МАЦВЯЁНАК (Мацвеенка) Іван Кузьміч

(3.7.1899, в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — пасля 1959),

бел. гісторык, мовазнавец, краязнавец. Канд. філал. н. (1947). Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1911—15), Смаленскай ваен.-інж. школе (1920—21), скончыў БДУ (1930). З 1916 на настаўніцкай і выкладчыцкай рабоце ў Быхаўскім пав., Рагачове, Магілёве, Мінску (у 1918—20 у Чырв. Арміі). У Вял. Айч. вайну на фронце. З 1947 выкладаў у БДУ, у 1950-я г. ў Горна-Алтайскім пед. ін-це. Пасля 1959 лёс невядомы. Аўтар прац па мовазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі рэв. руху на Магілёўшчыне.

Тв.:

Пытанні краязнаўства ў Рагачоўскім педтэхнікуме // Асвета. 1924. № 2;

Некаторыя краязнаўчыя тэмы Магілёўшчыны // Наш край. 1927. № 3;

Рэвалюцыя 1905 г. на Магілёўшчыне // Сав. краіна 1931. № 3—4;

Развіццё беларускай літаратурнай мовы за 30 год БССР // Сав. школа. 1948. № 6;

О корневом составе лексики восточнославянских языков // Уч. зап. Горно-Алтайского гос. пед. ин-та. 1959. Т. 1, вып. 3.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.​Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.​Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.​Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.​Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.​Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.​Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.​Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.​Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕТРАПО́ЛІТЭН-О́ПЕРА»

(Metropolitan Opera),

вядучы оперны тэатр ЗША. Адкрыты ў 1883 у Нью-Йорку акц. т-вам «Метраполітэн-опера хаўс компані». Адзіны ў ЗША пастаянны оперны т-р (працуе 7 месяцаў у год). Хор, аркестр і дапаможныя калектывы стабільныя; вядучыя салісты і дырыжоры працуюць на кантрактнай аснове. У рэпертуары ням., рус., франц., італьян., амер. оперы (з 1910-х г. на мове арыгінала). Важную ролю ў станаўленні т-ра адыграў першы дырыжор Л.​Дамраш (маст. кіраўнік з 1884). У «М.-о.» выступалі лепшыя прадстаўнікі сусв. вак. культуры, у т. л. рас. Ф.​Шаляпін, Г.​Вішнеўская, А.​Абразцова, М.​Касрашвілі, Ю.​Мазурок, бел. М.​Гулегіна, арм. П.​Лісіцыян, малд. М.​Біешу. Сярод кіраўнікоў т-ра: А.​Тасканіні, Э.​Джонсан, Р.​Бінг; спектаклямі дырыжыравалі Г.​Малер, Тасканіні, Л.​Стакоўскі, Э.​Ансермэ, Б.​Вальтэр, Д.​Мітропулас, К.​Бём, Л.​Бернстайн, Г.​Караян, З.​Мета, Дж.​Лівайн і інш. З 1966 т-р працуе ў новым будынку ў «Лінкальн-цэнтры».

т. 10, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),

міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.

МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).

Г.​А.​Маслыка.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.

Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.

В.​В.​Бараноўскі.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,

першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мураўёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб. самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн. т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.

М.​А.​Тарасава.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШЫ́НЫЯ, мышападобныя,

мышы (Muridae),

сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 5 (6) падсям., 100—120 родаў, больш за 480 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. Актыўныя на змярканні і ноччу. Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Удзельнікі цыркуляцыі інфекц. хвароб. 8 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 роды, 7 відаў (пацукі чорны і шэры; мыш дамавая — Mus musculus; мыш жаўтагорлая — Apodemus flavicollis; мыш лясная — A. silvaticus; мыш-малышка — Micromys minutus; мыш палявая, або жытнік — A. agrarius).

Даўж. цела 5—50 см, хваста да 45 см. Морда выцягнутая, завостраная, вочы і вушы вялікія. Поўсць бурая або шэрая з рыжым ці чорным адценнем. Хвост голы. Кормяцца пераважна насеннем, некат. ўсёедныя. Нараджаюць да 22 дзіцянят, да 10 разоў за год. М. — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў. Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіял. і эталагічных даследаванняў.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 54

Да арт. Мышыныя. Мышы: 1 — дамавая; 2 — палявая; 3 — жаўтагорлая; 4 — лясная.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),

штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс. км². Нас. 5094,3 тыс. чал., у т. л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц.г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд. кВтгадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ (Insectivora),

атрад млекакормячых. 7 сямействаў: кратовыя (гл. Краты), землярыйкавыя (гл. Землярыйкі), вожыкавыя (Erinaceidae), залатакратовыя (Chrysochloridae), скакунчыкавыя (Macroscelididae), тэнрэкавыя (Tenrecidae), шчыліназубыя (Solenodontidae), 52—63 роды, каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Пераважна начныя жывёлы, некат. вядуць падземны (залатакраты, краты) ці паўводны (куторы, хахуля, землярыйка выдравая) спосаб жыцця. Вядомы з мелавога перыяду мезазою (каля 130 млн. гадоў назад). На Беларусі 10 відаў з 4 сямействаў. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў.

Даўж. ад 3 см (белазубка карлікавая) да 44 см (гімнура); маса ад 1,2 г (белазубка карлікавая) да 1,6 кг (вожык звычайны). Вонкава нагадваюць грызуноў. Галава падоўжаная, нос выцягнуты накшталт хабатка. Цела ўкрыта кароткімі валасамі (краты, землярыйкі і інш.), шчаціннем (тэнрэкі), іголкамі (вожыкі). Найб. развітыя нюх і дотык. Маюць мускусныя залозы. Усёедныя, кормяцца пераважна насякомымі (адсюль назва). Нараджаюць 1—6 (некат. віды да 25) дзіцянят да 3 разоў за год. Краты і хахуля — аб’екты промыслу (футра).

А.​М.​Петрыкаў.

Насякомаедныя: 1 — крот звычайны; 2 — белазубка карлікавая.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, Х.​Жычка, К.​Кірэенка, М.​Машара, С.​Шушкевіч і інш.

Тв.:

Бел пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.

Літ.:

Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.

А.​У.​Вострыкава.

Дж.Нейман.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)