ВАСІЛЬКО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (19.10.1854, г. Ізюм, Украіна — 7.10.1917),

украінскі жывапісец. У 1876—85 вучыўся ў Пецярбургскай АМ у М.Клота і У.Арлоўскага. Аўтар лірыка-эпічных пейзажаў, адметных мяккімі колеравымі спалучэннямі, жанравых і гіст. карцін («Раніца. Статак у стэпе», 1884, «Казацкі луг», 1893, «Казак і дзяўчына», 1894), манум. пано, альбомаў «З украінскай даўніны» (1900) і «Матывы ўкраінскага арнаменту» (1912, абодва разам з М.Самокішам).

Літ.:

Безхутрий М.М. Сергій Васильківський: Біогр. повість. Київ, 1979.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА МАЛЯВА́ННЯ,

сярэдняя навуч. маст. ўстанова ў Вільні ў 1866—1914. Падпарадкоўвалася Пецярбургскай АМ. Навучанне было бясплатнае. Арганізатар школы і загадчык у 1866—1912 І.Трутнеў. Сярод выкладчыкаў: І.Бальзукевіч, І.Рыбакоў, П.Ромер, І.Чамаданаў. Падрыхтавала шмат настаўнікаў малявання і чарчэння для губ. і павятовых школ Беларусі і Літвы. У ёй вучыліся Л.Альпяровіч, М.Антакольскі, Я.Драздовіч, Э.Паўловіч, І.Шрэдар і інш.

Літ.:

Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода: Очерки. Мн., 1969. С. 164—166.

т. 4, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЫ́»,

агульнапрынятая назва прагерманскага рэжыму ў Францыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі (ліп. 1940 — жн. 1944) у 2-ю сусв. вайну. Калабарацыянісцкі ўрад Ф.Петэна размяшчаўся ў г. Вішы (адсюль назва) і кантраляваў амаль трэцюю частку франц. тэрыторыі — т.зв. неакупіраваную зону Паўд. Францыі, якая з ліст. 1942 была занята са згоды вішыстаў герм.-італьян. войскамі.

Літ.:

Наринский М.М. Режим Виши в советских источниках и историографии // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел. маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял. Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

І.М.Каранеўская.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЖА́НКІН (Іван Мікалаевіч) (28.8.1848, г. Варонеж, Расія — 20.11.1904),

рускі батанік; заснавальнік параўнальна-эмбрыялагічнага кірунку ў батаніцы і навук. школы марфолагаў раслін. Праф. (1881). Скончыў Маскоўскі ун-т (1871). Працаваў у ім з 1875. Навук. працы па апладненні ў зялёных водарасцей і голанасенных раслін. Распрацаваў сістэму расліннага свету. Вызначыў паняцце археганіяльных раслін (мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя).

Літ.:

Мейер К.И. И.Н.Горожанкин и его роль в развитии русской ботаники (1848—1904). М., 1966.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Любоў Мікалаеўна) (н. 16.3.1941, в. Хацяноўшчына Мінскага р-на),

бел. літаратуразнавец. Скончыла БДУ (1964). Канд. філал. н. (1973). Працавала настаўніцай, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Выступае ў друку па пытаннях сучаснага літ. працэсу, з артыкуламі, прысвечанымі творчасці П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, А.Пысіна, Р.Барадуліна. Аўтар манаграфій «Аляксей Пысін» (1981), «Зямля бацькоў дала мне права» (1983), «Сатыры слова гнеўнае» (1989), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996; з Т.К.Грамадчанка і А.С.Гурскай).

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4·10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́СКІ СКАРБ.

Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТбел. муз. фальклоры),

устойлівы ансамбль з некалькіх творча раўнапраўных спевакоў. Кожны з іх выконвае ў ансамблі пэўную функцыю, якая асэнсоўваецца як асаблівае майстэрства і замацоўваецца ў спец. тэрміналогіі: запявала «заводзіць» песню, тыя, што вядуць асн. напеў ніжняга голасу, — «басуюць», а выканаўца верхняга сольнага голасу «падводкі» «падымае» песню. Пашыраны пераважна ў паўд. раёнах Беларусі.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971. С. 19—28.

З.Я.Мажэйка.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)