паскупіўся на фарбы для апісання велічыні той дзічы, якую ён упаляваў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачасту́нак, ‑нку, м.

1. Ежа, пітво, якімі частуюць каго‑н. На прыпеку перад чалеснікам патрэсквала сухая лучынна: гатаваўся найпершы сялянскі пачастунак — яешня. Сабаленка. [Таварышы] заўсёды прыносілі пачастункі: булкі, цукар, сала. П. Ткачоў. [Сняжок] вельмі любіў салодкае і калі бачыў у руках у мяне цукар, дык не адыходзіў датуль, пакуль не атрымліваў пачастунак. Бяганская.

2. Тое, што і частаванне. А як жа з госцем не пачаставацца? Гэта не часта, а раз у год. І ідуць пачастункі, вядуцца сватанні, раскідаюцца запросіны. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перазда́ць, ‑здам, ‑здасі, ‑здасць; ‑здадзім, ‑здасца, ‑здадуць; зак., што.

1. Здаць у карыстанне што‑н. нанава, на іншых умовах або каму‑н. другому. Пераздаць зямлю ў арэнду. Пераздаць пакой.

2. Разм. Здаць экзамен, залік паўторна, яшчэ раз. А мне ўспамінаецца, як некалі Барыс усё скардзіўся, што яму цяжка даецца матэматыка. Я ж казаў, што невялікая бяда і пераздаць адзін прадмет і ні ў якім выпадку не трэба кідаць вучобу ў машынабудаўнічым тэхнікуме. Мыслівец.

3. Здаць, раздаць нанава (карты).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пералятаць — пераляцець.

2. Сезоннае перасяленне птушак. Пералёт буслоў у вырай.

3. Спец. Дальні выпрабавальны палёт на самалёце згодна з вызначаным маршрутам. Трансарктычны пералёт.

4. Падзенне кулі, снарада і пад. за цэллю. Міны грымнулі яшчэ раз. Цяжка было пазнаць — з пералётам гэтага месца ці з недалётам. Кулакоўскі.

пералёт 2, ‑у, М ‑лёце, м.

Кармавая і лекавая расліна сямейства бабовых з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў галоўчатыя суквецці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плашча́к, ‑а, м.

1. Тое, што і плашка. Павел Сцяпанавіч.. разам з бацькам-пільшчыкам распускаў па вёсках.. тоўстыя калоды на вяршковыя і цалёвыя дошкі, на плашчакі. Паслядовіч. Хаты ў гаспадароў былі больш-менш добрыя. Сустракаліся нават пяцісценкі з магутных сасновых плашчакоў, рубленых «у лапу». Машара.

2. Плоскі бок чаго-небудзь. Яшчэ раз шапатне [дзядзя Міша] нажніцамі і пачне вадзіць за тваёй патыліцай люстэркам, каб ты, узіраючыся ў вялізны шкляны плашчак перад сабою, бачыў, што ўсё зроблена як трэба. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе і про́баваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

1. што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. [Кампазітар] прабуе інструмент моцнымі і чулымі пальцамі. Бядуля. Да самага вечара ён цацкаўся з .. [гармонікам] — разглядаў, прабаваў галасы. Чорны. Там, у нізіне, прабуе голас кулік. Навуменка.

2. з інф. Рабіць спробу чаго‑н. Але .. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавала ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва. Андрэй прабаваў перавесці гаворку на іншае. Чарнышэвіч. Дзяўчаты звіняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылажы́цца, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑ложыцца; зак.

1. Тое, што і прыкласціся. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень. Колас. На першай днёўцы ён [Калодка] так старанна прылажыўся да нашага запасу хлеба, што яго паменшала адразу на некалькі дзён, а мы з Міколам першы раз ўздыхнулі. Брыль.

2. Пацалаваць каго‑, што‑н., злёгку дакрануўшыся губамі. Сарока за руку падвяла да маткі самых малых Косціка і Вольку, якія паслухмяна прылажыліся да матчынага твару. Мележ. І, не перахрысціўшыся, [Базыль] прылажыўся да крыжа. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)