ПЕЛАПІ́Д (Pelopidas; каля 410 да н.э., г. Фівы, Грэцыя — 364 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 379 адзін з арганізатараў антыспартанскага дэмакр. перавароту ў Фівах. З 378 шмат разоў выбіраўся ў калегію гал.дзярж. чыноўнікаў (беатархаў) Беатыйскага саюза. Пад яго кіраўніцтвам фіванцы перамаглі спартанцаў каля Танагры (377), Тэгіры (375), Леўктраў (371). З 369 кіраваў ваен. дзеяннямі фіванцаў супраць Македоніі і тырана г. Фер Аляксандра; загінуў у бітве з ім каля Кінаскефалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМАЛІЁН,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі скульптар, цар в-ва Кіпр, які закахаўся ў выразаную ім са слановай косці статую дзяўчыны-прыгажуні Галатэі. У адказ на маленне П. багіня Афрадыта ажывіла статую. У пераносным сэнсе П. — чалавек, закаханы ў свой твор. Сюжэт «П. і Галатэя» неаднаразова выкарыстаны ў л-ры (Ж.Ж.Русо, Б.Шоу і інш.) і мастацтве (Ф.Бушэ, Э.М.Фальканэ і інш.).
Пігмаліён і Галатэя. Скульптар Э.М.Фальканэ. 1763.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́Ў,
адносна вузкая водная прастора, якая раздзяляе якія-небудзь участкі сушы і злучае сумежныя водныя басейны або іх часткі. Звычайна П. мае свой асобны гідралагічны рэжым, які залежыць ад рэжыму злучаных ім вадаёмаў або частак вадаёмаў, даўжыні, шырыні і глыбіні П. Макс. памеры: даўж. 1760 км (Мазамбікскі П. паміж Афрыкай і в-вам Мадагаскар), шыр. да 1120 км (П. Дрэйка, паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі, злучае Атл.ак. з Ціхім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,
гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.П.Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал.ч. партрэты і факсіміле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТКЕ́ВІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва каля в. Руткевічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Парк рэгулярнага тыпу з элементамі больш позняй пейзажнай планіроўкі. Пл. 5 га. Захаваліся 4 невял. тэрасы, фрагменты ліпавых прысад. Да парку прымыкае пладовы сад. У ім растуць каля 80 відаў і форм раслін: з мясц. парод — елка, ліпа, вярба, язмін садовы; з экзотаў — елка блакітная, туя зах., лістоўніца польская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ ЦЯ́ГА.
рэактыўная сіла, сіла рэакцыі (аддачы) струменя, што ствараецца ў выніку выцякання газаў (ці інш. рабочага цела) з сапла рэактыўнага рухавіка. Фізічна Р.ц. — раўнадзейная ўсіх сіл ціску рабочага цела на паверхні рухавіка; накіравана ўздоўж восі сапла ў адваротны бок адносна вектара скорасці выцякання газаў. Выклікае перамяшчэнне ў прасторы рэактыўнага рухавіка і канструктыўна звязанага з ім апарата. Велічыня Р.ц. рухавікоў ад некалькіх міліньютанаў (мікраракетныя рухавікі) да 10—15 МН у цвердапаліўных ракетных рухавікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САС»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 300 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Даніловічы, Скольскія, Сялецкія, Урускія, Шапціцкія. Асн. варыянт герба мае ў блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім паміж дзвюма 6-канцовымі залатымі зоркамі сярэбраная страла ўгору. Клейнод — над прылбіцай з каронай паўлінавыя пёры, прабітыя стралой. Існуюць варыянты герба з 3 зоркамі над маладзіком, з чырв. полем і стралой уніз і інш. Вядомы з сярэдзіны 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ТЫЛА (Totila), Бадуіла (?—552),
кароль остготаў у Італіі [541—552]. Узначаліў барацьбу остготаў супраць Візантыі, якая імкнулася заваяваць остгоцкае каралеўства ў Італіі. Залучаў у сваё войска беглых рабоў і калонаў, даваў ім свабоду; канфіскоўваў землі рым. арыстакратыі і хрысціянскай царквы, раздаваў іх сваім воінам. Атрымаў шэраг перамог над візант. войскамі: у 546 узяў Рым, адваяваў б.ч. Італіі, Сіцылію, Сардзінію і Корсіку. У 552 у бітве каля Тагіна армія Т. разгромлена, а ён смяротна паранены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРЫВА́ЛЬНІЦТВА ЗЛАЧЫ́НСТВАЎ,
дзейнасць, якая звязана з учыненнем злачынства, але не з’яўляецца саўдзельніцтвам у ім; адна з форм дачынення да злачынства. Праяўляецца ў хаванні злачынца, прылад і сродкаў учынення злачынства, прадметаў, набытых злачынным шляхам. Гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца асобай пасля таго, як адпаведнае злачынства адбылося, і таму не знаходзяцца ў прычыннай сувязі са злачынным вынікам. КК Рэспублікі Беларусь устанаўляе крымін. адказнасць за У.з. (цяжкіх і асабліва цяжкіх), якое не было загадзя абяцана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСАЧО́Ў Аляксандр Фёдаравіч (23.11.1907, Масква — 22.11.1949),
бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1942). Скончыў Маск. муз. тэхнікум імя Кастр. рэвалюцыі (1930), вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. Кіраваў армейскімі хар. аматарскімі калектывамі. З 1938 маст. кіраўнік і дырыжор арганізаванага ім Ансамбля песні і танца БВА. Яму ўласцівы музыкальнасць, тонкі густ, імкненне да чысціні хар. гучання. Аўтар ваенна-патрыят. песень, у т. л. «Песні пра Даватара», «Песні пра Бялова», апрацовак бел.нар. песень для ансамбля.